КІПРЫЯНО́ВІЧ (Рыгор Якаўлевіч) (1851, в. Крайск Лагойскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1915),
царкоўны гісторык, педагог. Магістр багаслоўя (1873). Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1869). Выкладаў у Літ. духоўнай семінарыі, Віленскай гімназіі і Віленскім жаночым вучылішчы духоўнага ведамства. Друкаваўся пераважна ў «Литовских епархиальных ведомостях». Аўтар прац, прысвечаных гісторыі праваслаўя, каталіцызму і уніяцтва ў Беларусі і Літве.
В.М.Чарапіца.
т. 8, с. 274
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАДКО́ВІЧ (Феліцыян Піліп) (1697—1778),
уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. З 1730 епіскап холмскі і бэлзскі, з 1753 каад’ютар (памочнік-намеснік) мітрапаліта кіеўскага Ф.Грабніцкага, з 1756 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). У 1762—78 мітрапаліт кіеўскі. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў абвінаваціць В. ў злоўжываннях. Нягледзячы на заяву папскага прастолу пра невінаватасць Валадаковіча (1770), нападкі на яго з боку каралеўскай улады працягваліся да канца жыцця.
т. 3, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІНА́ННЕ,
сшытак (спіс) з імёнамі памерлых або жывых, якіх святар павінен памянуць у час набажэнства; таксама царкоўны рытуал, у час якога святар памінае імёны, уключаныя ў памінальны сшытак (спіс). У правасл. царкве П. памерлых робіцца на 3-і, 9-ы, 40-ы дзень і ў гадавіну смерці. Існуюць агульныя дні П. памерлых: дзяды (2 лістапада), бацькоўская субота, субота напярэдадні Сёмухі і інш. Гл. таксама Культ продкаў.
т. 12, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРАЙКЕ́ВІЧ (Ян Андрэй Гінтоўскі) (1599 ці 1609—1674),
бел. і польскі пісьменнік, педагог, царкоўны дзеяч. Са шляхецкага роду Андрайкевічаў герба «Побуг» Ваўкавыскага пав. Быў рэктарам Полацкага езуіцкага калегіума. Аўтар «Мемарыяла бессмяротнай памяці...» (Вільня, 1667), дзе змешчаны партрэты і гербы Сапегаў, а таксама твора «Гарчычнае зерне горкай пакуты... Хрыста...» (Вільня, 1673), перавыдадзенага ў Вільні (1688, 1757), Замосці (1701), Калішы (1746, 1756), Кракаве (1881); у 1719 перакладзены на ням. мову.
У.Г.Кароткі.
т. 1, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФАНА́СІЙ АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ (Athanasios; каля 295—2.5.373),
царкоўны дзеяч і багаслоў, прадстаўнік патрыстыкі. Епіскап г. Александрыя з 328. У барацьбе з арыянствам распрацаваў містычнае вучэнне пра «адзінасутнасць» Бога-айца і Бога-сына, дагматызаванае на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. Ідэалам рэліг. жыцця лічыў аскетызм. Адстойваў незалежнасць Александрыйскай царквы, за што ў 335—65 імператары 5 разоў яго звяргалі і ссылалі. Аўтар «Жыція Антонія», прысвечанага заснавальніку манаства ў Егіпце Антонію Вялікаму.
т. 2, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛАРЫЁН, Ларыён (? — ?),
старажытнарускі царкоўны дзеяч, філосаф і пісьменнік, заснавальнік Кіева-Пячэрскай лаўры (1051), першы мітрапаліт кіеўскі з мясц. духавенства (1051—54 ці 1055). Аўтар публіцыстычнага твора Стараж. Русі — «Слова пра закон і дар божы» (паміж 1037 і 1050), дзе развіваецца думка пра роўнасць народаў, якія вызнаюць хрысціянства, высока ацэньваюцца справы князёў, якія праславілі Русь у інш. краінах. У «Слове» выказаны таксама ідэі вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага аб царк. незалежнасці Кіеўскай дзяржавы ад Візантыі.
т. 7, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛІ́ТВА,
1) рэліг. містычны зварот да Бога, святых, звышнатуральных сіл з просьбай аб літасці або адхіленні зла, з ухваленнем, падзякай; частка рэліг. культу, абавязковы атрыбут абрадаў, набажэнстваў, царк. свят і штодзённага жыцця вернікаў. Бываюць вусныя (чытаюцца ў голас) і мысленныя (лічацца як узыходжанне розуму да Бога). Вусныя малітвы бываюць агульныя (царкоўны малебен) і асабістыя. У час М. вял. значэнне надаецца рытуальным дзеянням (стаянне на каленях, узняцце рук і г.д.).
2) Вызначаны, кананізаваны тэкст такога звароту.
т. 10, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),
італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.
т. 1, с. 501
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РЫЯС III [Makarios; свецкае Мускас (Muskos) Міхаіл Хрыстодулас; 13.8.1913, Ана-Паная, Кіпр — 3.8.1977],
царкоўны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Кіпр. Скончыў багаслоўскія факультэты Афінскага (Грэцыя, 1943) і Бостанскага (ЗША, 1948) ун-таў. З 1948 епіскап, з 1950 архіепіскап, кіраўнік аўтакефальнай Кіпрскай правасл. царквы і лідэр грэч. абшчыны вострава. Напачатку выступаў за далучэнне (энозіс) Кіпра да Грэцыі, за што ў 1956 высланы брыт. калан. ўладамі на Сейшэльскія а-вы. У 1957—59 жыў у Грэцыі. Узначальваў дэлегацыю грэкаў-кіпрыётаў на перагаворах пра будучыню Кіпра ў Цюрыху і Лондане, афіцыйна адмовіўся ад энозіса. У 1959—77 прэзідэнт Рэспублікі Кіпр.
т. 9, с. 530
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў [свецкае імя Бруцкі Іван (Ян); н. 22.1.1926, в. Белавуша Столінскага р-на Брэсцкай вобл.],
бел. эмігранцкі рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Манітобскі ун-т (1954) у г. Вініпег (Канада), Укр. правасл. семінарыю ў г. Баўнд Брук (ЗША). У 1943 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З 1947 у Канадзе. З 1957 старшыня Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 у ЗША, старшыня аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Дэтройце, член рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. У 1979 прыняў сан свяшчэнніка, з 1981 епіскап, з 1984 мітрапаліт БАПЦ. Узначальвае кансісторыю БАПЦ, прымае ўдзел у выданні час. «Царкоўны пасланец».
Л.У.Языковіч.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)