ПЛАЗМО́ДЫЙ (ад плазма + грэч. eidos форма, выгляд),

вегетатыўнае цела слізевікоў, якое мае шмат’ядзерную, пазбаўленую абалонкі пратаплазму, звычайна сеткаватай структуры. Памеры ад некалькіх мм​2 да 1,5 м². Здольны да амёбападобнага перамяшчэння з дапамогай псеўдаподый. У фазе росту валодае адмоўным фотатаксісам і станоўчым гідратаксісам (запаўзае ў цёмныя і вільготныя месцы — пад кару, мох і інш.). Спелы П. ператвараецца ў орган споранашэння — эталій.

т. 12, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКСЁР, нямецкі бульдог,

парода службовых сабак. Выведзены ў Германіі ў канцы 19 ст. скрыжаваннем англ. бульдогаў і ням. булен-бейсераў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Канстытуцыя моцная, шыракацелая. Выш. ў карку 58—68 см. Масць рыжая, тыгравая, зрэдку белая, рабая, плямістая. Морда чорная або цёмная, вакол вачэй цёмныя кругі («акуляры»). Шэрсць кароткая, прамая, шорсткая. Хвост купіруюць у маладым узросце. Тып паводзін ураўнаважана-рухомы. Добра дрэсіруецца. Характэрны алюр — галоп.

Баксёр.

т. 2, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,

яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАСІ́, далёкаўсходняя сардзіна (Sardinops sagax melanosticta),

падвід ціхаакіянскай сардзіны сям. селядцовых атр. селядцападобных. Пашыраны ў прыбярэжных водах Усх. Азіі ад Сахаліна да Паўд. Японіі і кіт. ўзбярэжжа Жоўтага мора.

Даўж. да 30 см. Спіна зеленавата-аліўкавая, бакі серабрыста-белыя, канец рыла і задняя ч. хваставога плаўніка чорныя. Па баках цела ўздоўж спіны цёмныя плямы (да 15), зрэдку размешчаны ніжэй светлыя плямы. Корміцца фіта- і зоапланктонам. Жыве да 8 гадоў. Аб’ект промыслу.

Івасі.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРЫ́СТЫ ТРУС,

мяса-шкуркавая парода трусоў. Выведзена ў СССР (Тульская і Палтаўская вобл.) скрыжаваннем мясц. чорных трусоў з пародай шампань. На Беларусі гадуюць аматары.

Канстытуцыя моцная. Целасклад, характэрны для жывёл мяснога кірунку (шырокія грудзі і спіна, моцныя ногі з развітой мускулатурай). Маса 4—6 кг. Поўсць густая, аднародная, цёмна- або светла-серабрыстая, галава, вушы, пярэдняя ч. цела і лапы цёмныя. Плоднасць 7—9 трусянят. Вызначаецца скараспеласцю, высокім выхадам мяса добрай якасці, каштоўным футрам.

Серабрысты трус.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛА́-ЗМЯЯ́ (Psammophis lineolatus),

змяя роду пясчаных змей сям. вужовых. Пашырана ў Цэнтр. і Зах. Азіі. Жыве ў пустынях і паўпустынях, трапляецца ў гарах. У паўд. ч. арэала ўпадае ў летнюю спячку.

Страла-змяя.

Даўж. да 90 см. Цела тонкае, на спіне 4 падоўжныя цёмныя палосы на аліўкава-шэрым фоне, аблямаваныя чорным. Луска гладкая. Ядаправодныя зубы на задняй ч. верхнясківічнай косці. Перамяшчаецца імкліва (адсюль назва). Корміцца пераважна яшчаркамі, буйнымі насякомымі.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 15, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАМІ́ЦЭС (Uromyces),

род іржаўных грыбоў сям. пукцыніевых. Каля 600 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. вядомыя У.: бабовы (U. fabae), бураковы (U. betae), гарохавы (U. pisi), драсёнавы (U. poligoni), канюшынавы (U. trifolii), шчаўевы (U. runicis). Адна- і рознагаспадаровыя аблігатныя паразіты вышэйшых травяністых раслін, узбуджальнікі іржы раслін.

Жыццёвы цыкл грыбоў уключае розныя формы споранашэнняў: спермагоніі, эцыдыі, урэдакучкі, тэлейтакучкі, базідыі. Характэрны аднаклетачныя тэлейтаспоры (адзнака роду). Тэлейтаспоранашэнне ўтварае аксаміцістыя цёмныя падушачкі на пашкоджаных органах раслін.

С.​І.​Бельская.

т. 16, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДНАРО́Г, нарвал (Monodon monoceros),

марское млекакормячае атр. кітападобных. Жыве ў арктычных водах Грэнландыі, Паўн. Канады, Шпіцбергена і ПнУ Зямлі Франца-Іосіфа.

Даўж. да 6,1 м, маса 1—1,5 т. Афарбоўка светлая з мноствам чорных плямаў (дзіцяняты цёмныя). У самцоў (зрэдку ў самак) у левай верхняй сківіцы бівень (рог) даўж. да 3 м (адсюль назва), якім яны прабіваюць аддушыны ў ільдах. Корміцца галаваногімі малюскамі і рыбай. Рэдкі. Ахоўваецца, занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Аднарог: 1 — самец; 2 — самка.

т. 1, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЛА (Rutilus rutilus caspicus),

рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.

Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.

т. 4, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ́ТАНА КО́ЛЬЦЫ,

канцэнтрычныя светлыя і цёмныя кольцы, што назіраюцца вакол пункта судатыкнення сферычных паверхняў дзвюх лінз або выпуклай сферычнай лінзы з плоскай пласцінкай пры асвятленні іх монахраматычным святлом. Апісаны І.Ньютанам у 1675. Узнікаюць у выніку інтэрферэнцыі святла ў тонкім паветр. зазоры паміж судатыкнёнымі паверхнямі. Пры асвятленні немонахраматычным (напр., белым) святлом Н.к. становяцца каляровымі. Назіранне формы кольцаў з’яўляецца зручным метадам кантролю якасці шліфоўкі пласцінак і лінз, а таксама праверкі дакладнасці формы плоскай і сферычнай паверхняў.

Ньютана кольцы ў адбітым святле.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)