род ніткаватых сіне-зялёных водарасцяў сям. асцыляторыевых. Больш за 100 відаў. Касмапаліты. Жывуць у прэсных і салёных вадаёмах, морах, гарачых крыніцах, у сырой глебе. На Беларусі 35 відаў і 8 разнавіднасцяў. Найб. пашыраны ў планктоне сажалак і азёраў асцыляторыя азёрная (Oscillatoria limnetica), азярковая (Oscillatoria lacustris), глеістая (Oscillatoria limosa), тонкая (Oscillatoria tenuis), планктонная (Oscillatoria planctonica), Агарда (Oscillatoria aghardii), чырванаватая (Oscillatoria rubescens).
Трыхомы прамыя або сагнутыя, блакітна- ці жоўта-зялёнага, чырванаватага або фіялетавага колеру, без гетэрацыстаў, адзіночныя або ў дзернавінках, пераважна без слізістага чахла. Размнажаюцца дзяленнем клетак, гармагоніямі і планакокамі. Большасць відаў рухомыя. Могуць выклікаць «цвіценне» вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТУМЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
карысныя выкапні арган. паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб. запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн.прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Індастанская платформа,
дакембрыйская платформа, займае п-аў Індастан, Інда-Гангскую раўніну да падножжа Гімалаяў і в-аў Шры-Ланка. Фундамент складзены з архейскіх крышт. парод (граніта-гнейсы, грануліты, сланцы) і асадкава-вулканагенных тоўшчаў. Асн.ч. платформавага чахла складзена з рыфейскіх карбанатна-тэрыгенных адкладаў. Фанеразойскія адклады (кантынентальныя покрыўна-ледавіковыя, вугляносныя, чырванаколерныя пясчаныя, вулканагенныя) запоўнілі грабенападобныя перыкратонныя прагіны і Дэканскую сінеклізу. Паўн. частка І.п. — пліта з глыбока апушчаным фундаментам і слаба дыслацыраванымі кайназойскімі тоўшчамі (магутнасць да 10—12 км), што запаўняюць Перадгімалайскі і Бенгальскі ўскраінныя прагіны. Буйныя радовішчы руд жалеза, марганцу, медзі, золата, рэдкіх металаў, таксама мускавіту, вугалю; баксітаў і каалінавых глін; тытану, цырконію, каштоўных і паўкаштоўных камянёў. Выяўлены алмазаносныя кімберліты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬЦЫ́Т [ад лац. calx (calcis) паленая вапна],
вапнавы шпат, мінерал класа карбанатаў, карбанат кальцыю, CaCO3Гал. пародаўтваральны мінерал мелу, вапняку, мармуру; часта змяшчае прымесі магнію, жалеза, марганцу. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, ромбаэдрычныя, пласціністыя і інш. Агрэгаты зярністыя, сталактытападобныя, зямлістыя, валакністыя. Бясколерны ці белы, прымесямі можа быць афарбаваны ў розныя колеры. Бляск шляпы. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 2,7—2,8 г/см³. Крохкі. Разнавіднасці: ісландскі шпат, антраканіт — чорны К. Паходжанне — арганічнае, хім. асаджэнне ў вадаёмах, гідратэрмальнае, метамарфічнае. Выкарыстоўваецца для вытв-сці партландцэменту, вапнавання глеб, як флюс пры выплаўцы жалеза і інш. металаў, у буд-ве і інш. На Беларусі трапляецца па ўсім разрэзе асадкавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад анты... + грэч. klinō нахіляю),
антыклінальная складка, складка пластоў горных парод, павернутая пукатасцю ўгару, з больш стараж. пародамі ў ядры. Найб. уласцівыя складкавым горным сістэмам Зямлі. Бывае прамая, нахіленая, ляжачая, перакуленая. Месца перагіну пластоў наз. замком антыкліналі (скляпеннем), бакі — крыламі. Антыкліналі, у якіх адносіны шырыні да даўжыні складаюць 1/3, наз.брахіантыкліналямі, круглаватыя ў плане антыкліналі — купаламі. На Беларусі пашыраны ў пародах крышт. фундамента (Ваўкавыская, Івацэвіцка-Вілейская, Пружана-Ашмянская) і платформавага чахла, пераважна ў дэвонскіх саляносных, подсцільных і перакрываючых іх адкладах Прыпяцкага прагіну (Васілевіцкая, Мышанская, Старобінская і інш.), дзе ўзніклі ў выніку разломных і галакінетычных рухаў у познім палеазоі і мезазоі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭЗІЯ́НСКІ БАСЕ́ЙН (ад Artesium — лац. назвы франц. правінцыі Артуа),
басейн напорных падземных водаў (гл.Артэзіянскія воды), прымеркаваны да адмоўных геал. структур. Адрозніваюць платформавыя артэзіянскія басейны (у сінеклізах, мульдах і інш.) і міжгорныя артэзіянскія басейны (у міжгорных прагінах). Утвараюцца пластавымі водамі платформавага чахла і трэшчынава-жыльнымі водамі крышт. фундамента. У артэзіянскім басейне вылучаюць вобласці жыўлення, напору і разгрузкі падземных водаў. Пл. ад дзесяткаў да мільёнаў квадратных кіламетраў. Самыя вял. артэзіянскія басейны: Заходне-Сібірскі, Маскоўскі (зах.ч. на тэр. Беларусі), Прыбалтыйскі, В. Аўстралійскі, Парыжскі і інш.
Схема будовы артэзіянскага басейна: 1 — ваданосны гарызонт; 2 — водатрывалыя слаі; 3 — узровень грунтавых водаў; 4 — свідравіны (а — без фантанавання, б — з фантанаваннем); аб і вг — вобласці жыўлення; бв — вобласць распаўсюджвання напорных водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКА-ДАНЕ́ЦКІ АЎЛАКАГЕ́Н,
пахаваны палеазойскі рыфт. Уключае Данецкі рыфт, Брагінска-Лоеўскую седлавіну і Прыпяцкі рыфт. Даўж. 1200 км, шыр. 70—170 км. Сфарміраваўся ў герцынскі тэктанічны этап, пераважна ў познім дэвоне. У паўн.-зах. напрамку глыбока ўразаецца ва Усх.-Еўрап. платформу з боку яе паўд. складкавага абрамлення і заканчваецца на ўсх. схіле Палескай седлавіны. На ПнУ аўлакаген адмежаваны ад Беларускай і Варонежскай антэкліз Баранавіцка-Астраханскім, а на ПдЗ ад Украінскага шчыта — Палеска-Маныцкім глыбіннымі мантыйнымі разломамі. Запоўнены магутнай тоўшчай вулканагенна-асадкавых парод рыфею, венду і дэвону; адклады карбону, пярмі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і антрапагену складаюць накладзеную на рыфт Прыпяцка-Дняпроўскую сінеклізу. Магутнасць асадкавага чахла павялічваецца ад 1—6 км на ПнЗ да 12 км, магчыма да 24 км на ПдУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАРКТЫ́ЧНАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная дакембрыйская тэктанічна стабільная структура зямной кары, якая займае ўсх. частку Антарктыды. Адносіцца да платформаў Гандванскай групы. На З абмежавана байкалідамі Трансантарктычных гор. Пл. каля 8 млн.км2. Магутнасць зямной кары каля 40 км. Крышталічны фундамент мае архейскі ўзрост і складзены з парод гранулітавай і амфібалітавай фацый метамарфізму (эндэрбіты, чарнакіты, гнейсы, крышт. сланцы), якія прарваны інтрузіямі магматычных парод. Пароды фундамента выходзяць на падледавіковую паверхню ўздоўж узбярэжжа, адкуль паступова апускаюцца ў бок Трансантарктычных гор. Платформавы чахол пашыраны ў зах. частцы (магутнасць 3000—4000 м). Пераважаюць рыфейска-ніжнепалеазойскія вулканагенна-асадкавыя пароды (магутнасць да 2000 м), якія ўтвараюць дэпрэсіі на З і аўлакагены на У. Верхнепалеазойскія пароды на антарктычнай платформе развіты спарадычна (кангламераты, пясчанікі, каменныя вугалі пермскага ўзросту, агульнай магутнасцю да 1300 м). Верхнюю частку чахла складаюць сярэдняюрскія базальты, магутнасць якіх дасягае 1500 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́КНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1971 у Мінску на базе Лабараторыі геахім. праблем АНБССР (з 1963) і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АНБССР (з 1960) як Інстытут геахіміі і геафізікі. З 1992 Ін-т геалогіі, геахіміі і геафізікі, з 1993 сучасная назва. У складзе ін-та (1997) 13 лабараторый, 2 геафіз. абсерваторыі, доследна-метадычная сейсмалагічная партыя, аддзел кніжна-часопісных выданняў і аператыўнай паліграфіі, эксперым. база па вывучэнні ледавіковых валуноў. Аспірантура (з 1971).
Асн. навук. кірунак — вывучэнне літасферы ў межах Беларусі і сумежных рэгіёнаў. Даследуе тэктоніку стараж. платформ, літалогію, петралогію, стратыграфію і геахімію платформавага чахла і крышт. фундамента, геалогію і палеанталогію антрапагену, геафізіку глыбінных зон, геахімію радыеактыўных і стабільных ізатопаў, праблемы геамарфалогіі, гідрагеалогіі, геаэкалогіі. Робіць прагнозную ацэнку тэрыторыі на карысныя выкапні. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі Г.В.Багамолаў, Г.І.Гарэцкі, К.І.Лукашоў, працуюць Р.Г.Гарэцкі, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ МАСІ́Ў,
у цэнтральнай і зах. частках Беларусі. Прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Мяжуе на ПнЗ з Прыбалтыйскім, на У з Аршанскім, на Пд з Прыпяцкім, на З з Брэсцкім гідрагеалагічнымі басейнамі. Ваданосныя гарызонты ў пародах крышт. фундамента і асадкавых адкладах платформавага чахла. Магутнасць зоны актыўнага водаабмену 350—400 м. Яна адпавядае прыўзнятай частцы масіву. Воды прэсныя, гідракарбанатныя кальцыевыя, напорныя, за выключэннем верхніх гарызонтаў грунтавых водаў (часам самавыліваюцца). Мінералізацыя 0,1—0,6 г/л. Да схілаў масіву прымеркавана зона запаволенага водаабмену, дзе воды саланаватыя, сульфатна-хларыдныя натрыевыя і хларыдныя натрыевыя, мінералізацыя ад 1,5—2,9 г/л да 28,4 г/л, нярэдка са значнай колькасцю брому і фтору. Дэбіт свідравін ад 0,02—0,1 л/с да 16—20 л/с. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп. і пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэбна-прафілактычных мэтаў у санаторыях («Нарач», «Аксакаўшчына», «Крыніца» і інш.) і для разліву (з-ды ў Мінску, Маладзечне і інш.).