галіна машынабудавання, што выпускае прадукцыю для выпрацоўкі электраэнергіі, перадачы яе спажыўцам і пераўтварэння ў інш. віды энергіі — механічную, светлавую, цеплавую, хімічную. На прадпрыемствах Э.п. выпускаюць: трансфарматары і трансфарматарныя падстанцыі, панэлі кіравання электрастанцый і электрашчыты, электрарухавікі, сілавыя і паўправадніковыя вентылі для аўтамаб. і трактарных рухавікоў, кабельную прадукцыю, электраапаратуру, сродкі сігналізацыі і сувязі, рэнтгенаўскае абсталяванне, быт. электрапрылады.
Э.п. узнікла ў 1880-я г. і асабліва хутка развівалася ў ЗША і Германіі. У Расіі да 1917 былі толькі філіялы замежных кампаній. Атрымала развіццё з прыняццем дзярж. праграмы па электрыфікацыі, калі пабудаваны прадпрыемствы ў С.-Пецярбургу, Маскве, Новасібірску, Самары і інш.Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі.
На Беларусі першыя вырабы Э.п. выпускаў Альбярцінскі электралямпавы завод. У 1940 зроблена 7,7 тыс.шт. электрарухавікоў агульнай магутнасцю 11,8 тыс.кВт. У наш час працуе каля 60 прадпрыемстваў. Э.п. Гомельскі завод «Электраапаратура» (узнік на базе пабудаванага ў 1946 з-да «Штамп») вырабляе нізкавольтную і высакавольтную апаратуру, панэлі шчытоў размеркавання, трансфарматарныя падстанцыі, быт. тэхніку і інш. З 1956 працуе Мінскі электратэхнічны завод, які спецыялізуецца на вырабе трансфарматараў, электрападстанцый; з 1966 — Брэсцкі электралямпавы завод, які выпускае больш за 120 відаў лямпаў напальвання. Электрарухавікі розных відаў вырабляюць Лунінецкі завод «Палессеэлектрамаш», Магілёўскі завод «Электрарухавік», з-д «Этон» у Новалукомлі. Кабельную прадукцыю выпускаюць Гомельскі кабельны завод, Мазырскі кабельны завод. Электраабсталяванне для запальвання пуску рухавікоў унутр. згарання, магнета вырабляюць на Барысаўскім заводзе аўтатрактарнага электраабсталявання. Прадукцыя Э.п. выпускаецца на прадпрыемствах Баранавіч, Ваўкавыска, Віцебска, Ліды, Маладзечна, Паставаў і інш. У 2001 з Беларусі экспартавана 76,8 млн.шт.эл. і газаразрадных лямпаў напальвання, 105,8 тыс.шт.эл. трансфарматараў, 149,4 тыс.шт.эл. рухавікоў і генератараў, 16,9 тыс.т ізаляваных правадоў. Сярод краін-імпарцёраў Расія, Украіна, Малдова, краіны Балтыі, Чэхія, Польшча, Турцыя, Францыя і інш. У 1995 выраблена электрарухавікоў пераменнага току 211 тыс.шт., сілавых трансфарматараў агульнай магутнасцю 2493 тыс. кВА, электралямпаў асвятляльных 130 млн.шт., кабельных вырабаў па масе медзі 2,5 тыс.т (у 2001 адпаведна 403 тыс.шт., 2999 тыс. кВА, 105 млн.шт., 5 тыс.т).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРФО́Р (тур. farfur, fagfur ад перс. фегфур),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго; разнавіднасць керамікі. Вызначаецца вода- і газанепранікальнасцю, мех. трываласцю, высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, тэрмічнай і хім. устойлівасцю (устойлівы ў кіслотах, акрамя плавікавай).
Паводле складу сыравіны (асн. кампаненты — пластычная вогнетрывалая гліна, каалін, кварц, палявы шпат) і рэжыму абпалу адрозніваюць Ф. цвёрды і мяккі. Атрымліваюць абпальваннем фармаваных вырабаў. Фармаванне ажыццяўляюць паўсухім або вільготным прасаваннем, ліццём у гіпсавыя формы і інш. Паверхню Ф. звычайна пакрываюць белай або каляровай палівай, без палівы Ф. наз. бісквітам. Выкарыстоўваюць цвёрды Ф. для вырабу вузлоў і дэталей хім. апаратуры, эл. ізалятараў, санітарна-тэхн. абсталявання, труб, мяккі — быт. і маст. вырабаў.
2) У мастацтве посуд, дробная пластыка і інш.маст. вырабы з белай абпаленай пры высокай тэмпературы масы са спец. дамешкамі, якая вызначаецца няпорыстай будовай і прасвечваецца ў тонкім слоі.
Найстараж. вырабы з Ф. вядомы з 4—6 ст. у Кітаі. Своеасаблівыя варыянты вытв-сці Ф. вядомы ў Японіі і Карэі. Пазней Ф. пашырыўся ў інш. краінах Азіі. У Зах. Еўропе ў 16—18 ст. вырабляўся мяккі фарфор з легкаплаўкай сілікатнай масы, знешне падобны да Ф. (гл.Сеўрскі фарфор); яго разнавіднасць — касцяны Ф. з перапаленай косцю (Вялікабрытанія, 18 ст.). У Германіі паўнацэнны Ф. атрымаў у 1709 І.Ф.Бётгер пры садзеянні Э.В.Чырнгаўза; у выніку засн.вытв-сцьмайсенскага фарфору. Склад і тэхналогію Ф. ў Расіі распрацаваў у 1740-я г. Дз.Вінаградаў. У сав. час набыў вядомасць агітацыйны Ф.
На Беларусі Ф. вырабляюць з 1951 на Мінскім фарфоравым заводзе, з 1978 — і на Добрушскім фарфоравым заводзе. У аздабленні выкарыстоўваюць падглазурную і надглазурную размалёўку, дэколі, штамп, аэраграфію і інш.Бел. мастакі-керамісты ствараюць узоры для масавай вытв-сці чайна-кававых сервізаў, сталовага посуду, ваз, набораў для спецый, чайнікаў, статуэтак, сувеніраў і інш. Вылучаюцца работы Р.Алёшынай, Л.Багданава, М.Бяляева, І.Гагалушкі, М. і Л. Гатальскіх, В.Гаўрылава, В.Данчук, В.Кірыленкі, В.Леантовіча, Г.Літвіненкі, М.Міхалапа, І.Прохарава, Л.Рыжкоўскага, А.Федуся, Э.Фокінай. З Ф. ствараюць пластычна выразныя дэкар. станковыя кампазіцыі, выкарыстоўваюць для аздаблення інтэр’ераў грамадскіх будынкаў (Бяляеў, У.Васюк, В.Іванькова, В. і Л. Кавальчукі, Л.Малышаў і інш.).
Літ.:
Мороз И.И. Технология фарфоро-фаянсовых изделий. М., 1984.
В.Г.Гаўрылюк (у мастацтве).
Да арт.Фарфор. Ваза «Шампальён». Горад Сеўр. Францыя. 18 ст.Да арт.Фарфор. Л.Багданаў. Анімалістычная пластыка.Да арт.Фарфор. Я.Малышаў. Набор «Супрэматычныя мелодыі». 1999.Да арт.Фарфор. В.Леантовіч. Набор «Слуцкі». 1998.