Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЗАВО́Д «ЭЛЕКТРААПАРАТУ́РА».
Пачаў сваю дзейнасць ў 1946 з завода прамысл. кааперацыі «Штамп» па выпуску гасп. посуду і электрапрыбораў. З 1956 — з-д металабытавых вырабаў. З 1958 — сучасная назва. Асн. прадукцыя: нізкавольтная апаратура (пускальнікі электрамагнітныя, прылады ахоўнага адключэння, кантактары, цеплавыя рэле) і быт. тэхніка (разеткі, выключальнікі, падаўжальнікі, электрапрасы, электрапліткі; смажыльныя шафы, электраміксеры, электрабігудзі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЛАТ,
1) машына ўдарнага дзеяння для апрацоўкі метал. загатовак ціскам. Мае ўдарную ч. (поршань, шток, бабу), масіўную аснову — шабат, што ўспрымае ўдар, станіну, прывод і механізм кіравання. Бываюць парапаветраныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя, мех. і інш. Выкарыстоўваюцца для коўкі (ковачныя М.) і аб’ёмнай ці ліставой штампоўкі (штамповачныя М.).
Рычажныя М. з ручным прыводам вядомыя з 13—14 ст. У пач. 16 ст. з’явіліся М. з прыводам ад вадзянога кола — т.зв. сярэднебойныя (Германія) і хваставыя (Францыя, Італія, Вялікабрытанія). Пазней узніклі т.зв. лабавыя і таўкачовыя, а таксама М. інш. канструкцый. У сярэдзіне 18 ст. сталі ўжываць М. з паравым прыводам. Першы паравы М., у якім пара непасрэдна прыводзіла ў рух рухомыя часткі, сканструяваў англ. машынабудаўнік Дж.Несміт (патэнт 1842). У пач. 20 ст. пачалі выкарыстоўваць М. з электрапрыводам, у 1940-я г. — выбуховыя, у 1950-я г. — высокахуткасныя газавыя.
2) Буд. машына для забівання ў грунт паляў, шпунтоў і інш., разнавіднасць палябойнага абсталявання. Бываюць ударнага і вібрацыйнага (гл.Вібрамолат) дзеяння; парапаветраныя, дызельныя (гл.Дызель-молат) і мех. (з прыводам ад лябёдкі). Выкарыстоўваюцца ў мостабудаванні, гідратэхн., дарожным, прамысл. і інш. буд-ве.
3) Ручны інструмент для коўкі металаў. Малыя М. наз. ручнікамі, вял. цяжкія — кувалдамі (гл. ў арт.Кавальскі інструмент).
У.М.Сацута.
Схемы асноўных тыпаў молатаў: а — парапаветранага; б — пнеўматычнага; в — гідраўлічнага; г — механічнага з гнуткай сувяззю; д — які працуе па цыкле рухавіка ўнутранага згарання; е — электрамагнітнага; 1 — поршань; 2 — шток; 3 — баба; 4 — накіравальныя станіны; 5 — верхні баёк (ці штамп); 6 — ніжні баёк (ці штамп); 7 — шабот; 8 — гідрацыліндр; 9 — рэмень; 10 — электрамагніт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІШЭ́ (франц. cliché),
1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.
Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл.Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл.Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.
2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЦКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы рамеснікаў з г.п. Бешанковічы Віцебскай вобл. Вядомая са стараж. часоў. У 1930-я г. працавала каля 30 майстроў«паліўнікаў», якія выраблялі паліваны посуд (гаршкі, гарлачы, збаны, слоі, міскі, глякі, цукарніцы і інш.). Бешанковіцкая кераміка вылучалася простымі геам. формамі, светла-чырвоным колерам, амаль поўнай адсутнасцю дэкору (зрэдку ўжываўся геам.штамп), разнастайнымі памерамі, у залежнасці ад якіх вырабы мелі розныя назвы: 10-літровы гаршчок называўся «штука», 5-літровы — «пугар», 2,5-літровы — «пяцярык», літровы — «семярык» і г.д. 100 «штук» складалі камплект. Была пашырана вытв-сць цацак. У 1934 створана арцель, пазней — прамкамбінат (існаваў да 1945). У 1950—70-я г. промыслам займаліся асобныя майстры, сярод якіх А.С.Бельскі, Т.Дз.Балтовіч.