КА́МПАС (ад партуг. campo поле, адкрытае месца),

мясцовая назва саваннаў на пласкагор’ях Бразіліі. Пераважаюць цвёрдыя дзярнінныя злакі, месцамі ў спалучэнні з нізкарослымі (2—3 м) дрэвамі і хмызняком, на чырвоных латэрытных глебах. Раён інтэнсіўнай жывёлагадоўлі.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.

Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).

Р.​А.​Чарнушзвіч.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІГАЭФІРАКРЫЛА́ТЫ, поліэфіракрылаты,

сінтэтычныя алігамеры, прадукты ўзаемадзеяння мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі к-тамі ў прысутнасці рэгулятараў росту макрамалекул (напр., акрылавыя к-ты). Бясколерныя вязкія вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Маюць высокую рэакцыйную здольнасць. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў, клеяў, кампаўндаў, палімербетону, герметыкаў, друкарскіх формаў.

т. 1, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЮ́ЧКІ ў раслін,

цвёрдыя востраканцовыя ўтварэнні ў выніку метамарфозы парастка (у глогу, цёрну), ліста (у барбарысу, кактусаў), прылісткаў, чаранка (у акацыі, сукулентных малачаяў), зрэдку кораня (у некат. лазячых пальмаў). Характэрны для раслін сухіх і гарачых абласцей, сустракаюцца таксама і ў раслін інш. кліматычных зон (ліяны). Біял. значэнне К. — ахова раслін ад жывёл, памяншэнне выпарэння вады.

т. 7, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ АКУ́СТЫКА,

раздзел фіз. акустыкі, у якім уласцівасці рэчыва і малекулярных працэсаў даследуюцца акустычнымі метадамі. Асн. метады М.а. заснаваны на вымярэнні скорасці і паглынання гуку, а таксама на вызначэнні залежнасці гэтых велічынь ад частаты гукавой хвалі, т-ры, ціску і інш. Метадамі М.а. даследуюць вадкасці, газы, палімеры, цвёрдыя целы, плазму ва ультрагукавым дыяпазоне.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГЛІ́ЦА,

шыпулькі, зялёнае, фотасінтэзуючае лісце многіх хвойных дрэў і кустоў тыпу голанасенных.

Вечназялёныя, лінейнай, іголка- або лускападобнай, трох-, чатырохграннай формы, даўж. 0,1—45 см; сядзячыя, размешчаныя спіральна, радзей супраціўна або кальчакова. Часцей шчыльныя, цвёрдыя, скурыстыя з невял. колькасцю вусцейкаў. Акрамя некалькіх лістападных форм, І. трымаецца на галінках 1—15 гадоў. Мае шмат фітанцыдаў, эфірных алеяў, вітамінаў.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІУРЭТА́НЫ,

сінтэтычныя палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы урэтанавыя групы —NH—C(O)O—. Звычайна маюць і інш. функцыян. групы, якія разам з урэтанавай групай вызначаюць уласцівасці палімераў (напр., поліэфірурэтаны маюць простыя эфірныя і складанаэфірныя групы, поліурэтанмачавіны — мачавінныя, поліамідаурэтаны — амідныя). Вядомы лінейныя і сеткавыя П., а таксама урэтанфункцыян. алігамеры.

Лінейныя П. — цвёрдыя аморфныя ці крышт. рэчывы, мал. м. (1—5)∙10​4. Раствараюцца ў дыметылфармамідзе, дыметылсульфаксідзе, фенолах. Сеткавыя П — мяккія высокаэластычныя ці цвёрдыя рэчывы, нерастваральныя ў вадзе і арган. растваральніках. Урэтанфункцыян. алігамеры — вязкія вадкасці, мал. м. (1—5) 10. Раствараюцца ў многіх арган. растваральніках. Для П. характэрны высокія трываласць, зноса-, масла-, бенза-, кіслота- і атмасфераўстойлівасць, невысокая ўстойлівасць пры павышаных т-рах і да ўздзеяння шчолачаў. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем ды- ці поліізацыянатаў (гл. Ізацыянаты) з двух- ці трохатамнымі спіртамі. Выкарыстоўваюць для атрымання пенапластаў, кляёў, плёнак, лакаў, валокнаў (гл. Поліурэтанавыя валокны), каўчукоў (гл. Урэтанавыя эластамеры).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАДКАМЕ́Р,

прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).

Ападкамер Траццякова.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́РФНЫ СТАН (ад а... + грэч. morphē форма),

няўстойлівы стан цвёрдага рэчыва, характэрная асаблівасць якога — адсутнасць строгай паўтаральнасці структурных элементаў (неўпарадкаванасць размяшчэння атамаў і малекул) і натуральная ізатрапія яго фіз. уласцівасцяў. Аморфныя цвёрдыя целы павольна крышталізуюцца, не маюць пастаяннай т-ры плаўлення (пры павышэнні т-ры размякчаюцца). Уласцівы многім прыродным (бурштын, смолы) і штучным (плаўлены кварц, шкло, пластмасы і інш.) рэчывам.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНКРЭМЕ́НТЫ (ад лац. concrementum нагрувашчанне, зрастанне),

цвёрдыя ўтварэнні («камяні») у полых органах і вывадных пратоках залоз у чалавека і жывёл; могуць быць прычынай хваробы. Бываюць рознага памеру, формы і кансістэнцыі. Хім. састаў залежыць ад фізіял. уласцівасцей асяроддзя, у якім адбываецца ўтварэнне К. (жоўцевыя, мачавыя камяні і інш.). Прычыны ўтварэння К. агульныя (напр., парушэнні абмену рэчываў) і мясц. (напр., змена хімізму сакрэту).

т. 7, с. 587

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)