у археалогіі дробныя дэталі складаных, састаўных прылад працы, якія вырабляліся з крэменю ў эпоху каменнага веку пераважна ў мезаліце. Матэрыялам для М. служылі невял. крамянёвыя абломкі тонкіх вузкіх пласцін або адшчэпаў, што апрацоўваліся спосабам стромкага рэтушавання іх краёў. Сярод М. вылучаюцца вастрыі некалькіх тыпаў і вырабы геаметрычна дакладных форм, мікраразцы, рэжучыя ўстаўкі з прытупленым рэтушшу краем і інш. М. звычайна ўстаўлялі ў пазы касцяных ці рэчавых апраў, у дрэўкі стрэл і наканечнікі дзідаў, з іх складалі лёзы кінжалаў, шыпы гарпуноў. Іх замацоўвалі ў прыладах з дапамогай смалы. Вытворчасць М. — характэрная рыса культур тардэнуаза, каморніцкай, кудлаеўскай, рудавостраўскай, яніславіцкай і інш. Пры раскопках трапляюцца на ПдУ Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУНЕПАДО́БНЫЯ (Perciformes),
самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).
Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЗО́РКІ (Asteroidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу ігласкурых. Вядомы з ардовіку (каля 400 млн. гадоў назад). З вымерлыя і 8 сучасных атр., 30 сям., 300 родаў, больш за 1500 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне, да глыб. 10 км. На Беларусі вапнавыя шыпы М.з. знойдзены ў сярэднеардовікскіх адкладах.
Памеры ад 1 см да 1 м. Цела звычайна мае форму 5-прамянёвай, часам многапрамянёвай (да 50 прамянёў) зоркі або пяцівугольніка. Многія ярка афарбаваны. Шкілет унутраны. Шкілетныя пласцінкі скуры ўзброены шыпамі, іголкамі, часам педыцылярыямі (гл.Марскія вожыкі). Рухаюцца з дапамогай амбулакральных ножак. Пераважна драпежнікі. кормяцца малюскамі і інш. беспазваночнымі, некат. грунтаеды. Большасць раздзельнаполыя. Развіццё з метамарфозам (плаваючая лічынка); некат. жывародныя. Здольныя да рэгенерацыі страчаных частак цела.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́ТЫ (Batomorpha, або Batoidei),
надатрад пласцінажабравых рыб. Вядомы з верхняй юры, шматлікія з верхняга мелу (каля 200—140 млн.г. назад). 5 атр.: піларылападобныя (пілы-рыбы), гнюсападобныя, або эл. С. (Torpediniformes), хвастаколападобныя (Dasyatiformes), ромбаскатападобныя (Rajiformes) і рохлепадобныя (Rhinobatiformes). 14 (16) сям., каля 50 родаў, 350 відаў. Пашыраны ў акіянах, трапляюцца на мелкаводдзі і да глыб. 2700 м, ёсць прэснаводныя (у бас.р. Амазонка і інш.). Прыдонныя рыбы, акрамя мантавых і хвастаколавых, якія жывуць у тоўшчы вады.
Даўж. ад некалькіх сантыметраў да 7 м, маса да 2,5 т. Цела плазаватае, шырокае, дыска- або ромбападобнае. Скура голая або ўкрыта шыпамі. Зубы шыпападобныя ці пляскатыя, закругленыя Жабравых адтулін 5, на брушным баку. Грудныя плаўнікі вял., іх краі зрошчаны з бакамі галавы і тулава. Спінныя плаўнікі на хвасце або адсутнічаюць. Хвастаколападобныя маюць калючыя хваставыя шыпы з яданоснай залозай, гнюсападобныя — эл. органы па баках цела. Бентафагі і драпежнікі. Жывародныя і яйцажывародныя; ромбаскатападобныя адкладваюць яйцы. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАЗА́ЎРЫ (Dinosauria),
самая шматлікая група вымерлых паўзуноў падкл. архазаўраў. 2 атр.: Д. яшчаратазавыя (Saurischia) і Д. птушкатазавыя (Omithischia). Больш за 600 відаў. Паходзілі ад трыясавых архазаўраў — тэкадонтаў, вядомы з трыясу да мелу на ўсіх мацерыках (акрамя Антарктыды). Росквіт у юрскім перыядзе. Паявіліся на Зямлі каля 225 млн., вымерлі каля 65 млн. гадоў назад.
Даўж. цела ад 20—60 см (кампсагнаты) да 30 м, маса ад 3 кт да 136 т (ультразаўр). Галава адносна малая, поласць чэрапа зусім маленькая. Тазавы пояс у Д. яшчаратазавых 3-прамянёвы, у птушкатазавых 4-прамянёвы. Першыя з Д. яшчаратазавых (тэраподы) хадзілі на 2 нагах, пярэднімі канечнасцямі захоплівалі здабычу. Д. яшчаратазавыя — драпежнікі, ад іх паходзілі расліннаедныя (заўраподы); буйныя, хадзілі на 4 нагах (апатазаўры, брахіязаўры, дыпладокі). Д. птушкатазавыя спачатку ўстойліва трымаліся і хадзілі на 2 нагах (арнітаподы), потым на 4. Некат. з іх мелі шыпы і пласціны на спіне і хвасце (стэгазаўры) ці панцыр і рогі на галаве (цэратапсы), цела было ўкрыта панцырам (анкілазаўры). Адкладвалі яйцы. Кіроўныя выкапнёвыя (з дапамогай іх рэшткаў вызначаюць геал. ўзрост кантынентальных адкладаў).