САНГВІ́НІК [ад лац. sanguis (sanguinis) кроў],
суб’ект, які мае адзін з чатырох асн. тыпаў тэмпераменту і характарызуецца высокай псіхічнай актыўнасцю, энергічнасцю, працаздольнасцю, хуткасцю і жвавасцю рухаў, разнастайнасцю і багаццем мімікі, хуткім тэмпам мовы. С. імкнецца да частай змены ўражанняў, лёгка і хутка адклікаецца на навакольныя падзеі, таварыскі. Эмоцыі, пераважна станоўчыя, хутка ўзнікаюць і змяняюцца. Адносна лёгка і хутка ён перажывае няўдачы. Пры неспрыяльных умовах і адмоўным выхаваўчым уплыве рухавасць можа перайсці ў адсутнасць засяроджанасці, неапраўданую паспешнасць учынкаў, павярхоўнасць.
т. 14, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)