КАТАВІ́ЦЫ (Katowice),

горад на Пд Польшчы, цэнтр Верхнесілезскай агламерацыі (аб’ядноўвае каля 20 гарадоў). Вядомы з 1598. 369 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Каменнавугальныя шахты; чорная і каляровая металургія; разнастайнае машынабудаванне, харч., фарфора-фаянсавая, паліграф. прам-сць. Ун-т, мед., эканам., фіз. выхавання, муз. акадэміі. Вышэйшая духоўная семінарыя. Філіял Польскай АН. Філармонія. Тэатры. Паблізу, на г. Св. Ганны — помнік сілезскім паўстанцам 1919—21.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎЗАН (Барыс Іванавіч) (7.4.1922, г. Шахты Растоўскай вобл., Расія — 31.8.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Беларус. Скончыў Бабруйскі аэраклуб, Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1940). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, лётчык-знішчальнік, удзельнік абароны Гомеля. Адзіны ў свеце лётчык, які тараніў 4 варожыя самалёты. Зрабіў 380 баявых вылетаў, правёў 127 паветр. баёў, збіў 28 самалётаў праціўніка. Да 1958 у Сав. Арміі.

Б.І.Коўзан.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЦКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН, Данбас,

на тэр. Днепрапятроўскай, Данецкай, Луганскай абласцей Украіны і Растоўскай вобл. Расіі; адна з важнейшых паліўна-энергет. баз Еўропы. Пл. каля 60 тыс. км² (выцягнуты на 650 км у шыротным напрамку, пры макс. шыр. 200 км). Ахоплівае слабаўзвышаную стэпавую раўніну паміж р. Северскі Данец і Азоўскім м. У цэнтр. ч. басейна размешчаны Данецкі краж. Данбас складзены пераважна з асадкавых парод палеазою, мезазою і кайназою, якія залягаюць на крышт. пародах дакембрыйскага фундамента. Пласты і праслоі вуглёў характэрны для ўсяго разрэзу каменнавугальных адкладаў. Агульныя запасы вугалю да глыб. 1800 м — 140,8 млрд. т.

Звесткі пра каменны вугаль у Данбасе вядомы з канца 16 — пач. 17 ст. Сістэматычныя даследаванні з 1820-х г., прамысл. асваенне з канца 19 ст. Сярэдняя магутнасць рабочых пластоў 0,6—1,2 м. Колькасць пластоў у вугляноснай тоўшчы да 300. Вуглі каменныя (антрацыты, газавыя, каксавальныя, бедныя). Цеплыня згарання 21,2—26,1 МДж/кг. Здабыча вядзецца на глыб. 400—800 м, некат. шахты маюць глыб. 1 км і больш. Асн. цэнтры здабычы — гарады Данецк, Макееўка, Горлаўка, Лісічанск, Краматорск, Шахты, Паўлаград і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІВІ́ЦЫ (Gliwice),

горад на Пд Польшчы, у Катавіцкім ваяв. Вядомы з 13 ст. 216 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел, порт на Глівіцкім канале. Важны прамысл. цэнтр у Верхнесілезскай агламерацыі. Вугальныя шахты, чорная металургія, коксахімія, цяжкае і пад’ёмна-трансп. машынабудаванне, эл.-тэхн., хім., харч. прам-сць. Сілезскі політэхн. ін-т. Т-р аперэты. Музей. Касцёлы: гатычны (15 ст.), познагатычны (15, 16 ст.), барочны касцёл і кляштар рэфарматаў (17 ст.).

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ШКІН (Барыс Лаўрэнцьевіч) (12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САЎ (Павел Ферапонтавіч) (н. 26.8.1911, г. Шахты, Расія),

бел. музыкант, трубач. Засл. арт. Беларусі (1954). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1935—38). З 1938 у аркестры Свярдлоўскага т-ра оперы і балета. У 1944—67 першы трубач і канцэртмайстар групы труб Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Вёў клас трубы ў Бел. кансерваторыі (1944—69) і Мінскім муз. тэхнікуме (1944—65). Кіраўнік самадз. духавых аркестраў у Мінску (1970—75) і Маскве (1976).

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РЫНА (Ніна Мікалаеўна) (30.6.1909, г. Растоў Яраслаўскай вобл., Расія — 9.9.1990),

рускі археолаг. Д-р гіст. н. (1963). Скончыла Маскоўскі дзярж. ун-т (1930). У 1935—38 працавала ў Эрмітажы, з 1936 у Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры АН СССР (Ленінград). На Беларусі вывучала Краснасельскія крэменездабыўныя шахты (Ваўкавыскі р-н). Распрацавала методыку пошуку і даследавання шахтаў, дала іх характарыстыку, вызначыла датаванне і прыналежнасць да шнуравой керамікі культур. Даследавала больш за 50 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў на Панямонні і Падзвінні.

т. 5, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́МАНТАВА ПЯЧО́РА (Mammoth Cave),

у заходніх перадгор’ях Апалачаў, у ЗША (штат Кентукі), каля г. Луісвіл; адна з буйнейшых карставых пячор свету. Складаная 5-ярусная сістэма поласцей у тоўшчы вапнякоў, якія залягаюць гарызантальна. Глыб. каля 300 м. Агульная даўж. поласцей 74 км, 225 праходаў, 47 высокіх купалаў, 23 глыбокія ямы (шахты). Падземныя рэкі звязаны з сістэмай р. Грын-Рывер. М.п. злучана з суседняй пячорай Флінт-Рыдж (іх агульная даўж. 500 км). Турызм. Нац. парк, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 10, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЕСУШЫ́ЛКА,

машына (агрэгат ці ўстаноўка) для сушкі збожжа, насення траў, агародніны і інш. Выкарыстоўваецца ў складзе зернеачышчальна-сушыльнага комплексу або асобна. Бываюць: перасоўныя і стацыянарныя; барабанныя, шахтавыя, калонкавыя, канвеерныя, вакуумныя.

Збожжа ў іх сушаць нагрэтым паветрам або сумессю яго з газамі, што ўтвараюцца пры згаранні цвёрдага ці вадкага паліва ў спец. топках. У барабанных З. збожжа рухаецца ўздоўж восі вярчальнага барабана ў патоку цепланосьбіта (гарачага паветра), у шахтавых — перамяшчаецца ўніз пад дзеяннем уласнай вагі, а цепланосьбіт паступае ў сушыльную ч. шахты збоку і перасякае збожжавы паток. На Беларусі пашыраны З. шахтавага і барабаннага тыпу, выкарыстоўваюцца на збожжасховішчах, элеватарах і інш. Прадукцыйнасць З. да 16 т/гадз і больш.

В.​П.​Чабатароў.

Зернесушылкі: 1 — шахтавая стацыянарная; 2 — барабанная перасоўная.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУСЬКА́ЛІЙ»,

вытворчае аб’яднанне ў Беларусі, у г. Салігорск. Утворана ў 1970 як Беларускі калійны камбінат на базе 1-га (працуе з 1963), 2-га (з 1965) і 3-га (з 1969) камбінатаў (рудаўпраўленняў). З 1975 ВА «Беларуськалій», у якое ў 1977 увайшоў 4-ы калійны з-д. Працуе на базе Старобінскага радовішча калійных і каменнай соляў. Выпускаў каля 20% сусв. вытв-сці калійных угнаенняў, здабываў больш за 40 млн. т калійнай руды, выпрацоўваў каля 5,7 млн. т калійных угнаенняў у пераліку на 100% K2O (1988). У 1994 выпушчана 2,54 млн. т угнаенняў. Асн. прадукцыя (1995): калій хлорысты дробназярністы і грануляваны, натрый хлорысты тэхнічны, соль калійная змешаная, соль кухонная і для жывёлагадоўлі. Супрацоўнічае з прадпрыемствамі і фірмамі Расіі, Германіі, Польшчы і інш. краін.

Да арт «Беларуськалій». У забоі шахты.

т. 3, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)