МАГІЛЁЎСКІ ЧЫГУ́НАЧНЫ ВАКЗА́Л,

помнік архітэктуры позняга класіцызму ў Магілёве. Пабудаваны ў 1902. Фарміруе Прывакзальную пл. з партэрам у цэнтры яе. Пасля Вял. Айч. вайны будынак рэканструяваны. Мураваны 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак з 2 невял. прыбудовамі па тарцах. Гал. фасад вылучаны 3 рызалітамі (цэнтр. з гал. уваходам і 2 бакавыя), завершанымі атыкамі; ён прарэзаны вял. арачнымі аконнымі праёмамі (у прыбудовах — прамавугольныя), прасценкі паміж якімі дэкарыраваны руставанымі пілястрамі. Сцены завершаны прафіляваным карнізам з сухарыкамі. У цэнтры гал. фасада 8-гранны светлавы барабан з невысокай 4-граннай вежай.

В.​М.​Чарнатаў.

Магілёўскі чыгуначны вакзал.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГУ́НАЧНЫ ТРА́НСПАРТ,

від транспарту для перавозкі грузаў і пасажыраў па рэйкавых пуцях у вагонах з дапамогай мех. цягі (паравозы, цеплавозы, электравозы, матавозы і інш.). Асн. перавагі ў параўнанні з інш. відамі транспарту: універсальнасць (можа перавозіць разнастайныя сыпкія, вадкія, газападобныя і інш. грузы), вял. грузападымальнасць, правазная здольнасць, надзейнасць (мала залежыць ад умоў надвор’я). Сабекошт перавозкі грузаў на Ч.т. адзін з самых нізкіх. Першая ў свеце чыгунка агульнага карыстання з паравой цягай Стоктан—Дарлінгтан пабудавана ў Вялікабрытаніі ў 1825. У 1995 даўж. чыг. шляхоў у свеце склала 1180 тыс. км, з іх электрыфікавана 200 тыс. км. Найб. развіты Ч.т. у ЗША, Расіі, Кітаі, Індыі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, Бразіліі.

Першая на Беларусі чыг. лінія Гродна—Парэчча даўж. каля 30 км пачала дзейнічаць у снеж. 1862 як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Найб. значэнне для развіцця Беларускай чыгункі мела здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871 чыг. магістраль Смаленск—Мінск—Брэст. У 2-й пал. 19 ст. праз тэр. Беларусі прайшлі Рыга-Арлоўская чыгунка, Лібава-Роменская чыгунка, Палескія чыгункі і інш. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працягласць чыгунак на Беларусі склала 3,8 тыс. км (прыкладна 70% яе сучаснай сеткі). У 1920—30-я г. пабудаваны чыг. Унеча—Крычаў—Орша—Лепель, Крычаў—Магілёў—Асіповічы—Слуцк—Баранавічы і інш. Зараз тэр. Беларусі перасякаюць 4 шыротныя і 4 мерыдыянальныя чыг. лініі. Важнейшая шыротная магістраль — двухпутная электрыфікаваная чыг. Брэст—Орша (найб. тэхнічна абсталяваная чыгунка Беларусі). На асобных яе участках скорасць грузавых паяздоў дасягае 100 км/гадз, пасажырскіх — да 140 км/гадз. З 1960-х г. пачалася электрыфікацыя чыгунак Беларусі. У 1966 на электрацягу пераведзены ўчастак Мінск—Маладзечна, у 1973 — Мінск—Асіповічы, у 1974 — Мінск—Барысаў, у 1975 — Мінск—Стоўбцы. На 1.1.2000 даўж. электрыфікаваных чыг. пуцей на Беларусі складае 894 км (16% іх агульнай даўжыні). Беларусь мае даволі густую сетку чыгунак (27 км на 1000 км²), саступае па гэтым паказчыку ў СНД толькі Украіне, Малдове і Арменіі. На долю Ч.т. ў 2001 прыпадала 74,3% усяго грузаабароту і 53% пасажыраабароту ўсіх відаў транспарту Беларусі. Аб развіцці Ч.т. на Беларусі гл. табл. 1.

Сярод грузаў, якія перавозяцца Ч.т. Беларусі, нафта і нафтапрадукты складаюць 27,3% ад усіх перавезеных грузаў, будматэрыялы — 26,3%, хім. ўгнаенні — 18,7%, лесаматэрыялы — 5,3%, цэмент — 2,9%, чорныя металы — 2,8%, інш. грузы — 13,9%. Транзіт міжнар. грузаў праз Беларусь у 2001 склаў 26,6 млн. Гл. таксама Беларуская чыгунка.

П.​І.​Рогач.

Табліца 1
Асноўныя паказчыкі развіцця чыгуначнага транспарту Беларусі
1990 1995 2001
Чыгуначныя шляхі агульнага карыстання, км 5569 5564 5529
у т. л.электрыфікаваныя, км 890 894 894
Перавезена грузаў, млн. т 121,5 47,1 51,1
Грузаабарот, млн. ткм 75430 25510 29727
Перавезена пасажыраў, млн. чалавек 147,2 141,1 150,1
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км 16852 12505 15264
Сярэдняя маса (брута) грузавога цягніка, т 2758 2981 3098

т. 17, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКЗА́Л (ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),

будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).

На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзалы ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл. Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАТРЫ́СА (франц. automotrice),

самаходны чыгуначны вагон з рухавіком унутранага згарання. Мае эл., мех. або гідрамеханічны прывод. Выкарыстоўваецца для перавозкі пасажыраў і перамяшчэння вагонаў; спец. аўтаматрыса — для мантажных і аварыйна-аднаўленчых работ на электрыфікаваных чыгунках.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУПІ́К,

1) вуліца, завулак, якія не маюць скразнога праходу і праезду, таксама праход, прастора без далейшага выхаду, прадаўжэння.

2) Чыгуначны станцыйны пуць, злучаны з інш. пуцямі толькі адным канцом.

3) У пераносным значэнні — бязвыхаднае становішча, невырашальная сітуацыя.

т. 16, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МПКАР (англ. dump-car),

грузавы чыгуначны паўвагон, кузаў якога пры разгрузцы нахіляецца вакол падоўжнай восі ў розныя бакі пнеўматычным або гідраўлічным механізмам. Выкарыстоўваецца для перавозкі руды, вугалю, буд. сыпкіх матэрыялаў па тэрыторыі буйных прадпрыемстваў. Грузападымальнасць да 180 т.

т. 6, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАВА-ЗУ́ЕВА,

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Маскоўскай вобласці. На рацэ Клязьма. Вядомы з канца 17 стагоддзя. 133,7 тысяч жыхароў (1994). Чыгуначны вузел. Цэнтр тэкстыльнай прамысловасці. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вагоны, прыладабудаванне і інш.), хімічная (пластмасы) прамысловасць; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭНБУ́РГ,

горад у Расіі, цэнтр Арэнбургскай вобласці, на рацэ Урал. 573,3 тысяч жыхароў (1994). Чыгуначны вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (свідравальнае і газаперапрацоўчае абсталяванне, станка- і прыладабудаванне, гідрапрэсы і інш.), хімічная (гумава-тэхнічныя вырабы), лёгкая (тэкстыльная, вытворчасць пуховых хустак), харчовая (мукамольная, камбікормавая, мясная) прамысловасць; вытворчасць будаўнічых матэрыялаў. 5 ВНУ. Музеі.

т. 2, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬ-ПО́ЕЗД,

чыгуначны састаў з маторнымі (абсталяваныя цягавымі рухавікамі — дызелямі) і прычапнымі вагонамі. Маторныя вагоны (2 ці болей) з кабінамі кіравання звычайна размяшчаюцца на канцах цягніка. Канструкцыйная скорасць Д.-п. да 120 км/гадз і больш. Выкарыстоўваюцца для прыгарадных і мясц. зносін на неэлектрыфікаваных чыгунках. Маторны вагон, які выкарыстоўваецца самастойна (без прычапных), наз. аўтаматрысай.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРО́БІНСКІ ТОРФАБРЫКЕ́ТНЫ ЗАВО́Д Будаўніцтва пачата ў 1972 у г.п. Старобін. Прадукцыю выдае з 1977. Магутнасць з-да складала 160 тыс. т брыкету за год. У 2001 магутнасць з-да 130 тыс. т брыкету, здабыча торфу — 240 тыс. т. Мае цэхі: брыкетны, чыгуначны, рамонтна-мех., аўтатрансп., кацельную, 2 участкі па здабычы торфу. Асн. прадукцыя (2002): тарфяны брыкет, рамонт торфаздабыўной тэхнікі.

т. 15, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)