Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АК-ШЫЙРА́К, Акшыйрак,
горны масіў у Цянь-Шані, у Кыргызстане. Цягнецца з ПдЗ на ПнУ трыма кулісападобнымі паралельнымі хрыбтамі даўж. каля 50 км, выш. да 5126 м. Водападзел вярхоўяў Нарына і рэк бас. Сарыджаза (Учкёль і інш.). Складзены з метамарфічных сланцаў, вапнякоў, гранітаў. Рэльеф высакагорны. Цэнтр зледзянення ў Цянь-Шані (59 ледавікоў пл. больш за 400 км²). Самы вял. ледавік Пятрова, дае пачатак р. Нарын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮНГЁЙ-АЛА́-ТО́О, Кунгей-Алатау,
хрыбет на ПнЦянь-Шаня, які абмяжоўвае з ПнІсык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км². На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх.ч. перавал Сан-Таш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРГА́ЦЫЯ (ад лац. virga галінка),
1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).
2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на ЗЦянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).
Да арт.Віргацыя. Разыходжанне горных хрыбтоў у гарах Цянь-Шаня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Л,
2 геаграфічныя расы (падвіды) аленя высакароднага: М. алтайскі (Cervus elaphus sibiricus) і М. цянь-шанскі (C. e. songaricus). Пашыраны ў Цэнтр. Азіі (Алтай, Цянь-Шань, Паўд. Сібір, Кітай, Манголія). Жывуць у рэдкалессі, на ўзвышшах, у гарах.
Даўж. да 3 м, выш. ў карку да 1,6 м, маса да 500 кг. Ствол рагоў моцны, тоўсты, ад яго адыходзіць да 7 адросткаў, 4-ы самы вялікі. Расліннаедныя (трава, лісце, кара дрэў, плады, ягады. грыбы, лішайнікі). Нараджаюць 1 дзіцяня. Гадуюць на фермах. Маладыя неакасцянелыя рогі (панты) М. выкарыстоўваюць пры вырабе лек. прэпарату пантакрыну.