НЕЙРАХІ́МІЯ (ад нейра... + хімія), біяхімія нервовай сістэмы,

раздзел біяхіміі, які вывучае хім. састаў нерв. тканкі, абмен рэчываў у ёй, хім. і малекулярна-клетачныя механізмы дзейнасці нерв. сістэмы. Цесна звязана з біяфізікай, малекулярнай біялогіяй, нейрафізіялогіяй, нейраэндакрыналогіяй, параўнальнай, узроставай і эвалюц. фізіялогіяй, цыта- і гістахіміяй. Мае вял. значэнне для нейрафармакалогіі, неўрапаталогіі, псіхіятрыі.

Узнікла ў 2-й пал. 19 ст. з пачаткам сістэм. даследавання хім. складу галаўнога мозга (А.Я.Данілеўскі, ням. вучоны Дж.Л.​У.​Тудыхум і інш.). У сярэдзіне 20 ст. сфарміравалася як самаст. кірунак. Уклад у развіццё Н. зрабілі Г.Х.Дэйл, Б.Кац, О.Лёві. Х.К.Хартлайн, сав. вучоныя А.У.Паладзін, Я.​М.​Крэпс, Г.​Я.​Уладзіміраў і інш. У складзе нерв. тканкі вылучаны шэраг складаных ліпідаў (гангліязіды, сфінгаміэліны, фасфатыды, цэрэбразіды і інш.), біялагічна актыўных рэчываў (медыятараў і нейрагармонаў), амінаў (адрэналін, ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш.), пептыдаў (напр., эндарфіны, энкефаліны), амінакіслот і інш. Удакладняецца іх функцыян. роля, высвятляюцца метабалізм і механізмы дзеяння гэтых рэчываў, а таксама гармонаў, таксінаў, фармакалагічных прэпаратаў і інш. Вывучаюцца біяхім. асновы перадачы нерв. імпульсаў, нейратрафічных уплываў, узбуджэння, тармажэння, сну, памяці, навучання, работы рэцэптараў, індывід. развіцця мозга і інш.

На Беларусі Н. развіваецца з 1922 сумесна з нейрафізіялогіяй у ін-тах фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскім і Гродзенскім мед. ін-тах, Віцебскім мед. ун-це і Гомельскім ун-це.

Літ.:

Палладин А.В., Белик Я.В., Полякова Н.М. Белки головного мозга и их обмен. Киев, 1972;

Хухо Ф. Нейрохимия: Основы и принципы: Пер. с англ. М., 1990.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАГЕНЕ́ТЫКА (ад цыта... + генетыка),

навука, што вывучае заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці ва ўзаемасувязі з будовай і функцыямі ўнутрыклетачных структур (пераважна храмасом).

Тэарэт. фундамент Ц. — асн. палажэнні храмасомнай тэорыі спадчыннасці, сфармуляванай у пач. 20 ст. Т.Х.Морганам і яго школай. У станаўленні Ц. як самаст. навукі значную ролю адыгралі працы вучоных Р.​А.​Лявіцкага і І.​Д.​Чысцякова (Расія), К.​Белара, Т.Боверы, О.​Гертвіга, Э.Страсбургера, В.Флемінга (Германія), У.​Сетана (ЗША), фундаментальныя распрацоўкі Б.Л.Астаурава, М.К.Кальцова, С.І.Навашынам, Г.​Д.​Карпечанкі, А.​А.​Пракоф’евай-Бяльгоўскай. Выкарыстанне ў Ц. электроннай мікраскапіі, радыёаўтаграфіі, рэнтгенаструктурнага аналізу, дыферэнцыяльнай афарбоўкі храмасом і інш. спрыяла выяўленню тонкай структуры храмасом і асаблівасцей іх функцыянавання ў працэсах рэплікацыі, транскрыпцыі і трансляцыі. Адрозніваюць агульную Ц. (клетачныя асновы спадчыннасці) і Ц. раслін, жывёл і чалавека. Даныя Ц. выкарыстоўваюцца ў вывучэнні працэсаў відаўтварэння, медыцыне, селекцыі раслін і жывёл.

На Беларусі даследаванні па Ц. (разам з цыталогіяй) пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. навук. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, БСГА. Уклад у развіццё Ц. зрабілі У.Я.Борматаў, А.Р.Жэбрак, А.У.Канстанцінаў, А.А.Кедраў-Зіхман, Г.В.Краскоўскі, Г.І.Лазюк, Г.М.Палілава, Л.У.Хатылёва. Даследуюцца структурна-функцыян. арганізацыя геномаў раслін, тэарэт. і метадычныя аспекты эксперым. ператварэння карыятыпаў раслін метадамі храмасомнай інжынерыі, праблемы лячэння спадчынных хвароб і пухліннага росту, цытагенет эфекты ўздзеяння іанізавальных выпрамяненняў і хім. фактараў у саматычных і палавых клетках.

Літ.:

Константинов А.В. Цитогенетика. Мн., 1971;

Тетраплоидные тритикале: Создание, цитогенетич. изучение и использование в селекции. Мн., 1990;

Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001.

Н.​І.​Дубавец.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫТАЛО́ГІЯ (ад цыта... + ...логія),

навука пра клетку. Вывучае будову і функцыі тканкавых клетак у мнагаклетачных арганізмаў, аднаклетачныя арганізмы і ядзерна-цытаплазматычныя комплексы, не падзеленыя на клеткі (сімпласты, сінцытыі, плазмодыі). Клетка — асн. структурна-функцыян. адзінка жывога, таму працэсы і заканамернасці, што даследуе Ц., — аснова працэсаў, якія вывучае гісталогія, анатомія, эмбрыялогія, фізіялогія, генетыка, біяхімія, малекулярная біялогія і інш. У шэрагу раздзелаў Ц. — карыясістэматыка, радыяцыйная Ц., імунацыталогія, цытапаталогія, клетачная інжынерыя і інш.

Вывучэнне клетак з дапамогай мікраскопа пачалося ў 2-й пал. 17 ст. (Р.Гук, А.Левенгук, М.Мальпігі). Адно з найважн. дасягненняў — стварэнне клетачнай тэорыі (1839). Удасканаленне мікраскопа прывяло ў 2-й пал. 19 ст. да адкрыцця арганоідаў цытаплазмы і ролі ядра ў працэсе мітатычнага дзялення клеткі. Даследаванні ролі храмасом у спадчыннасці і вызначэнні полу далі ў пач. 20 ст. пачатак цытагенетыцы. З 1950-х г. развіццё Ц. звязана з выкарыстаннем электроннага мікраскопа, метадаў колькаснай цытахіміі, культывавання тканкавых клетак па-за арганізмам і інш.

На Беларусі даследаванні па Ц. пачаліся ў 1920-я г. ў БДУ (П.А.Маўрадыядзі). Асн. цэнтры: Ін-т генетыкі і цыталогіі Нац. АН Беларусі, НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, НДІ спадчынных і прыроджаных захворванняў, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т, Віцебская акадэмія вет. медыцыны, Горацкая с.-г. акадэмія. Вывучаюцца агульныя заканамернасці арганізацыі клетачных структур і ўнутрыклетачных працэсаў, унутрыклетачных рэгулятарных механізмаў цэласнай клеткі, механізмы рэалізацыі генет. інфармацыі на розных этапах антагенезу і інш.

Літ.:

Морфогенез и структура органов человека и животных. Мн., 1970;

Заварзин А.А. Основы частной цитологии и сравнительной гистологии многоклеточных животных. Л., 1976;

Ченцов Ю.С. Общая цитология. 2 изд. М., 1984;

Збарский И.Б., Кузьмина С.Н. Скелетные структуры клеточного ядра. М., 1991.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)