«СВАБО́ДА»,

грамадска-палітычная газета. Выдавалася ў 1990—97 у Мінску на бел. мове 3 разы на тыдзень. Рэдакцыя «С.» лічыла сваё выданне пераемніцай аднайм. газеты, адзіны нумар якой у 1902 падрыхтавалі В.​Іваноўскі, В.​Валейка, Р.​Мілер і А.​Пашкевіч (Цётка). Асвятляла пытанні грамадска-паліт., эканам., культ. і духоўнага жыцця Беларусі, знаёміла чытачоў з міжнар. падзеямі. Друкавала матэрыялы па гісторыі Беларусі.

В.​В.​Грынявецкі.

т. 14, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),

адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:

Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНКЕ́ВІЧ (Марыя Міронаўна) (н. 13.3.1924, в. Карзюкі Мінскага р-на),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыла студыю пры т-ры імя Я.​Купалы (1948), у якім працавала да 1995. Характарная актрыса камедыйнага плана, майстар эпізадычных роляў: Агата, Адэлька («Паўлінка» Я.​Купалы), цётка Каця, Застрамілава («Хто смяецца апошнім», «Брама неўміручасці» К.​Крапівы), Сарока («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Аксюта («Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава), Грыпіна («Ажаніцца — не журыцца» Далецкіх і М.​Чарота) і інш.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЛЬНІК,

від верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сістэм вершаскладання. У ім выяўляецца чаргаванне моцных націскаў (іктаў) і міжіктавых інтэрвалаў. Колькасць іктаў у радках звычайна ўрэгулявана, міжнаціскныя ж інтэрвалы не аднолькавыя (1,2 склады), могуць быць пропускі іктаў. Калі колькасць т.зв. адступленняў ад памеру нязначная, Д. набліжаецца да сілаба-танічнага верша, калі іх колькасць павялічваецца — да танічнага. Аналагічныя віды верша існуюць у англ., ням., рус. і інш. паэзіях. У бел. паэзіі Д. карысталіся Цётка, М.​Багдановіч, Я.​Колас, А.​Куляшоў, П.​Панчанка, У.​Караткевіч і інш.

т. 6, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЁШНІК, райковы верш,

від народнага верша (гл. Народнае вершаскладанне). Назва паходзіць ад райка. Р. выкарыстоўваўся вандроўнымі артыстамі, мядзведнікамі, валачобнікамі і каляднікамі ў тэкстах для батлейкі. Рытм Р. заснаваны на паўтарэнні вершаваных радкоў як пэўных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў, звязаных паміж сабой сумежнай рыфмоўкай. Колькасць складоў у радках неаднолькавая, няма ўпарадкаванасці ў размяшчэнні націскаў. З нар. творчасці перайшоў у л-ру. У бел. паэзіі ўжываўся ў ананімных творах, да яго звярталіся Цётка (верш «Ласы»), М.​Чарот (паэма «Босыя на вогнішчы»). У сучаснай бел. паэзіі амаль не выкарыстоўваецца.

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКО́Ў (Іван Васілевіч) (16.2.1918, в. Трэскіна Інжавінскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія — 21.7.1986),

бел. жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1938). Аўтар пейзажаў «На берагах сівога Нёмана» (1968), «Сімфонія палёў» (1970), «Зялёны май» (1971), «Вясна на Нёмане» (1972), «Маладое жыта» (1973), «Возера Свіцязь» (1977), «Залатая восень» (1979), «Край прынёманскі» (1981); сюжэтна-тэматычных карцін «Партызанскі налёт» (1946), «Праследаванне ворага» (1948), «А.​Міцкевіч і Тамаш Зан на Свіцязі» (1955), «А.​Пашкевіч (Цётка) у Э.​Ажэшкі» (1965), «Э.​Ажэшка і А.​Пашкевіч» (1976). Творы вызначаюцца глыбокай змястоўнасцю, лірызмам.

Л.​Ф.​Салавей.

І.Пушкоў. Вясна на Нёмане. 1972.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАНО́ВІЧ (Фларыян Паўлавіч) (28.10.1884, Мінск — 22.10.1937),

тэатральны дзеяч, акцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў бел. прафес. т-ра. Скончыў драм. школу ў Варшаве (1902). У арганізаваных ім драм. калектывах ставіў спектаклі на бел. мове («Па рэвізіі» М.​Крапіўніцкага, 1907, «Паўлінка» Я.​Купалы, 1913). Адзін са стваральнікаў Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, у 1917—20 маст. кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І.Буйніцкага і інш.) і традыцыі бел. нар. т-ра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках нар. музыку, спевы. Быў арганізатарам і першым маст. кіраўніком (1920—21), у 1922—29 вядучым акцёрам БДТ-1 (цяпер Нац. т-р імя Я.​Купалы). Перанёс на яго сцэну свае лепшыя пастаноўкі з таварыства: «Рысь» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Міхалка» Далецкіх, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Апошняе спатканне» У.​Галубка, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло і інш.; паставіў новыя: «Прымакі», «Сон на кургане» і «Адвечная песня» Я.​Купалы, «Ганка» У.​Галубка і інш. У БДТ-3 паставіў спектаклі «Кастусь Каліноўскі» (1929), «Ярасць» Я.​Яноўскага (1930). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драм. і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхал. сутнасць характару, асэнсаванне сац. прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б.​Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б.​Томаса). З 1926 пачаліся ганенні на Ж. 18.7.1930 ён арыштаваны. засуджаны на 5 гадоў зняволення, працаваў на Беламорканале. 8.7.1937 зноў арыштаваны, прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

Літ.:

Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біягр. нарыс. Мн., 1972;

Сабалеўскі А. Асоба мастака. Літ. -крытыч. артыкулы. Мн., 1992.

Ф.П.Ждановіч.

т. 6, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОЛЬ (Абрам Іосіфавіч) (1.5.1913, г. Дзяржынск Мінскай вобл. — 3.2.1990),

бел. жывапісец. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1932). У лірычных, выразных паводле колеру пейзажах апяваў прыгажосць бел. прыроды: «Канец зімы» (1955), «Іней» (1960), «Брэсцкая шаша» (1961), «Раніца» (1963), «Беларускі прастор» (1967), «Беларускі краявід» (1968), «Новы Мінск» (1969), «Зіма беларуская» (1971), «Зямля» (1972), «Лагойшчына» (1977), «Зямля калгасная. Браслаўшчына» (1981), «Край беларускі» (1982) і інш. Я.​Купалу прысвечаны палотны «Я. Купала і Цётка (А.​Пашкевіч) у Пецярбургу ў 1913 годзе» (1954), «Таполя Купалы» (1960), «Думы пра Радзіму» (1962), «Сустрэча. Ян Райніс у гасцях у Янкі Купалы ў 1926 г.», «Купалаўскі край» (абодва 1982). Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Нараджэнне рэспублікі» (1968), «Ліпень 41-га» (1982), «Партызаны Міншчыны» (1984) і інш. Працаваў у галіне маст. афармлення экспазіцый музеяў рэспублікі.

А.Кроль Беларускі прастор. 1967.

т. 8, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАН (Лазар Саулавіч) (18.4.1909, г. Даўгаўпілс, Латвія — 5.8.1989),

бел. мастак. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1932). Працаваў у станковай графіцы і жывапісе. Сярод графічных твораў: серыі «Брэсцкая крэпасць» (1952), «Мінскае гета» (1970), альбомы купалаўскіх і коласаўскіх мясцін «Мой родны кут, як ты мне мілы...» (1958—60), «Па родных мясцінах Я.​Купалы» (1970), партрэты П.​Мядзёлкі (1970), Кітэчкінай — удзельніцы французскага супраціўлення» (1983), В.​Іпатавай (1984). Аўтар жывапісных кампазіцый «Акупанты» (1938), «Дзядуля-герой», «Звесткі з Петраграда» (абедзве 1957), «Сталявары» (1958), «Беларуская легенда», «Я.​Колас у Навагрудку» (абедзве 1960), «Перад уборкай ураджаю ў калгасе імя Я.​Коласа», «Ф.​Скарына» (абедзве 1963), «Сустрэча ў Вільні» (1980), «Я.​Купала і Цётка каля Чорнага возера» (1983). Творы адметныя складанай графічнай тэхнікай, дакладным жывым малюнкам, глыбокім псіхалагізмам.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Ран. Партрэт Г.​Грыгоніса. 1954.

т. 13, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Канд. філал. н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1985;

Халодны май. Мн., 1993.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)