МСЦІСЛА́ВА АБАРО́НА 1659 Адбылася ў г. Мсціслаў у студз. — крас. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мэтай рус. войск было падаўленне гараджан і ўзбр. атрадаў палк. І.Рытара, ротмістра А.Сутоцкага, казацкага сотніка Гермы, «стражніка шляхты» В.Крываноса, паручніка Зімніцкага, якія здрадзілі прысязе на вернасць цару. Абаронцаў Мсціслава было больш за 3 тыс. чал. (шляхта, конныя і пешыя казакі), 300 укр. казакоў, якіх прыслаў на дапамогу гетман І.Выгоўскі. З 5.2.1659 рас. войскі на чале з кн. І.Лабанавым-Растоўскім пачалі аблогу Мсціслава. Нягледзячы на настойлівыя прыступы, горад выстаяў. У сак. на дапамогу асаджаным прыйшлі казакі І.Нячая, атрад брата Выгоўскага Самойлы і палк. Аскірка «са многими людьми». 21 сак. яны атакавалі рус. войска, але беспаспяхова. Больш чым двухмесячная блакада падарвала сілы абаронцаў. У пач. крас. 1659, паводле заявы Лабанава-Растоўскага, «полковник Рытар и шляхта и казаки и всяких чинов жилецкие люди ему великому государю добили челом и город Мстиславль сдали».
В.І.Мялешка.
т. 10, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЧКА, тарантас,
выязны чатырохколавы экіпаж для коннай запрэжкі, прыстасаваны для камфортнай пасажырскай язды. Кузаў быў звычайна адкрыты, больш нізкі ў сярэдняй частцы, з падножкамі для пасадкі, козламі для вазніцы, сядзеннем для пасажыраў. З’явілася ў Зах. Еўропе ў 17 ст., на Беларусі пашырылася ў сярэдзіне 19 ст. (ёю карысталася пераважна шляхта і заможныя сяляне). З шырокага ўжытку выйшла ў 1930—40-я г.
т. 3, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙЦ (Ніна Мікалаеўна) (11.1.1912, Баку — 7.12.1983),
бел. актрыса. Скончыла дзярж. драм. курсы пры Бел. тэхнікуме сцэн. мастацтва (1932) і да 1971 працавала ў Бел. т-ры імя Я.Купалы. Яе гераіні — простыя жанчыны, натуральныя, жыццёвыя, каларытныя: Бабка («Салавей» З.Бядулі), Куліна («Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча), Аўгіння («На крутым павароце» К.Губарэвіча), Бабка («Таня» А.Арбузава), Бальзамінава («Жаніцьба Бальзамінава» А.Астроўскага) і інш.
т. 5, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ,
службовая асоба ў Польшчы (з 13 ст.) і ВКЛ (з 16 ст.). У час войнаў, калі шляхта з паспалітым рушэннем пакідала маёнткі, наглядаў за парадкам у павеце і апекаваў тых, хто застаўся ў маёнтках. У Польшчы войскія былі гродскія і земскія, у ВКЛ толькі земскія (адзін на павет), якія падпарадкоўваліся старосту павятовага горада. Пасада войскага ў ВКЛ была дыгнітарскай (прыдворнай).
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ШЫЦКІ ПРЫВІЛЕ́Й 1374 Выдадзены польскім каралём Людовікам I Анжуйскім (ён жа і венг. кароль) 17 вер. пасля перагавораў з прадстаўнікамі польскай шляхты на з’ездзе ў г. Кошыцы (Славакія). Шляхта задаволіла дынастычныя прэтэнзіі Людовіка, ён у адказ пашырыў на ўсю шляхту правы і прывілеі, якімі раней карысталіся вышэйшыя свецкія і духоўныя феадалы. К.п. вызваляў шляхту ад усіх павіннасцей, акрамя невял. падатку з зямельных уладанняў і нясення вайск. службы, гарантаваў ёй выключнае права займаць дзярж. пасады.
т. 8, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦКІ СУД,
прыватнаўласніцкі суд у ардынацыях Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Склад суда вызначаў уладальнік ардынацыі (ардынат), звычайна ў яго ўваходзілі староста (намеснік) ардынацыі, падстароста, пісар. Ардынацкі суд мог наз. замкавым або гродскім судом. Аб’ядноўваў функцыі дзярж. гродскага суда і земскага суда, разглядаў маёмасныя, крымінальныя і грамадзянскія справы. Падсуднымі ардынацкага суда былі залежныя ад уладальніка ардынацыі шляхта, мяшчане, ваеннаслужачыя, татарскае і яўрэйскае насельніцтва і інш. Суд вёўся паводле нормаў агульнадзярж. права, мог выносіць і смяротныя прысуды. На Беларусі ардынацкія суды дзейнічалі ў Нясвіжы (сесіі таксама ў Міры), Клецку, Давыд-Гарадку.
т. 1, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПТУРО́ВЫ СУД,
часовы надзвычайны суд у Рэчы Паспалітай па разгляду тэрміновых спраў у часы бескаралеўя. Са смерцю манарха звычайныя суды, якія ажыццяўлялі правасуддзе імем караля, спынялі сваю дзейнасць (акрамя гродскіх). Упершыню К.с. створаны канфедэрацыяй шляхты пасля смерці Жыгімонта II у 1572. Стафан Баторый прызнаў К.с. і зацвердзіў іх пастановы (выракі). Пасля яго смерці ў 1586 малапольская шляхта выбрала каптуровых суддзяў у асобе ваявод. Іх зацвердзіў Варшаўскі канвакацыйны сейм 1587, які дазволіў выбраць К.с. ва ўсіх ваяводствах, у т. л. ў ВКЛ. Практыку ўтварэння К.с. скасаваў сейм 1768.
т. 8, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНЕ́ВІЧ (Фелікс) (1802, Мазыршчына — 1863),
удзельнік паўстання 1830—31. Вучыўся ў Віленскім ун-це. У маі 1831 узначаліў паўстанне ў Мазырскім пав. У створаны ім паўстанцкі атрад уваходзілі сяляне, шляхта, чыноўнікі. У чэрв. 1831 пасля няўдалай спробы захапіць Мазыр, атрад вымушаны быў перанесці дзеянні ў Рэчыцкі пав. Пасля паражэння паўстання эмігрыраваў у Галіцыю. У 1833 у Францыі. Удзельнічаў у паліт. жыцці польскай эміграцыі. Паводле некат. звестак у 1835—39, 1844—46 быў эмісарам на Палессі, у Галіцыі, на Валыні, у Коўне. У 1857, скарыстаўшы амністыю, вярнуўся ў Мазыр.
В.В.Швед.
т. 8, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯША́ЎСКІЯ СТАТУ́ТЫ 1454,
прывілеі, дадзеныя польскім каралём Казімірам IV шляхце каля г. Няшава (адсюль назва) за падтрымку ў вайне з Тэўтонскім ордэнам і ў яго барацьбе з магнатамі. Адмянялі выключнае права магнатаў займаць вышэйшыя дзярж. пасады, рэгулявалі судаводства і мясц. кіраванне на карысць шляхты, адначасова значна абмяжоўвалі каралеўскую ўладу. Н.с. замацоўвалі паліт. перавагу шляхты як саслоўя. Выданне законаў, рашэнне пытанняў вайны і міру маглі ажыццяўляцца толькі са згоды шляхецкіх земскіх сеймікаў. Шляхта вызвалялася ад суда каралеўскіх чыноўнікаў (за выключэннем асобных выпадкаў). Н.с. часткова абмяжоўвалі правы гарадоў.
т. 11, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́ЛІЦА,
1) тое, што ваколіца.
2) Тып сельскага паселішча ў Польшчы, Літве, на Украіне і Беларусі ў 16 — пач. 20 ст. Узнікла ў выніку валочнай памеры як паселішча дробнай шляхты, што не мела прыгонных і займалася сельскай гаспадаркай (гл. Ваколічная шляхта). На Беларусі найб. пашырана на З. У 2-й пал. 16 ст. ў Гродзенскім пав. існавала 37 аколіц. У канцы, 18 ст. ў Мінскай губ. было 70 аколіц, у сярэдзіне 19 ст. — 149. Складалася з 3—70 двароў. Забудова была бессістэмная. Назвы пераважна па прозвішчах тых радоў, якія іх засялялі (Абуховічы, Кулікі, Эйсманты).
т. 1, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)