орган некаторых касцістых рыб, які злучае плавальны пузыр з органам раўнавагі (лабірынтам унутр. вуха). Складаецца з чатырох пар рухома сучлененых паміж сабой костачак — відазмененых частак першых пазванкоў і трэцяга рабра. Дае магчымасць рыбе хутка рэагаваць на змену ціску вады і мае значэнне ў перадачы гукавых ваганняў. Рыбы, што маюць вебераў апарат, здольныя ўспрымаць гукі з частатой да 13 кГц, без веберава апарата — толькі да 2,5 кГц. Названы імем Э.Г.Вебера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБУСТА́Н, Кабыстан, Габустан,
гарыстае ўрочышча на ўзбярэжжы Каспійскага м. за 60 км на ПдЗ ад Баку, дзе ў чатырох пунктах знаходзяцца наскальныя «галерэі» петрогліфаў. Зафіксавана больш за 750 выяў, якія храналагічна ахопліваюць перыяд ад пачатку мезаліту да сярэдневякоўя. Сярод мезалітычных выяў пераважаюць гравіраваныя контурныя і сілуэтныя рэаліст. малюнкі людзей і быкоў. На найб.стараж. малюнках выявы пераважна рытуальных танцаў, на больш позніх пераважаюць сцэны палявання з лукам і сабакам на быка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́РЦЫЯ (лац. proportio) у матэматыцы, роўнасць дзвюх рознасцей чатырох велічынь a, b, c, d : a − b = c − d (арыфметычная П.) або дзвюх адносін a/b = c/d (геаметрычная П.). Велічыні a і dназ. крайнімі членамі П., b і c — сярэднімі. У арыфм. П. сума крайніх членаў роўная суме сярэдніх: a + d = b + c. Уласцівасці геам. П.: a∙d = b∙c; калі b = c, то і наз.геам. сярэднім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕВО́, Ле Во (Leveau, Le Vau) Луі (каля 1612, Парыж — 11.10.1670), французскі архітэктар, адзін з вядучых майстроў франц. класіцызму. З 1654 «першы архітэктар караля». Пабудовам Л. ўласцівы строгая элегантнасць, складанасць планіроўкі, дэкар. багацце ўнутр. аддзелкі: атэль Ламбер (з 1640), Калеж чатырох нацый (з 1661) — абодва ў Парыжы. У супрацоўніцтве з Ш.Лебрэнам і А.Ленотрам садзейнічаў стварэнню новага тыпу палацава-паркавага ансамбля (палац у Версалі, 1661—68; замак-палац Во-ле-Віконт у Іль-дэ-Франс, 1656—61).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКО́НСУЛЫ (Proconsul),
вымерлыя чалавекападобныя малпы. Былі вылучаны ў асобны род, пазней уключаны як падрод з 3 відамі ў род дрыяпітэкаў. Вядомы з міяцэну (каля 25—20 млн.г. назад) па шматлікіх рэштках (чарапы, сківіцы, зубы, косці канечнасцей) з адкладаў у наваколлях воз. Вікторыя (Усх. Афрыка). Верагодна, П. — продкавыя формы сучасных чалавекападобных малпаў гарыл і шымпанзэ.
Характэрныя рысы — адсутнасць надброўных дуг і адносна слабае развіццё сківіц. Разцы малыя, іклы вялікія. Перамяшчаліся пераважна на чатырох канечнасцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕЯ́ДЫ,
дынастыя арабскіх халіфаў, якая правіла ў 661—750. Паходзілі з роду Амея араб. меканскага племені курэйшаў. Заснавальнік Муавія I, які ўзначаліў Арабскі халіфат пасля забойства апошняга з першых чатырох праведных халіфаў Алі ібн Абі Таліба.
Найб. значныя прадстаўнікі Амеядаў: Абд аль-Малік [685—705] і яго сыны Валід I [705—715], Сулейман [715—717], Ясід II [720—724], Хішам ібн Абд аль-Малік [724—743]. Пры Амеядах створана буйная дзяржава — Амеядаў халіфат, працягваліся араб. заваяванні. У 750 скінуты Абасідамі. Адзіны ўцалелы з Амеядаў Абдарахман I уцёк у Іспанію і заснаваў там дынастыю Кардоўскіх Амеядаў (гл.Кардоўскі эмірат).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІЯС, Гелій,
у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРАВЕ́ЛЬ (Сяргей Барысавіч) (н. 1.6.1954, Мінск),
бел. акцёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976), працаваў у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача, з 1985 у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі. Творчай манеры Ж. характэрны экспрэсіўнасць, тэмперамент, абаяльнасць і ўнутр. такт. Сярод лепшых роляў: Бэмбі («Бэмбі» Ф.Зальтэна, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980), Гайліс («Подых навальніцы» паводле І.Мележа), Санька («У спадчыну — жыццё» А.Петрашкевіча), паніч Казік Валахоўскі, Бен-Равуні («Калыска чатырох чараўніц», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.Караткевіча). Здымаецца ў тэлеспектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р. Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЫ́НІЙ Валерый Ліцыніян (Valerius Licinianus Licinius; каля 265—325) рымскі імператар [308—324]. Селянін па паходжанні, Л. зрабіў ваен. кар’еру. У 308 імператар Галерый абвясціў яго суправіцелем з тытулам аўгуста. Пасля смерці Галерыя ў барацьбе чатырох аўгустаў за ўладу (311—312) Л. разам з імператарам Канстанцінам I перамог Максенцыя і Максіміна Дая. У 312 Л. стаў правіцелем усх.ч. імперыі. У 313 выдаў разам з Канстанцінам Міланскі эдыкт аб свабодным веравызнанні хрысціянства. Неўзабаве паміж Л. і Канстанцінам пачалася барацьба за ўладу над усёй імперыяй. Л. быў разбіты, узяты ў палон (324) і пакараны смерцю.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.