ДЫЯКРЫТЫ́ЧНЫЯ ЗНА́КІ, дыякрытыкі,

дадатковыя знакі ў алфавіце, для больш дакладнай перадачы гукавой сістэмы мовы. Ужываюцца над і пад літарамі, радзей — побач. Надаюць літарам новае значэнне (польск. ż, ć, ś; чэш. ž, č, š), абазначаюць варыянты гукаў (франц. è, é, ê польск. ą, ę, ó), паказваюць, што літару трэба чытаць ізалявана (франц. ï) і інш. Прасадычныя Д.з. паказваюць на працягласць ці кароткасць гука, націск і яго тыпы, тоны (напр., у в’етнамскай мове). Д.з. выкарыстоўваюцца ў большасці алфавітаў на лац., кірыліцкай, араб. і інд. графічных асновах, у некаторых сістэмах транскрыпцыі і праектах міжнар. алфавіта. У слав. графіцы з’явіліся пад уплывам стараж.-грэч. пісьма. Самыя характэрныя Д.з. старабел. пісьменства — камора ( ҄ ), паерык (ⸯ), цітла ( ҃ ). У сучасным бел. алфавіце з Д.з. ўжываюцца літары «ё», «й», «ў», адмысловае графічнае значэнне мае апостраф (’).

А.​М.​Булыка.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБУДЖА́ЛЬНЫ СКАЗ,

камунікатыўна-сінтаксічная адзінка мовы, што служыць для перадачы такіх інтэнцый асобы, што гаворыць, як просьба, прапанова, патрабаванне, парада, рэкамендацыя, заклік, загад і інш. П.с. ўласціва мадальнасць волевыяўлення («Адпачывай!» = «Я хачу, каб ты адпачываў») або неабходнасці («Хай ён болей чытае!» = «Яму неабходна болей чытаць»). Гэтымі значэннямі ў плане зместу звязваецца асоба, што гаворыць, з асобай (або персаніфікаванай з’явай ці прадметам), да якой звернута маўленне («Пасядзіце тут крыху, бабуля», «Хай квітнее наш край!», «Паляціце, хмаркі, у родную старонку!»). Сродкі выражэння пабуджэння і пабудовы пабуджальнай сінтакс. канструкцыі: інтанацыя, формы загаднага ладу дзеяслова, зваротак, інш. лексічныя і граматычныя катэгорыі, што набываюць пабуджальнае значэнне ў адпаведным кантэксце ці кансітуацыі («На кнігу!», «Маўчаць!», «Досыць ліць слёзы!», «Ну-ну, што далей?» і інш.).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФАЛО́ГІЯ (ад марфа... + ...логія) у мовазнаўстве 1) сістэма механізмаў мовы, якая забяспечвае пабудову і разуменне яе словаформ.

2) Раздзел граматыкі, які вывучае заканамернасці функцыянавання і развіцця гэтай сістэмы. Цесна звязана з марфаналогіяй, словаўтварэннем, сінтаксісам. Адрозніваюць агульную (тэарэт.) М. і прыватную М. пэўнай мовы.

Кожная словаформа членіцца на меншыя знакавыя адзінкі — марфемы, морфы. М. забяспечвае «памарфемнае» суаднясенне кампанентаў унутр. (змястоўнага) боку словаформы з кампанентамі яго знешняга (гукавога) боку. Яна накіравана на перадачу значэнняў менавіта службовымі элементамі (а не каранямі), што адрознівае яе ад лексікалогіі, у цэнтры ўвагі якой значэнні каранёў і цэлых слоў. М. вызначае марфалагічныя (граматычныя) асаблівасці цэлых класаў слоў (часцін мовы), незалежна ад іх прыватнага значэння. Кожная часціна мовы мае сваю сістэму граматычных значэнняў, катэгорый і агульных дадатковых (фармальных) адзнак, якія служаць для выражэння адносін паміж словамі ў словазлучэнні або сказе. Так, назоўнікам уласцівы значэнні роду, ліку, склону; дзеясловам — стану, трывання, ладу, часу, асобы, ліку і інш.; прыметнікам — роду, ліку, склону, ступеней параўнання, а для якасных — формы суб’ектыўнай ацэнкі. Напр., назоўнікі «станок», «лес», «бярэзнік» пры розных лексічных (рэальных) значэннях маюць агульныя граматычныя значэнні м.р., адз. л., назоўнага, вінавальнага склонаў; дзеясловы «паедзем», «напішам» аб’ядноўваюцца граматычнымі значэннямі закончанага трывання, простага будучага часу. 1-й асобы мн. л. і інш. Граматычныя значэнні могуць быць выражаны сінтаксічна (з дапамогай афіксаў) і аналітычна (апісальна, спалучэннем слоў). Напр., у назоўніку «вясна» значэнне ж.р., адз. л. і назоўнага склону выражана канчаткам «-а», у дзеяслове «гаворым» значэнне 1-й асобы мн. л. абвеснага ладу — канчаткам «-ым». Аналітычны спосаб выкарыстоўваецца пры выражэнні граматычнага значэння ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў («больш далёкі», «самы далёкі». «найбольш далёка»), будучага часу, загаднага і ўмоўнага ладу дзеясловаў («буду чытаць», «чытаў бы», «давайце чытаць»), Сродкамі выражэння марфал. значэння выступаюць таксама націск у слове («скалы́ — ска́лы»), чаргаванне асноў (суплетывізм, «чалавек — людзі») і інш. Марфал. змяненне слова не ўплывае на яго лексічнае значэнне.

Літ.:

Шуба П.П. Лекцыі па беларускай марфалогіі. Мн.. 1975;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Русская грамматика. Т. 1. М., 1980.

Я.​М.​Камароўскі.

т. 10, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ СТУДЭ́НТАЎ ГО́РАЦКАГА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАГА ІНСТЫТУ́ТА.

Існавала з сак. 1917 да вясны 1924 у Горках (цяпер у Магілёўскай вобл.); да аднаўлення ў 1919 Горацкага земляробчага ін-та наз. Бел. секцыя вучняў горацкіх с.-г. школ. Мела на мэце «пашыраць свядомасць паміж беларусамі, знаёміць з літаратурай, тэатр. творамі, гісторыяй, культ. і эканам. становішчам Беларусі і дапамагаць бел. нац. руху захопліваць шырэйшыя нар. праслоі». Ініцыятары стварэння Г.​Гарэцкі, С.​Журык, Я.​Чарняўскі. Пры секцыі заснаваны аддзелы: гіст.-эканам., літ., тэатр., муз., чыстага мастацтва. Члены тэатр. аддзела інсцэніравалі паэму «Тарас на Парнасе», ставілі п’есы У.​Галубка, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Купалы і інш. У 1918 распрацоўвала бел. тэрміналогію па сельскай гаспадарцы, выдала лістоўку для сялян «Як чытаць па-беларуску». У 1923 падрыхтавала план-сетку па пераводзе некаторых школ Горацкага пав. Смаленскай губ. на бел. мову навучання. Спыніла існаванне пасля далучэння Горацкага пав. да БССР.

т. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́МАТА (ад грэч. grammata чытанне, пісьмо),

1) уменне чытаць і пісаць.

2) Афіц. пісьмовы акт, які сведчыць пра якое-н. міжнар. пагадненне ці вызначае пэўныя прававыя адносіны (даверчая грамата, адзыўная грамата, ратыфікацыйная і інш.).

3) Афіц. заканад. акт Стараж.-рус. дзяржавы, у ВКЛ, Рэчы Паспалітай. Граматай замацоўваўся дзярж. лад, правы і прывілеі землеўладальнікаў, афармлялася прававое становішча асобных тэр. адзінак і розных груп насельніцтва, прызначаліся службоўцы на дзярж. і службовыя пасады, афармляліся наданні зямель, маёнткаў і інш. маёмасці, ганаровых званняў і чыноў. У ВКЛ наз. таксама лістамі гаспадарскімі, прывілеямі. Падзяляліся на даравальныя граматы, устаўныя граматы, ільготныя, ахоўныя, купчыя і інш. 4) Форма ўзнагароды ў былым СССР, у Рэспубліцы Беларусь і некаторых краінах СНД дзярж. органамі, грамадскімі арг-цыямі, адміністрацыяй прадпрыемстваў, устаноў, спарт. т-вамі за поспехі ў якой-н. справе (напр., Граматы Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, пахвальныя, ганаровыя граматы і інш.) 5) Стараж. назва ўсякага дакумента, пісьма.

6) У пераносным сэнсе: фількава грамата (непісьменны дакумент, які не мае юрыд. сілы), кітайская грамата (незразумелы дакумент, незнаёмая справа).

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРА́ШКАЎЦЫ, евангельскія хрысціяне святыя сіяністы,

рэлігійная секта. Узнікла ў канцы 1920-х г. у Зах. Беларусі. Назва ад імя заснавальніка Івана Мурашкі, які абвясціў сябе прарокам ад бога і стаў прапаведаваць канец свету і страшны суд. Члены секты павінны былі выконваць запаведзі Майсея, святкаваць суботу і нядзелю, не спажываць мяса, не галіць бараду, не чытаць свецкую л-ру, не мець зносін з іншаверцамі. У 1936 Мурашка заснаваў каля г. Сарны Валынскага ваяв. рэліг. камуну «Новы Іерусалім». У 2-й пал. 1930-х г. М. было каля 800—1000 чал. У 1938, забраўшы касу, Мурашка з жонкай уцёк у Аргенціну. Пасля Вял. Айч. вайны найб. актыўныя «апосталы» секты стварылі новыя «сіёны» ў Антопальскім, Высокаўскім, Іванаўскім, Кобрынскім р-нах. У 1951 секта перайменавана ў царкву св. Тройцы, аднак ніколі не рэгістравалася. Да 1953 усе «сіёны» разагнаны, многія члены секты арыштаваны і асуджаны. Вернікі раз’ехаліся па Малдавіі, Грузіі, Казахстане, Краснадарскім краі. У Беларусі засталіся адзінкі М., якія не маюць сваёй арг-цыі, але выконваюць веравучэнне і абрады секты, часам наведваюць малітоўныя сходы пяцідзесятнікаў і адвентыстаў, радзей баптыстаў.

Літ.:

Камейша Б.И. Кто такие мурашковцы. Мн., 1970.

Б.​І.​Камейша.

т. 11, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУТА́РХ (Plutarchos) з Херанеі

(каля 45 — каля 127 н.э.),

старажытнагрэчаскі гісторык, філосаф і пісьменнік. Вучыўся ў Афінах, жыў пераважна ў Беотыі. Быў архантам, вярх. жрацом Апалона Піфійскага ў Дэльфах. Як філосаф быў прыхільнікам вучэння Платона. Зведаў значны ўплыў піфагарэізму (вучэння аб манадзе, ліку і інш.) і акадэмічнага скептыцызму. Аднак не падзяляў матэрыяліст. і пантэістычных ідэй («Платонаўскія пытанні», «Аб псіхалогіі ў «Тымеі»); не прытрымліваўся адзінай, выразнай філас. лініі, схіляўся да пазіцый эклектыкі і дуалізму. Прызнаваў як нешта вечнае бясформенную, бяз’якасную матэрыю і божага Дэміурга, які ўпарадкоўвае «няўладжанасць» космасу, у выніку чаго матэрыя набывае гармонію і прыгажосць. Больш вядомы як гісторык. У гал. сваім творы «Параўнальныя жыццеапісанні» змясціў 50 біяграфій выдатных дзеячаў Стараж. Грэцыі і Рыма. Развіваў вучэнне аб нагляднасці, спецыфічнасці эстэт. сферы свядомасці і інш.; раскрыў сутнасць і ролю паэзіі і музыкі ў фарміраванні асобы («Аб тым як падабае юнаку чытаць паэтычныя творы», «Аб музыцы»). Разглядаў паэзію як сродак падрыхтоўкі да засваення філасофіі, музыку лічыў найважнейшым інструментам выхавання. У яго тэарэт. разважаннях філасофія, прыгажосць і мараль арганічна звязаны. Работы П. прасякнуты ідэямі гуманізму і чалавекалюбства.

Тв.:

Рус. пер. — Сравнительные жизнеописания. Т. 1—2. 2 изд. М., 1994;

Соч. М., 1983;

Застольные беседы. Л., 1990;

Избр. жизнеописания. Мн., 1998.

Літ.:

Аверинцев С.С. Плутарх и античная биография. М., 1973;

Лосев А.Ф. Эллинистически-римская эстетика I—II вв. н.э. М., 1979.

А.​І.​Адула.

Плутарх.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТУА́ЦЫЯ (позналац. punctuatio ад лац. punctum кропка),

1) сістэма знакаў прыпынку і правіл іх выкарыстання; пастаноўка знакаў прыпынку ў тэксце.

2) Практычная лінгвістычная дысцыпліна, якая вывучае асновы (прынцыпы) пастаноўкі знакаў прыпынку, іх фарміраванне і развіццё.

Знакі прыпынку паказваюць на сэнсавыя адносіны паміж часткамі выказвання, дапамагаюць правільна чытаць і разумець пісьмовы тэкст. Пастаноўка знакаў прыпынку заснавана на сэнсавым, структурна-грамат. (сінтакс.) і інтанацыйным прынцыпах, якія звычайна сумяшчаюцца з перавагай сэнсавага. Так. пастаноўка паміж ч. бяззлучнікавага сказа коскі або працяжніка ці двукроп’я поўнасцю залежыць ад семантыкі сказа, тых сэнсавых адносін, што ўстанаўліваюцца паміж яго часткамі. У сказе «У гэтым годзе добра родзіць: дождж і сонца ў госці ходзяць» (Я.​Пушча) двукроп’ем абазначаны прычынна-выніковыя адносіны паміж ч. бяззлучнікавага складанага сказа з паказаннем на прычыну ў 2-й яго частцы; «У гэтым годзе добра родзіць, дождж і сонца ў госці ходзяць» — коска паказвае пералічэнне. Пры рознай П. гэты сказ па-рознаму чытаецца і чуецца: двукроп’е як знак большай выяўленчай сілы абазначае працяглую паўзу. Аднак у любым выпадку знак прыпынку паказвае на сінтакс. структуру сказа, аддзяляе (выдзяляе) яго часткі. Нарматыўнасць П., аднолькавае разуменне знакаў прыпынку мае вял. сац. значэнне: садзейнічае лепшым зносінам паміж тым, хто піша, і тым, хто чытае.

Літ.:

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Бурак Л.І. Пунктуацыя беларускай мовы. 3 выд. Мн., 1982. Клюсаў Г.Н. Асновы і нормы сучаснай беларускай пунктуацыі Б.м., 1993.

П.​У.​Сцяцко.

т. 13, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),

мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).

Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш. Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл. Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).

На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.​Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.​Тарэеў і інш.).

Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.
Да арт. Каліграфія. Ю.​Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЯ́РСКІЯ ШКО́ЛЫ,

навучальныя ўстановы ордэна піяраў — пачатковыя вучылішчы і калегіумы.

Першыя П.ш. заснаваны ў Рыме ў 1597, пазней створаны ў Іспаніі, Францыі, Германіі, Польшчы і інш. Асн. іх задача — выхаванне дзяцей розных саслоўяў у духу рэлігійнасці і адданасці каталіцызму. Піярскі калегіум узначальвалі рэктар (займаўся адм. справамі) і прэфект (загадваў навуч. часткай). Навуч. курс падзяляўся на 7 класаў праформа (вучылі пісаць, чытаць і асновам арыфметыкі), інфіма (тыя ж прадметы і катэхізіс), граматыка (латынь і пераклады з яе, матэматыка), сінтаксіс (латынь, пераклады з яе і напісанне на ёй лістоў), паэзія (пераклады з латыні, красамоўства, рыторыка, латынь, гісторыя) і філасофія (логіка, метафізіка, этыка, геаметрыя). Выкладчыкі 1—5-га класаў мелі званне магістраў, а 6—7-га — прафесараў. Навучанне бясплатнае (плата толькі за інтэрнат). Найб. збяднелыя вучні ўтрымліваліся за кошт ордэна, але выконвалі шэраг прац па школьнай гаспадарцы. Падабенства навуч. праграмы П.ш. на езуіцкую і менш строгая дысцыпліна рабілі іх навуч. ўстановы папулярнымі ў Рэчы Паспалітай.

На Беларусі ў 18 ст. П.ш. меліся ў Шчучыне, Воранаве, Зэльве, Расонах, Віцебску, Лідзе, Паставах, Драгічыне, Дуброўне і інш. У 1822—31 працавала Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча. У 1740—50-я г. па ініцыятыве польскага асветніка і педагога С.Канарскага праведзена рэформа П.ш. (скарочаны курс тэалогіі, уведзены польская мова, грамадскія і прыродазнаўча-матэм. навукі). Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі і стварэння Віленскай навучальнай акругі становішча П.ш. змянілася. У 1804 піярскія навуч. ўстановы ўключаны ў гэту акругу і атрымалі статус павятовых вучылішчаў. У 1831—34 П.ш. пераўтвораны ў 5-класныя свецкія павятовыя вучылішчы ці зачынены.

А.​Ф.​Самусік.

т. 12, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)