ВІ́ЛЬДЭ (Vilde) Эдуард (4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),

«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРО́ЎСКІ (Werowski) Ігнацы Юзаф (13.7.1783, Вільня — 8.8.1841),

польскі акцёр. Дэбютаваў у 1802 у Мінску ў групе М.​Кажынскага, у якой і працаваў да 1812, выступаў таксама ў Гродне і Віцебску. З 1812 у Вільні, з 1815 у Варшаве. Акцёр высокай прафес. культуры, імкнуўся ў творчасці да гіст. канкрэтнасці і жыццёвай верагоднасці сцэн. вобразаў, да натуральнасці ў паказе на сцэне чалавечых пачуццяў. Выконваў ролі трагедыйныя (Атэла — «Атэла» У.​Шэкспіра; Сід — «Сід» П.​Карнеля; Замора — «Альзіра» Вальтэра), камічныя (Брындус — «Уяўны цуд, або Кракаўцы і горцы» В.​Багуслаўскага), герояў і палюбоўнікаў у класічным і рамантычным рэпертуары, меладраматычных ліхадзеяў, спяваў у оперы.

т. 4, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫН Эраст Паўлавіч (10.11.1902, г. Разань, Расія — 4.9.1980),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1977). Скончыў Вышэйшыя эксперыментальныя тэатр. майстэрні (1926). Працаваў у Т-ры імя У.​Меерхольда (з 1922), Ленінградскім т-ры Камедыі (з 1936, акцёр і рэжысёр), Т-ры-студыі кінаакцёра (Масква, з 1950). Вострахарактарны камедыйны акцёр. Сярод роляў: Гулячкін («Мандат» М.​Эрдмана), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1934 здымаўся ў кіно: Ад’ютант («Паручнік Кіжэ»), Альфрэд Тараканаў («Музычная гісторыя»), Кароль («Папялушка»), Каін XVIII (аднайм. фільм) і інш. Паставіў (разам з Х.​А.​Лакшыной) фільмы: «Жаніцьба» (1937; і роля Падкалёсіна), «Прынц і жабрак» (1942), «Звычайны цуд» (1965; і роля Караля) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІК Сцяпан Іванавіч (3.4.1908, с. Пасыцэлы Балцкага р-на Адэскай вобл. — 11.1.1982),

украінскі паэт-гумарыст і сатырык. Скончыў Адэскі пед. ін-т (1934). Друкаваўся з 1926. Аўтар кн. вершаў «Нашы знаёмыя» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1950), зб-каў гумарыст. вершаў і фельетонаў «Ходзіць Перац па агародзе» (1952), «Які Сава — такая і слава» (1955), «Здаравенькі былі!» (1958), «П’яныя ваўкі» (1962), «Дазасядаўся!..» (1968) і інш., біягр. апавяданняў («З кнігі жыцця», 1964), успамінаў пра дзеячаў л-ры і мастацтва. Пераклаў на ўкр. мову творы У.​Корбана (у зб. «Тона попелу», 1964).

Тв.:

Твори. Т. 1—4. Київ, 1978;

Бел. пер. — Гумар і сатыра. Мн., 1959;

Цуд у чаравіку. Мн., 1970.

В.​А.​Чабаненка.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ СІ́КА (De Sica) Віторыо (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),

італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́ВА Барыс Яўгенавіч (24.5.1896, г. Паўлаград, Украіна — 25.11.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1967). Д-р мастацтвазнаўства (1964). З 1913 у Студэнцкай студыі пад кіраўніцтвам Я.​Вахтангава (з 1926 Тэатр імя Я.​Вахтангава). Сярод роляў: Доктар («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), хан Цімур («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы). Сярод рэжысёрскіх работ: «Барсукі» Л.​Лявонава (1927), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1932), «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Рэвізор» М.​Гогаля (1939), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1958). З 1925 кіраваў школай пры Тэатры Вахтангава (з 1939 Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна), з 1939 прафесар. Аўтар кніг па тэорыі акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва, тэатр. педагогіцы. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́РАЎ Марк Анатолевіч (н. 13.10.1933, Масква),

расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1991). Засл. дз. маст. Расіі (1977). З 1973 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя Ленінскага камсамола (з 1990 «Ленком»). Паставіў спектаклі: «Іваноў» А.​Чэхава (1973), «"Юнона" і "Авось"» А.​Вазнясенскага і А.​Рыбнікава (1980), «Тры дзяўчыны ў блакітным» Л.​Петрушэўскай (1985), «Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема, «Мудрэц» паводле А.​Астроўскага (абодва 1989), «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (1993) і інш. Драм. творам імкнецца надаць сугучную сучасным праблемам трактоўку; спектаклі выразныя структурай, часта насычаны музыкай і танцам. Паставіў тэлефільмы: «Звычайны цуд» (1978), «Той самы Мюнхаўзен» (1979), кінафільм «Забіць дракона» (1989) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1987. Дзярж. прэмія Расіі 1992.

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЛАНЯ́Н Рач’я Мікітавіч (14.11.1923, с. Гяргяр, Арменія — 1988),

армянскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ерэванскае тэатр. вучылішча (1940). З 1937 працаваў у Ерэванскім т-ры юнага гледача (акцёр, у 1953—56 і 1959—62 гал. рэжысёр), Арм. т-ры оперы і балета імя Спендыярава (1962—65, гал. рэжысёр). У 1967 на базе створанага ім тэатра-студыі арганізаваў Ерэванскі драм. т-р, яго гал. рэжысёр, з 1986 дырэктар і маст. кіраўнік т-ра імя Сундукяна. Сярод пастановак: «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1955), «Начны цуд» Ягджана (1960), «60 гадоў і тры гадзіны» Араксманяна (1964), «Хачатур Абавян» Арменяна, «Любоў і смех» паводле Ацяна (1970) і інш. Пісаў п’есы. Дзярж. прэмія СССР 1981.

т. 8, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́КЛЬ (франц. miracle ад лац. miraculum цуд),

жанр сярэдневяковай рэлігійна-дыдактычнай драмы ў вершах, звычайна невял. памеру, сюжэт якой заснаваны на цудзе, здзейсненым святым ці Дзевай Марыяй. У Францыі вядомы з 13 ст., пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Прапагандаваў хрысц. мараль, аскетызм. З развіццём жанру рэліг. матывы выцясняліся, М. набываў свецкі характар, хоць агульная дыдактычная накіраванасць яго захоўвалася. На Беларусі існаваў у рэпертуары школьных т-раў у езуіцкіх калегіумах з канца 16 да сярэдзіны 18 ст. Паказы адбываліся ў Полацку, Віцебску, Навагрудку, Брэсце («Св. Ксаверы», «Св. Антоні Падуанскі») і інш.

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1. С. 129—144.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 10, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУ́РУ Сігэта (н. 1912),

японскі эканаміст, прадстаўнік інстытуцыяналізму. Д-р філасофіі (1940). Скончыў Гарвардскі ун-т (1935) і працаваў у ім у 1940—42. З 1944 супрацоўнік МЗС Японіі, у 1947—48 нам. кіраўніка Савета па эканам. стабілізацыі. Займаў пасады дырэктара Ін-та эканам. даследаванняў і рэктара Такійскага ун-та. Даследаваў праблемы макраэканам. дынамікі, цыклічнага развіцця яп. эканомікі, узаемадзеяння доўгачасовых фактараў эканам. росту з інстытуцыйнымі прынцыпамі грамадства. Лічыў, што дзярж. рэгуляванне эканомікі здольнае ўтаймаваць рыначную стыхію; для гэтага, на яго думку, праграмаванне павінна спалучаць у сабе прагназіраванне з антыцыклічным і мэтавым структурным рэгуляваннем. Асн. працы: «Палітыка і эканоміка ў барацьбе супраць забруджвання навакольнага асяроддзя» (1972), «Японскі эканамічны цуд скончыўся» (1978) і інш.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 17, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)