Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖВА́РЫ,
храм на вяршыні гары, каля сутокаў Куры і Арагві, непадалёку ад г. Мцхета (Грузія); помнік сярэдневяковай груз. архітэктуры. Пабудаваны ў 586/587—604. Вызначаецца гарманічнасцю прапорцый. У аснове плана цэнтрычнага тыпу храма — крыж (22 м × 18 м), канцы якога завершаны паўкруглымі апсідамі. Цэнтр. прастора перакрыта купалам на 8-гранным барабане. Усх. і паўд. фасады ўпрыгожаны фігурнымі рэльефамі і разьбой. Да храма прымыкае крыжападобная малая царква (6 ст., захавалася ў руінах).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛТА́Р (лац. altaria ад altus высокі),
частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.
А.А.Ярашэвіч.
Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКО́НА (Arkona),
рэлігійны цэнтр балтыйскіх славян 10—12 ст. на паўн. мысе в-ва Руген (слав. Руяна) у паўд. частцы Балтыйскага м. (Германія). З З была ўмацавана валам вышынёй 10—13 м. Арконай кіраваў вярх. жрэц бога Святавіта. У 1169 дацкі кароль Вальдэмар I разбурыў аркону і вывез яе скарбы ў Данію. Раскопкамі ўскрыты рэшткі квадратнага ў плане храма (20 × 20 м), апісанага сярэдневяковым дацкім аўтарам Саксонам Граматыкам, плошча сходаў, шэраг жытлаў уздоўж вала. Унутры храма выяўлены фундаменты 4 драўляных слупоў свяцілішча і каменны падмурак драўлянай статуі чатырохгадовага бога.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РДЗІЯ,
музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал.храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПЕРЦЬ,
памяшканне перад уваходам у царкву ў выглядзе невял. галерэі або ганка. Неабходны атрыбут прыходскага храма ў рус. мураванай і драўлянай архітэктуры. На П. звычайна збіраліся жабракі ў чаканні міласціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́СТВЕРК (ням. Westwerk),
у каралінгскіх і раманскіх цэрквах (пераважна ў Германіі) папярочная пабудова ў зах. частцы храма (з 2—3 вежамі, адкрытымі ў неф галерэямі і капэламі на хорах) для прыдворнага цырыманіялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́НТУПСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неабарока ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1908—14 на месцы старога драўлянага храма, фундаванага віленскім ваяводам Андрэем Альгердавічам у 1459. Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай. 2-ярусны «карабель» храма схаваны за кулісай гал. фасада, цэнтр якога вылучаны 2-ярусным рызалітам пад трохвугольным франтонам. На фасадзе і верхніх ярусах чатырохгранных веж-званіц, завершаных гранёнымі ліхтарамі над гранёнымі сферычнымі купалкамі, сканцэнтравана арх.-дэкар. пластыка: тонкапрафіляваныя карнізы, пілястры, арачныя нішы-экседры, круглыя люкарны. Рытміку плоскасных бакавых фасадаў ствараюць высокія арачныя аконныя праёмы. Вакол касцёла бутавая агародка з 3-пралётнай брамай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭФІ́КС (лац. antefixum),
від архітэктурнага аздаблення з мармуру ці тэракоты ў форме пальметы або шчыта з рэльефным арнаментам, з выявай фантаст. жывёліны. Звычайна размяшчаліся па краях дахавага накрыцца ўздоўж падоўжнай сцяны ант.храма.