Шыпы (у раслін) 11/391, 468

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНГУ́СТЫ

(Palinurus),

род беспазваночных жывёл атр. дзесяціногіх ракападобных. 5 відаў. Пашыраны на шэльфе трапічных і субтрапічных мораў. Жывуць на камяністым дне, у расколінах скал.

Даўж. да 75 см, маса да 13 кг і больш. Цела і тоўстыя антэны маюць моцныя шыпы. Начныя жывёлы. Кормяцца жывёльным кормам, пераважна малюскамі. Развіццё з ператварэннем. Аб’ект промыслу і развядзення.

Лангуст.

т. 9, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫ́ЦЫЙ

(Hericium),

род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (Н. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.

Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНКІЛАЗА́ЎРЫ,

(Ankylosauria), панцырныя дыназаўры, падатрад выкапнёвых паўзуноў атр. птушкатазавых дыназаўраў. Рэшткі вядомы з адкладаў сярэдняй і верхняй юры Зах. Еўропы і мелу Паўн. Амерыкі, Зах. Еўропы і Аўстраліі. 2 сям., каля 25 родаў, 40 відаў.

Даўж. да 9 м. Мелі шырокае, сплюшчанае цела, зверху ўкрытае касцянымі шыпамі і панцырнымі пласцінкамі, злітымі ў суцэльны панцыр (адсюль другая назва). На канцы хваста, які служыў актыўным сродкам абароны ад драпежных дыназаўраў, былі вострыя шыпы. Карміліся расліннасцю.

т. 1, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНТО́ДЫ

(Acanthodei),

клас вымерлых рыб. Вядомы з адкладаў позняга сілуру — ранняй пермі Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі, Антарктыды. 4 атрады. На Беларусі рэшткі акантод (луска, шыпы) знойдзены ў адкладах ніжняга і сярэдняга дэвону. Жылі пераважна ў прэсных вадаёмах з імклівым цячэннем, радзей у лагунах і морах. У асноўным планктафагі. Магчыма, ад прымітыўных акантод адасобіліся храстковыя і касцявыя рыбы.

Даўж. да 0,5 м. Цела верацёнападобнае, з дробнымі касцявымі пласцінамі на галаве, з шыпамі (іхтыядаруліты) перад усімі плаўнікамі, акрамя хваставога. Луска ганоіднага тыпу.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАНІ́КА, маліна неская (Rubus nessensis),

кветкавая расліна сям ружавых. Пашырана ў Еўропе; на Беларусі — усюды. Трапляецца ў лясах, па берагах рэк. Нар. назва — дуброўка.

Паўкуст выш. 50—100 см з прамастойнымі сцёбламі. Знешне падобная да ажыны, адрозніваецца пладамі без шызага налёту і граністымі парасткамі першага года. Лісце пяціпальцае з прылісткамі, чаргаванае. На сцёблах і чаранках лісця пурпурова-чорныя шыпы. Кветкі буйныя, белыя, па 5—12 у шчытках. Плод — малінава-чорная шматкасцянка, ядомы (спажываюць у свежым выглядзе, гатуюць варэнне, джэмы, мармелады, сокі).

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАМО́ЛЫ

(Mantoptera, Mantodea),

атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).

Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.

т. 2, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУНЕПАДО́БНЫЯ

(Perciformes),

самы шматлікі атр. касцістых рыб. Уключае 21 падатр., 150 сям., каля 1200 родаў, 6,5 тыс. марскіх і прэснаводных відаў (каля 40% ад агульнай колькасці ўсіх відаў рыб). У вадаёмах Беларусі 4 віды сям. акунёвых (акунь звычайны, судак, джгір звычайны, джгір-насар), па аднаму віду бычковых (бычок-пясчанік) і падкаменшчыкавых (падкаменшчыкі).

Даўж. 1 см—5 м, маса ад доляў грама да 900 кг. Маюць звычайна 2 спінныя плаўнікі з калючкамі; брушныя плаўнікі складаюцца з прамянёў (не болей як 6) і знаходзяцца пад груднымі або наперадзе іх. Плавальны пузыр не злучаны з кішэчнікам. Луска найчасцей ктэноідная. Ёсць шыпы на галаве, верхнія і ніжнія рэбры. Акунепадобныя з’явіліся ў верхнім меле, большасць сямействаў вядома з эацэну. Многія акунепадобныя — каштоўныя прамысл. рыбы, шэраг відаў разводзіцца ў акварыумах.

т. 1, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)