АЎСКУЛЬТА́ЦЫЯ (ад лац. auscultatio слуханне, выслухванне),
метад даследавання ўнутраных органаў выслухваннем. Робіцца вухам ці спец. апаратамі — стэтаскопам або фанендаскопам. Пры аўскультацыі лёгкіх выслухваюць дыхальныя шумы, хрыпы, характэрныя для запаленчых працэсаў у бронхах або лёгачнай тканцы. Па змене тону, шумах у сэрцы мяркуюць пра стан сардэчнай дзейнасці. Артэрыі выслухваюць для вызначэння артэрыяльнага ціску. Аўскультацыя жывата выяўляе наяўнасць перыстальтыкі страўніка і кішэчніка, у цяжарных — сэрцабіцце плода. Аўскультацыяй карыстаюцца і ў ветэрынарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІ́ЛЬНЫ ДОМ,
комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед. дапамогі цяжарным жанчынам, парадзіхам, нованароджаным, гінекалагічным хворым. Бывае агульнага і спецыялізаванага (паводле віду паталогіі — сардэчна-сасудзістых, эндакрынных захворваннях, невыношванні цяжарнасці і інш.) тыпаў. Аказвае дапамогу паводле тэр. прынцыпу (першая і неадкладная мед. дапамога незалежна ад месца жыхарства). Мае стацыянар (аддзяленні: родавае, пасляродавае, паталогіі цяжарных, абсервацыі, гінекалогіі, нованароджаных) і жаночую кансультацыю (амбулаторная лячэбна-прафілакт. дапамога цяжарным жанчынам і гінекалагічным хворым).
бел. кардыёлаг і рэўматолаг. Д-рмед.н. (1983), праф. (1985). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1958), з 1963 у гэтым ін-це. Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні рэўматызму, парокаў сэрца ў цяжарных жанчын, рэабілітацыі хворых на розныя формы ішэмічнай хваробы сэрца.
Тв.:
Практические навыки терапевта: Практич. пособие. Мн., 1993 (у сааўт.);
Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, расійскай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЧАВА́Я КІСЛАТА́ (2, 6, 8-трыоксіпурын),
канчатковы прадукт абмену пурынаў і бялкоў у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раскладаюцца ніжэй т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў вадзе. М.к. адкрыў швед. хімік К.Шэеле (1776) у мачы. Утвараецца пераважна ў печані, невял. колькасць ёсць у тканках (мозг, кроў), мачы і поце. Пры некат. парушэннях абмену рэчываў адбываецца назапашванне М.к. і яе кіслых солей (уратаў), што выклікае нефрыты, артрыты, артрозы, таксікозы цяжарных і інш. хваробы. Зыходны прадукт для прамысл. сінтэзу кафеіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНАДАТРАПІ́НЫ, ганадатропныя гармоны,
гармоны, якія рэгулююць эндакрынную функцыю палавых залоз (ганад) пазваночных. Вырабляюцца пярэдняй доляй гіпофіза (гіпафізарныя ганадатрапіны) і плацэнтай (харыянічны ганадатрапін). Да гіпафізарных ганадатрапінаў належаць фалікуластымулюючыя гармоны (фолітрапін, пралан А, тылакентрын), лютэінізуючыя гармоны (пралан Б, метакентрын) і лютэатропныя гармоны (пралактын, лютрапін, маматрапін, мамаген), што стымулююць у самак выспяванне яйцаклетак, авуляцыю, утварэнне жоўтага цела (у млекакормячых) і сакрэцыю эстрагенаў, у самцоў узмацняюць сперматагенез, рост інтэрстыцыяльных клетак і сакрэцыю тэстастэрону. Харыянічныя ганадатрапіны, якія атрымліваюць з мачы цяжарных жанчын і сывараткі крыві жарэбных кабыл, выкарыстоўваюць у гінекалогіі, пры атлусценні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУМЯШЧА́ЛЬНІЦТВА,
выкананне работнікам апрача сваёй асноўнай іншай работы, якая рэгулярна аплачваецца, на ўмовах прац. дагавора. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь сумяшчальнікам можа быць любы работнік незалежна ад яго спецыяльнасці, кваліфікацыі, памеру зарплаты. С. дапускаецца і па месцы асн. работы, і ў інш. прадпрыемстве, установе, арг-цыі. Пры С. забараняецца прыём на работу цяжарных жанчын і асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, а таксама сумесная служба сваякоў, звязаная з непасрэднай падпарадкаванасцю і падкантрольнасцю, і ў некат. інш. выпадках. Парадак афармлення на работу па С. рэгулюецца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЕЛАНЕФРЫ́Т (ад грэч. pyelos лаханка + nephros нырка),
інфекцыйна-запаленчае захворванне лаханкі і парэнхімы ныркі з пераважным пашкоджаннем яе прамежкавай тканкі. Узбуджальнікі П. — стрэптакокі, стафілакокі, сінягнойная палачка і інш. Развіваецца як самаст. захворванне або на фоне хвароб мочапалавой сістэмы (напр., мочакамянёвая хвароба), як ускладненне пасля грыпу, запалення лёгкіх і інш. Бывае ў цяжарных жанчын. Адрозніваюць П. востры і хранічны. Прыкметы вострага: дрыжыкі, т-ра цела да 40 °C, моташнасць, ірвота, боль у паясніцы, мышцах, лейкацыты ў мачы. Пры хранічным П. — слабасць, хуткая стамляльнасць, ацёчнасць твару, расстройствы мочаспускання, у мачы лейкацыты і бактэрыі; бывае нырачная недастатковасць. Лячэнне тэрапеўт. і хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛАРО́ДНАЯ ТЭРАПІ́Я, аксігенатэрапія,
выкарыстанне кіслароду ў лекавых мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Уваходзіць у склад тэрміновай, амбулаторнай ці стацыянарнай мед. дапамогі. Накіравана на папярэджанне развіцця ці ліквідацыю адмоўных вынікаў гіпаксіі; выкарыстоўваецца як асн. або спадарожны сродак аэразольтэрапіі, баратэрапіі, клімататэрапіі, рэанімацыі і інш., эфектыўная пры лёгачных і сардэчна-сасудзістых хваробах, траўматычным і шокавым стане, гангрэнах, некат. вострых атручэннях, парушэннях дыхання і кіслароднага балансу ў арганізме, вышыннай хваробе, таксікозе цяжарных і інш.Асн. метады К.т.: інгаляцыі кіслародна-паветраных сумесей, штучная вентыляцыя лёгкіх (актыўная ці пасіўная, пры дапамозе кіслародных падушак, спец. кіслародна-дыхальных апаратаў і без іх). Складаныя метады К.т. накіраваны на карэкціроўку абмену рэчываў, стабілізацыю працэсаў дыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННАЯ НЕДАСТАТКО́ВАСЦЬ, гіпавітамінозы,
хвароба ад нястачы вітамінаў у арганізме чалавека і жывёлы. Бывае ад недастатковага паступлення ў арганізм аднаго ці некалькіх вітамінаў з ежай (кормам) — экзагенная вітамінная недастатковасць і ад паніжанай здольнасці арганізма да засваення вітамінаў (напр., тлушчарастваральных вітамінаў пры парушэннях усмоктвання тлушчаў у кішэчніку) — эндагенная вітамінная недастатковасць. Эндагенная недастатковасць водарастваральных вітамінаў звязана з парушэннямі ператварэння іх у адпаведныя каферменты. Адсутнасць вітамінаў выклікае авітамінозы. Вітамінную недастатковасць цяжка распазнаць: яна доўга можа выяўляцца неспецыфічна (затрымка росту, фіз. слабасць, паніжаная ўстойлівасць да інфекц. хвароб і інш.). У с.-г. жывёлы асн. прычына вітаміннай недастатковасці — нястача вітамінаў у корме. Найчасцей бывае ў стойлавы перыяд у цяжарных самак і ў маладняку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ АДПАЧЫ́НКУ,
прафілактычная аздараўленчая ўстанова для адпачынку і аднаўлення сіл людзей у найб. спрыяльных і здаровых умовах. Д.а. ствараюць прафес. саюзы, мін-вы, ведамствы, асобныя прадпрыемствы і калгасы.
Бываюць Д.а. круглагадовыя, сезонныя і спец. (для бацькоў з дзецьмі, моладзі, цяжарных і інш.), з 12- і 24-дзённым адпачынкам і для адпачынку ў выхадныя дні. Усе Д.а. маюць мед. пункты, на якіх працуюць мед. сёстры, у значных (350 і больш месцаў) ёсць урач, у невялікіх (200—350 месцаў) — фельчар. Некаторыя Д.а. маюць зубаўрачэбны і фізіяпрацэдурны кабінеты, лячэбны масаж. Першыя Д.а. на Беларусі (з 1920): «Ждановічы» (з 1970 санаторый) пад Мінскам, «Чонкі» пад Гомелем. У 1980 на Беларусі было 16 Д.а. на 5452 месцы, у 1996—11 на 2549 месцаў: 5 з іх ведамасныя, 6 Д.а. («Алеся», «Лагойскі», «Лясныя азёры», «Нарач», «Пухавічы», «Свіцязь») належаць аб’яднанню «Белпрафсаюзкурорт». У 1960-я г. з’явіліся ўстановы на ўзор Д.а. — пансіянаты адпачынку (у 1995—4 на 784 месцы) і пансіянаты з лячэннем (1 на 178 месцаў).