род брыевых імхоўсям. аўлакомніевых. Вядома 9 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды. На балотах, забалочаных лугах і лясах расце аўлакомніум балотны (A. palustre). Пагаршае якасць лугоў. Торфаўтваральнік. Радзей, пераважна на гнілой драўніне ў вільготных лясах, трапляецца аўлакомніум двухполы (A. androgynum).
Аўлакомніум балотны — двухдомная расліна. Утварае зялёныя або жоўта-зялёныя густалямцаватыя дзярнінкі. Сцёблы выш. Да 10—15 см, простыя або галінастыя. Лісце даўж. да 3 мм, падоўжана-ланцэтнае. Каробачка падоўжана-яйцападобная, гарбатая, нахіленая, на жоўта-чырвонай ножцы. Спараносіць летам. Вегетатыўнае размнажэнне лістападобнымі вывадкавымі цельцамі, сабранымі ў шарападобныя галоўкі на доўгіх ножках. У аўлакомніума двухполага вывадкавыя цельцы верацёнападобныя.
Г.Ф.Рыкоўскі.
Аўлакомніум балотны: 1 — спарагон з каробачкай; 2 — ліст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФА́ГІ [ад макра... + фаг(і)],
палібласты, клеткі мезенхімнага, манацытарнага паходжання ў жывёльным арганізме, здольныя да актыўнага захопу і засваення бактэрый, чужародных і таксічных для арганізма часцінак, рэшткаў пашкоджаных клетак і інш. Тэрмін уведзены І.І.Мечнікавым (1892). М. — буйныя клеткі (20—100 мкм) са зменлівай формай, псеўдаподыямі, маюць арганелы для ўнутрыклетачнага ператраўлення паглынутага матэрыялу (лізасомы, фагасомы, мультывезікулярныя рэшткавыя цельцы) і сінтэзу (эндаплазматычная сетка, мітахондрыі) антыбактэрыяльных і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Адыгрываюць вядучую ролю ў імунітэце, ажыццяўляюць фагацытоз. Знаходзяцца ў крыві (манацыты), злучальнай тканцы (гістыяцыты), крывятворных органах, печані (купфераўскія клеткі), сценках альвеол лёгкага (лёгачныя М.), брушной і плеўральнай поласцях (перытаніяльныя і плеўральныя М.). У млекакормячых утвараюцца ў чырв. касцявым мозгу. Гл. таксама Мезенхіма, Рэтыкулацыты, Фагацыты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦЯЎ О́РГАНЫ,
высокаспецыялізаваныя органы, з дапамогай якіх чалавек і жывёлы атрымліваюць інфармацыю з навакольнага асяроддзя.
Кожны П.о. складаецца з адчувальных (рэцэптарных) нерв. клетак і дапаможных структур; трансфармуе ў працэс нерв. ўзбуджэння толькі пэўны від энергіі, які ўздзейнічае на рэцэптары і перадае інфармацыю ў ц. н. с. Уяўляюць сабой сенсорныя сістэмы, складаюцца з 3 ч.: перыферычнай (рэцэптары), прамежкавай (перадача нерв. імпульсаў па правадных шляхах да падкоркавых цэнтраў), цэнтральнай (кара галаўнога мозга, дзе адбываецца аналіз і сінтэз адчуванняў). У залежнасці ад асаблівасцей развіцця, будовы, функцый нерв. і гліяльных кампанентаў П.о. падзяляюцца на 3 групы. Да 1-й адносяцца зроку органы і нюху органы; рэцэптарныя клеткі органаў зроку і нюху — нерв. (нейрасенсорныя). 2-я група: слыху органы, смаку органы, раўнавагі органы, утрымлівае гліяльныя клеткі (сенсаэпітэліяльныя), якія ўспрымаюць раздражненне і перадаюць узбуджэнне адчувальным нерв. клеткам. 3-я група: рэцэптарныя інкапсуляваныя і неінкапсуляваныя цельцы (перыферычныя ч. аналізатараў дотыку, ціску і інш.). П.о. садзейнічаюць найб. дасканаламу прыстасаванню арганізма да навакольнага асяроддзя.