раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНАСЦЬ, публічнасць,
права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш.Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл.Галоснасць судаводства).
Літ.:
Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;
50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;
Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУЦЫЙНЫ СУД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю прававых актаў у дзяржаве. Ствараецца для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і яе непасрэднага дзеяння на тэр. краіны, сцвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні, вырашэння інш. задач, прадугледжаных заканадаўствам. Прававую аснову яго арганізацыі і дзейнасці складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь», прыняты Парламентам 30.3.1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў 1995 і 1997), Рэгламент Канстытуцыйнага суда (прыняты 18.9.1997 з дапаўненнямі ад 11.6.2001). Канстытуцыйны суд фарміруецца на парытэтнай аснове: 6 суддзяў назначаюцца Прэзідэнтам, 6 выбіраюцца Саветам Рэспублікі з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень, валодаюць высокімі маральнымі якасцямі. З 12 суддзяў Канстытуцыйнага суда Беларусі 5 кандыдатаў, 3 дактары юрыд. навук, прафесары, з іх адзін чл.-кар.Нац.АН Беларусі, 3 жанчыны. Старшыню Канстытуцыйнага суда з суддзяў назначае Прэзідэнт са згоды Савета Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў членаў суда — 11 гадоў, гранічны ўзрост — 70 гадоў; дапускаецца іх прызначэнне або выбранне на новы тэрмін. Суддзі Канстытуцыйнага суда не могуць быць членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі, а таксама членамі паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца дасягнення паліт. мэт; несумяшчальнымі з пасадай суддзі з’яўляюцца прадпрымальніцкая дзейнасць і інш. работа, якая аплачваецца (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай).
Канстытуцыйны суд разглядае справы і дае заключэнні: аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта, міжнар. дагавораў Канстытуцыі і міжнар.-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь; аб адпаведнасці Канстытуцыі, міжнар.-прававым актам, законам і дэкрэтам пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярх. суда, Вышэйшага гасп. суда, Генеральнага пракурора, нарматыўных актаў міністэрстваў, ведамстваў, мясц. Саветаў, выканаўчых і распарадчых органаў. Пытанні аб канстытуцыйнасці такіх актаў суд разглядае як у цэлым, так і асобныя іх часткі. У выпадку прызнання такіх актаў не адпаведнымі Канстытуцыі або актам больш высокай юрыд. сілы яны лічацца страціўшымі сілу з моманту, вызначанага судом. У неабходных выпадках па прапанове Прэзідэнта Канстытуцыйны суд дае заключэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі палатамі Парламента. Суддзі, не згодныя з прынятым рашэннем, маюць права выкласці сваё асобае меркаванне ў пісьмовай форме. Выніковае рашэнне павінна быць абвешчана не пазней як праз 15 дзён з моманту заканчэння разгляду справы. Паводле заканадаўства рашэнні Канстытуцыйнага суда з’яўляюцца канчатковымі і не падлягаюць абскарджанню і апратэставанню; яны абавязковыя для выканання ўсімі дзярж. органамі, прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі, службовымі асобамі і грамадзянамі. Невыкананне, неналежнае выкананне або перашкоды выкананню рашэння суда цягнуць адказнасць, устаноўленую законам. Канстытуцыйны суд рыхтуе штогадова пасланні Прэзідэнту і палатам Парламента пра стан канстытуцыйнай законнасці ў краіне. Суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, паколькі сам кантралюе канстытуцыйнасць нарматыўных актаў. Аднак у адпаведнасці з законам ён мае права рабіць Прэзідэнту, Нац. сходу, Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь, іншым дзярж. органам прапановы пра неабходнасць унясення ў акты дзеючага заканадаўства змен ці дапаўненняў або прыняцця новых нарматыўных актаў. Афіц. выданнем суда з’яўляецца «Веснік Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь». Дзейнасць суда фінансуецца з дзярж. бюджэту, расходы ў сувязі з выкананнем яго абавязковых рашэнняў нясуць дзярж. органы, прадпрыемствы, установы і арганізацыі, на якія было ўскладзена выкананне гэтых рашэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДОВАЯ СІСТЭМА
Судовая ўлада ў Рэспубліцы Беларусь належыць судам, утвораным ва ўстаноўленым парадку, і ажыццяўляецца незалежна ад заканад. і выканаўчай улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй сістэму агульных судоў, якая будуецца на прынцыпах тэрытарыяльнасці і спецыялізацыі, утвараюць Вярх. суд Рэспублікі Беларусь, абласныя, Мінскі гарадскі, раённыя (гарадскія), а таксама ваенныя суды. Да гасп. судоў адносяцца: Вышэйшы гасп. суд, гасп. суды абласцей і прыраўнаваныя да іх суды, гасп. суды гарадоў і раёнаў. У сістэме агульных і гасп. судоў дапускаецца ўтварэнне спецыялізаваных калегій, а ў прадугледжаным законам парадку — спецыялізаваных судоў: па справах непаўналетніх, сямейных справах, адм., зямельныя, падатковыя і інш. Утварэнне надзвычайных судоў у Беларусі забараняецца.
Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі, законаў «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 (у рэдакцыі закона 7.6.1996), «Аб гаспадарчым судзе ў Рэспубліцы Беларусь» ад 5.6.1991 (у рэдакцыі закона 9.7.1997) і іншых актаў заканадаўства. Яно будуецца на пачатках роўнасці грамадзян перад законам і судом незалежна ад паходжання, сац., службовага і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, паліт. і інш. перакананняў, адносін да рэлігіі, полу, адукацыі, мовы, роду і характару заняткаў, месца жыхарства і інш. абставін. Грамадзяне маюць права на судовую абарону ад замахаў на жыццё і здароўе, гонар і годнасць, асабістую свабоду і маёмасць, інш. гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды, а таксама на абарону ад неправамерных дзеянняў органаў дзярж. кіравання і службовых асоб. Суды ўтвараюцца на асновах выбарнасці і прызначальнасці суддзяў. Суддзёй можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы на юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Кандыдаты на пасады суддзі абласнога, Мінскага гарадскога, Бел. ваеннага судоў павінны мець стаж работы ў якасці суддзі не менш за 3 гады, суддзі Вярх. суда — не менш як 5 гадоў. Суддзі не могуць займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю, выконваць інш. аплачваемую работу (акрамя выкладчыцкай і навук.-даследчай). Старшыні і суддзі Вярх. суда і Вышэйшага гасп. суда назначаюцца Прэзідэнтам са згоды Савета Рэспублікі, суддзі раённых (гарадскіх), ваенных, гасп. і спецыялізаваных судоў назначаюцца Прэзідэнтам.
Арганізацыя і дзейнасць суд. улады заснаваны на прынцыпах незалежнасці суддзяў пры ажыццяўленні правасуддзя, нязменнасці суддзяў (назначэнне пасля першых 5 гадоў работы пажыццёва, удзел у выкананні правасуддзя прадстаўнікоў грамадзян у якасці нар. засядацеляў), асабістай недатыкальнасці суддзяў. Справы ў судах разглядаюцца калегіяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — аднаасобна суддзямі. Разбор спраў ва ўсіх судах адкрыты, акрамя выпадкаў, калі гэта супярэчыць інтарэсам аховы дзярж. тайны, а таксама ў інш. прадугледжаных заканадаўствам выпадках. Закрытыя суд. пасяджэнні дапускаюцца па матываваным вызначэнні суда аб злачынствах асоб, якія не дасягнулі 16-гадовага ўзросту, па справах аб палавых злачынствах, а таксама па інш. справах з мэтай прадухілення выдавання інфармацыі, што датычыць інтымных бакоў жыцця грамадзян або ганьбіць іх гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Асобам, што ўдзельнічаюць у справе і не валодаюць мовай, на якой вядзецца працэс, забяспечваецца права азнаямлення з усімі матэрыяламі справы, удзел у суд. дзеяннях праз перакладчыка, права выступаць у судзе на роднай мове. У судаводстве грамадзяне маюць права на кваліфікаваную юрыд. дапамогу. Правасуддзе ажыццяўляецца на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе. Суд. пастановы з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і службовых асоб. Бакі і асобы, якія ўдзельнічаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і інш.суд. пастаноў. Праявы непавагі да суда з боку службовых асоб або грамадзян, якія прымаюць удзел у справе, прысутнічаюць у суд. пасяджэнні, цягнуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Раённыя (гарадскія) суды складаюцца са старшыні суда, суддзяў і суддзяў па адм. справах і выканаўчых судаводствах. Яны разглядаюць усе грамадз.крымін. і адм. справы, за выключэннем аднесеных законам да кампетэнцыі інш. судоў, матэрыялы аб выкананні рашэнняў, прыгавораў, пастаноў і вызначэнняў, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, а таксама ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі.
Абласныя і Мінскі гарадскі суды складаюцца са старшыні і нам. старшыні суда, суддзяў і дзейнічаюць у складзе суд. калегій і прэзідыумаў судоў. Яны разглядаюць у межах сваіх паўнамоцтваў справы ў якасці суда першай інстанцыі, у касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях; ажыццяўляюць нагляд за суд. дзейнасцю раённых (гарадскіх) судоў, аказваюць ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, вывучаюць і абагульняюць суд. практыку, аналізуюць суд. статыстыку.
Міжгарнізонныя ваенныя суды ўтвараюцца Прэзідэнтам з улікам колькасці і дыслакацыі вайсковых часцей Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь і інш.вайск. фарміраванняў паводле сумеснага прадстаўлення міністра юстыцыі і Старшыні Вярх. суда Рэспублікі Беларусь. Яны разглядаюць грамадз. справы па ісках, што ўзнікаюць з адносін вайск. службы, крымін. справы аб усіх злачынствах, учыненых асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага. Бел. ваенны суд, які дзейнічае ў складзе суд. калегій, ажыццяўляе нагляд за суд. дзейнасцю міжгарнізонных судоў, аказвае ім дапамогу ў прымяненні заканадаўства, разглядае ў межах сваіх паўнамоцтваў канкрэтныя справы.
Правасуддзе і нагляд за суд. дзейнасцю агульных судоў у парадку, устаноўленым законамі, ажыццяўляе Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ён дзейнічае ў складзе калегій па грамадз. і па крымін. справах, ваеннай калегіі, прэзідыума і пленума Вярх. суда. Вярх. суд разглядае справы ў касацыйным парадку, у парадку нагляду і па новаадкрытых акалічнасцях, а таксама ў якасці суда першай інстанцыі ў выпадках, прадугледжаных законамі, ажыццяўляе інш. паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканад. актамі. Вярх. суду належыць права заканад. ініцыятывы ў Нац. сходзе Рэспублікі Беларусь.
Гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе ў межах сваёй кампетэнцыі правасуддзе ў галіне эканам. адносін, забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў прадпрыемстваў і арганізацый незалежна ад формы ўласнасці, аднастайнае і правільнае прымяненне заканадаўства пры вырашэнні гасп. спрэчак, прадухілення парушэнняў законнасці ў эканам. адносінах і дагаворных абавязацельстваў, рыхтуе прапановы па ўдасканаленні гасп. заканадаўства.
Будынак Вышэйшага гаспадарчага суда Рэспублікі Беларусь.