схільнасць да спагады іншым, да літасці над кім-небудзь. У паняцці «М.» спалучаюцца духоўна-эмацыянальны аспект (перажыванне чужога болю як свайго) і канкрэтна-практычны (імкненне да дапамогі). Вытокі М. як рэальнага прынцыпу ляжаць у архаічнай радавой салідарнасці, якая абавязвала цаной любых ахвяр дапамагаць родзічам. М. прапаведуюць сусв. рэлігіі, перш за ўсё будызм і хрысціянства. Будызм разумее жыццё ўвогуле як пакуты, а таму М. трактуецца як універсальны прынцып адносін да ўсяго жывога. Хрысціянства ўносіць спецыфічную матывацыю М. — асабістую любоў да Хрыста. У выпадку маёмаснай і інш. няроўнасці застаецца адзінота, старасць і інш. пакуты, якія патрабуюць грамадскіх клопатаў і індывід. М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ПЕР Роберт Юр’евіч (14.7.1859, Масква — 30.12.1954),
рускі гісторык. Акад.АНСССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе (1894—97), Маскоўскага ун-та (1897—1922, 1941—50), Латв. ун-та ў Рызе (1924—41), Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і гісторыі (1941). З 1943 у Ін-це гісторыі АНСССР. Аўтар шматлікіх прац (у т. л. падручнікаў) па ўсеагульнай гісторыі ад антычнасці да пач. 20 ст., па метадалогіі гісторыі («Нарысы тэорыі гістарычнага пазнання», 1911, і інш.), па гісторыі хрысціянства («Узнікненне хрысціянскай літаратуры», 1946; «Рым і ранняе хрысціянства», 1954). У адзінай працы па рус. гісторыі «Іван Грозны» (1922) на сусв. фоне прааналізаваў падзеі ў Расіі 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦУД,
нешта незвычайнае, што выклікае здзіўленне; у рэлігійных і міфалагічных уяўленнях звышнатуральная з’ява, выкліканая ўмяшаннем божай, незямной сілы. Шматлікія паданні пра Ц. характэрны для ўсіх рэлігій. У т.зв. рэлігіях адкрыцця (хрысціянства, іслам, іудаізм) Ц. лічыцца сведчаннем сапраўднасці божага адкрыцця і доказам усемагутнасці Бога. У пратэстанцкай тэалогіі паняцце «Ц.» набыло шмат інтэрпрэтацый: М.Лютэр далучаў да Ц. ўсе здзяйсненні, якія адбываюцца ў свеце, сціраючы межы паміж натуральным і цудоўным. Прадстаўнікі Цюбінгенскай школы лічылі ўсе біблейскія паведамленні пра Ц. недакладнымі. Ф.Шлеермахер абвясціў Ц. рэліг. эквівалентам выпадковасці. Р.Бультман прапанаваў метад дэміфалагізацыі хрысціянства, згодна з якім хрысц. міфалогія страчвае рысы Ц., а сапраўднае тлумачэнне Ц. бачыў у атаясамленні веры ў Ц. і веры ў Бога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНЫЯ РЭЛІ́ГІІ,
рэлігіі, якія маюць найб. колькасць паслядоўнікаў ва ўсім свеце. Да іх адносяцца хрысціянства, будызм і іслам. Характарызуюцца універсальным, касмапалітычным веравучэннем і празелетызмам (імкненнем перавярнуць у сваю веру прыхільнікаў інш. рэлігій).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛІЙ ВЯЛІ́КІ (Basileios Megas), Васілій Кесарыйскі (каля 330, г. Кесарыя, М. Азія — 1.1.379),
царкоўны дзеяч, тэолаг, філосаф-платонік, адзін з айцоў царквы. Епіскап г. Кесарыя (з 370). Выступаў супраць арыянства, прапаведаваў аскетызм, падтрымліваў манаства. Прапаведуючы хрысціянства, выкарыстоўваў традыцыі ант. рыторыкі. Асн. працы: «Любамудрасць» (з Грыгорыем Багасловам) і «Супраць Еўнамія». У іх і гутарцы «Шастаднеў» выклаў асновы хрысц. касмалогіі, даваў парады па царк. дзейнасці і настаўленні. Распрацаваў варыянт літургіі (прынята ў праваслаўі і цяпер), рэгламентаваў правілы манастырскага жыцця. Лічыў, што ў інтарэсах хрысціянства магчыма «карыснае выкарыстанне» ант. культуры (пропаведзь «Да юнацтва»). Яго працы паўплывалі на развіццё слав. літаратур.
Тв.:
Рус.пер.: — Творения иже во святых отца нашего Василия Великого... // Творения святых отцов. М., 1843—1915. Т. 5—11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫ́ЗНА,
заключная частка пахавальнага абраду ў стараж. славян. Напачатку Т. суправаджалася ваен. гульнямі, спаборніцтвамі, ахвярапрынашэннямі, песнямі, танцамі, памінальнай вячэрай па нябожчыку; пасля прыняцця хрысціянства захавала памінальныя песні і вячэру. Т. наз. таксама памінкі па нябожчыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,
Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл.Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЖЫЧ,
у славянскай міфалогіі іпастась вярх. нябеснага бога. Атаясамліваўся з богам Сонца, сімвалізаваў пачатак веснавога сонечнага цыкла. З прыняццем хрысціянства Божыча супастаўлялі з вобразам Ісуса Хрыста. Імя Божыч узгадваецца ў назвах і песнях, звязаных з Калядамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КТЫ (лац. Picti),
назва групы плямён, якія складалі стараж. насельніцтва Шатландыі. П. пастаянна рабілі набегі на рымскую Брытанію, у 360-я г. дайшлі да Лондана. У 6 ст. ірландскі місіянер Калумбан схіліў іх да хрысціянства. У сярэдзіне 9 ст. заваяваны скотамі і змяшаліся з імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ХРЫСТ,
у хрысціянскай міфалогіі і тэалогіі праціўнік Ісуса Хрыста, які павінен з’явіцца ў канцы гісторыі (гл.Эсхаталогія) і ўзначаліць скрытую татальную вайну супраць хрысціянства, але будзе пераможаны ў час 2-га прышэсця Хрыста на Зямлю. Прароцтвы антыхрыстаў ёсць у старазапаветных кнігах Бібліі, яго прыход сімвалічна апісаны і ў Новым Запавеце. Увасабляе даўнюю варожасць «анёлаў цемры» да хрысціянства, поўнае адмаўленне хрысц. веры і маралі. Антыхрыст уяўляецца магутным чалавекам, надзеленым дэманічнай сілай Д’ябла, які прыходзіць у зманлівым абліччы Хрыста. Паводле апостала Паўла, у царстве антыхрыста людзі будуць самалюбівыя, зламоўныя, абыякавыя да любові і дабра, нахабныя, больш палюбяць раскошу, чым Бога. Антыхрыст — увасабленне дэманічнага пачатку ў чалавеку і грамадстве, спроба ўсталяваць бязбожную ўладу над зямлёй і космасам. Міфу пра антыхрыста прысвечаны фрэскі Л.Сіньярэлі, гравюры Л.Кранаха Старэйшага; аблічча антыхрыста апісаў Сімяон Полацкі ў творы «Жазло праўлення» (1667) і інш.