АБНАЎЛЕ́НЦЫ,

апазіцыйны рух у рус. правасл. царкве ў 1920—40-я г. Узніклі пасля Кастр. рэвалюцыі. Выступалі за «абнаўленне царквы», за яе лаяльныя адносіны да Сав. дзяржавы; мелі на мэце змяніць традыц. формы рэліг. дзейнасці, не закранаючы асновы веравучэння і культу. Змагаліся супраць кіраўніцтва афіц. рус. царквы, якое ў пач. 1920-х г. займала антысав. пазіцыі.

Асн. групы абнаўленцаў: «Жывая царква», «Царкоўнае адраджэнне», «Саюз абшчын старажытнаапостальскай царквы». З пераходам кіраўніцтва патрыяршай царквы на шлях лаяльнасці рух абнаўленцаў пачаў затухаць. Многія з іх парвалі з рэлігіяй, некаторыя вярнуліся ў старую царкву. Пасля смерці аднаго з лідэраў абнаўленства А.І.Увядзенскага (1946) рух спыніўся.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВЕ́РХНЯЯ ЦАРКВА́,

помнік мураванага дойлідства 14 — пач. 15 ст. Пабудавана на месцы Гродзенскай Ніжняй царквы. Часткі пабудовы выяўлены ў 1931—37 Ю.Ядкоўскім у час археал. раскопак на тэр. Гродзенскага Старога замка; у 1939 перанесены ў асобны павільён.

Рэшткі царквы даюць падставу меркаваць, што гэта быў квадратны ў плане са зрэзанымі вугламі бесстаўповы храм з паўкруглай апсідай. Унутры бакавых частак апсіды выяўлены аркі таўшчынёй у 1—2 цагліны. Першапачаткова перакрыццё царквы было драўлянае, пазней — скляпеністае на нервюрах. Пасля перабудовы храм накрыты чырвонай чарапіцай у форме плоскіх пласцін. Верхняя частка сцен упрыгожана крыжападобнай цэглай. Рэканструкцыю царквы выканалі: у 1938 Т.Андрыёнчык, у 1965 Абрамаўскас, у 1987 Ф.Селязнёў, Р.Сташкевіч, А.Трусаў.

т. 5, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІГО́ЙЦЫ (франц. Albiegeois),

удзельнікі ерэтычнага руху ў паўд. Францыі ў 12—13 ст., прыхільнікі вучэнняў катараў і вальдэнсаў. Назва ад аднаго з цэнтраў руху г. Альбі. Адмаўлялі асн. догматы каталіцкай царквы, патрабавалі ліквідаваць царк. іерархію, землеўладанне і дзесяціну. Асн. склад альбігойцаў — рамеснікі, сяляне, іх падтрымлівалі рыцары і знаць, якія дамагаліся зямельных багаццяў царквы. На Тулузскім саборы 1119 адлучаны ад царквы, асуджаны Усяленскім саборам 1215. Пасля Альбігойскіх войнаў 1209—29 знаць адышла ад ерасі. Рэшткі альбігойцаў знішчаны інквізіцыяй у 13 — пач. 14 ст.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРАТЫ́К (грэч. hairetikos),

чалавек, які адступіў ад догмаў пануючай царквы; паслядоўнік ерасі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ КАНГРЭГА́ЦЫІ ПРАПАГА́НДЫ ВЕ́РЫ,

«Acta S.C. de propaganda fide ecclesiam catholicam Ucrainae et Bielarusiae spectantia», серыя публікацый дакументаў па гісторыі царквы на тэр. Беларусі і Украіны. Выдаецца ў Рыме з 1953 базыльянскім ордэнам. Змяшчае акты (пратаколы) пасяджэнняў кангрэгацыі (створана ў 1622 рымскім папам для каардынацыі місіянерскай дзейнасці; распараджалася уніяцкай царквой, кантралявала місіянерскую дзейнасць каталіцкіх ордэнаў на тэр. Беларусі і Украіны), а таксама пасланні да папскіх нунцыяў, пратаколы «партыкулярных» кангрэгацый, на якіх прымаліся рашэнні аб дзейнасці уніяцкай царквы ў ВКЛ. Крыніца для вывучэння палітыкі рымскай курыі ў ВКЛ, сац.-паліт. эканам., ідэалаг. дзейнасці уніяцкай царквы.

Г.Я.Галенчанка.

т. 1, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРША́НСКАЯ ІЛЬІ́НСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1880 у Оршы на месцы царквы 1460 на левым беразе Дняпра.

Храм крыжова-купальнай кампазіцыі з 5-граннай апсідай і шатровай званіцай. Фасады дэкарыраваны філёнгамі, раскрапоўкамі, карнізамі, какошнікамі. Цэнтр. частка асн. аб’ёму завершана купалам. Тэр. царквы абнесена каменнай агароджай з брамай, вуглавымі вежамі і контрфорсамі.

Аршанская Ільінская царква.

т. 1, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДСКІ Рыгор Мікітавіч, бел. іканапісец 18 ст., майстар насценнай размалёўкі. З сялян в. Папова Гара Магілёўскай губ. (цяпер г.п. Красная Гара Бранскай вобл., Расія). Размалёўваў цэрквы, пісаў абразы для іканастаса царквы ў в. Папова Гара («Спас Уседзяржыцель» і інш.). У 1783 стварыў іканастас Ільінскай царквы ў в. Журавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. (знішчаны ў 1841).

т. 11, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУЗІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́,

адна са старажытных правасл.-хрысц. цэркваў. Узнікла ў пач. 4 ст., калі хрысціянства Грузіі стала дзярж. рэлігіяй. Да 5 ст. Грузінская праваслаўная царква была падначалена антыяхійскаму патрыярху, узначальваў яе архіепіскап. У 487 пасля абвяшчэння аўтакефаліі — каталікос, з 11 ст. — каталікос-патрыярх. Пасля далучэння Грузіі да Расіі Грузінская праваслаўная царква ў складзе рус.-правасл. царквы на правах экзархата (1811). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 груз. духавенства ліквідавала экзархат і абрала каталікоса-патрыярха, абвясціўшы аўтакефалію, што стала прычынай разрыву з Рус. правасл. царквой. У 1943 Маскоўская патрыярхія прызнала аўтакефалію Грузінскай праваслаўнай царквы. Мае адрозненні ад правасл. царквы ў літургічных правілах, асобныя літургічныя святы. Сучасная Грузінская праваслаўная царква мае 13 епархій, 10 манастыроў, 2 духоўныя школы.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛАС ПРАВАСЛА́ЎНАГА БЕЛАРУ́СА»,

рэлігійна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў ліст.снеж. 1931 у Вільні на бел. мове. Асн. задачу бачыў у аднаўленні і станаўленні бел. праваслаўнай царквы, выказваў заклапочанасць яе станам у Зах. Беларусі і БССР, імкнуўся спалучаць каштоўнасці хрысціянства з бел. ідэяй. Выступаў за дэмакратызацыю царквы, з пазіцый абнаўлення праваслаўя разглядаў гісторыю рэлігіі ў Беларусі, негатыўна ацэньваў унію. Друкаваў хроніку царк. жыцця ў Зах. Беларусі. Выйшлі 2 нумары.

т. 5, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРУЖЫ́НСКІ (Францішак) (3.1.1779, г. Орша, Віцебскай вобл. — 22.9.1850),

бел. рэліг. дзеяч, адзін з пачынальнікаў адукацыйнай сістэмы каталіцкай царквы ў ЗША. Скончыў езуіцкі калегіум у Оршы, у 1794 уступіў у ордэн езуітаў. У 1809 пасвячоны ў ксяндзы. Выкладаў тэалогію ў школах Аршаншчыны і Магілёўшчыны, у Полацкай езуіцкай акадэміі. З 1821 у ЗША, адзін з кіраўнікоў сістэмы адукацыі каталіцкай царквы ў краіне, з 1823 узначаліў ордэн езуітаў у ЗША.

Л.У.Языковіч.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)