ГЕНЕРА́ЛАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 31.3.1923, станіца Пацёмкінская Валгаградскай вобл., Расія),

бел. спявак (барытон), педагог. Брат У.М.Генералава. Нар. арт. Беларусі (1963). Скончыў Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1954). У 1954—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1976 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (праф. з 1990). Валодае моцным голасам мяккага аксамітнага тэмбру, бездакорнай вак. тэхнікай, блізкай да італьян. школы. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Змітрок, Апанас («Міхась Падгорны», «Алеся» Я.​Цікоцкага), Сцяпан («Яснае світанне» А.​Туранкова), Дзяніс Давыдаў («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных — князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Гразной, Ведзянецкі госць («Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна), Князь, Томскі («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Шаклавіты («Хаваншчына» М.​Мусаргскага), Рыгалета, Аманасра, граф ды Луна, Яга, Жэрмон, Рэната («Рыгалета», «Аіда», «Трубадур», «Атэла», «Травіята», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні).

Літ.:

Юўчанка Н. Анатоль Генералаў // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1986;

Ракава А. Жыццё ў музыцы // Тэатр. Мінск. 1986. № 1.

А.​Я.​Ракава.

А.М.Генералаў.
А.Генералаў у ролі Змітрака (злева).

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРАШО́ВА (Клаўдзія Кузьмінічна) (н. 13.12.1925, хутар Белы Ленінградскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. і расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1970). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1952). З 1952 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1960 — Пермскага т-ра оперы і балета. Валодае моцным голасам прыгожага мяккага тэмбру. Яе творчасць вызначаюць высокая вак. тэхніка, драм. тэмперамент, акцёрскае майстэрства. Сярод лепшых партый на бел. сцэне: Надзея («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Алеся, Ганка («Дзяўчына з Палесся», «Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Марына («Яснае світанне» А.​Туранкова), Любаша, Любава («Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Марына Мнішак («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Княгіня, Вольга, Графіня («Чарадзейка», «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Азучэна, Амнерыс («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Шарлота («Вертэр» Ж.​Маснэ); у Пермскім т-ры — Іаанна («Арлеанская дзева» Чайкоўскага), Варвара Васілеўна («Не толькі любоў» Р.​Шчадрына), Каця («Вогненныя гады» А.​Спадавекія).

Літ.:

Смольскі Б.С. Таленавітая спявачка // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.​М.​Жураўлёў.

К.К.Кудрашова.
К.Кудрашова ў ролі Амнерыс.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́КЕР (Соф’я Юр’еўна) (7.1.1907, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 23.4.1984),

бел. спявачка (драм. сапрана). Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыла Бел. студыю оперы і балета пад кіраўніцтвам А.Баначыча (1933), вучылася ў Бел. кансерваторыі (1932—36, клас П.​Ціханава). У 1933—41 і 1944—77 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала моцным голасам прыемнага тэмбру, высокай вак. культурай, муз.-драм. здольнасцямі, якія дазвалялі ёй выконваць разнапланавыя ролі: ад глыбока драматычных (Аўгіння ў оперы «У пушчах Палесся» А.​Багатырова) да востра камедыйных (Рагнеда Янаўна ў «Калючай ружы» Ю.​Семянякі). Майстэрства стварэння драматычна напружаных, багатых псіхал. адценнямі вобразаў найб. выявілася ў партыях опернай класікі: Яраслаўна («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Наташа («Русалка» А.​Даргамыжскага), Ліза, Марыя, Настасся, Аксана («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Аіда («Аіда» Дж.​Вердзі), Тоска («Тоска» Дж.​Пучыні). Сярод каларытных камедыйных вобразаў: Часнікова («Страшны двор» С.​Манюшкі), Адарка («Запарожац за Дунаем» С.​Гулак-Арцямоўскага), Дуэнья («Заручыны ў манастыры» С.​Пракоф’ева), Фроська («Марозка» М.​Красева), Мірабела («Цыганскі барон» І.​Штрауса). Шмат выступала ў канцэртах, у т. л. з творамі бел. кампазітараў.

Літ.:

Жураўлёў Д. Соф’я Друкер // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Дз.​М.​Жураўлёў.

С.Ю.Друкер.
С.Друкер у ролях Адаркі (злева) і Тоскі.

т. 6, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)