КОРЖ, праснак,

у беларусаў даўняе мучное прэснае печыва. На К. звычайна бралі жытнюю муку, крута замешвалі на вадзе або сыроватцы, дадавалі соль, соду. Пяклі на чарэні або на патэльні тоўстым блінам. Спажывалі замест хлеба, а таксама ў пост, на памінках. Часам кавалкі К. залівалі смятанай або тоўчанымі ягадамі. У наш час К. — здобнае, салодкае печыва з пшанічнай мукі на малацэ.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШКІНСКІЯ ГО́РЫ,

пасёлак гар. тыпу ў Пскоўскай вобл. ў Расіі. Засн. ў 16 ст. 7,1 тыс. ж. (1998). Ільноапр., хлеба- і масларобны з-ды, харч. камбінат і інш. Радовішчы вапняку, гліны. Музей-запаведнік А.​С.​Пушкіна, у склад якога ўваходзяць сёлы Міхайлаўскае, Трыгорскае, Пятроўскае, гарадзішчы Вароніч і Саўкіна Горка, Святагорскі манастыр (засн. ў 1569), магіла паэта. Штогадовае Пушкінскае свята. Турызм.

т. 13, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУР,

даўняя бел. страва з аўсянай мукі. Рошчыну рабілі з неабтоўчанага аўса або вотруб’я і ставілі квасіць (каб хутчэй укісла, клалі кавалачак хлеба). Калі рошчына ўкісала, яе працэджвалі на сіта і давалі адстаяцца. Рэдкую частку (квасліны, малако) злівалі і варылі Ж., а з густой (цэда) — кісель. Ж. падсольвалі, заскварвалі або запраўлялі алеем і елі звычайна з бульбай. Вядомы па ўсёй Беларусі.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 6, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗАВІВА́ННЕ БАРАДЫ́»,

старадаўні земляробчы абрад у беларусаў і інш. славянскіх народаў. Жнеі пакідалі некалькі нязжатых каласоў, выполвалі ў гэтым месцы траву, надломлівалі сцябліны, скручвалі іх з кавалачкам хлеба з соллю і прыціскалі да зямлі. Паводле павер’я, заставаліся зімаваць у гэтых каласках жыцень і інш. збожжавыя духі, якія давалі жыццё сцяблінам, напаўнялі каласы зернем. Лічылася, што сіла з «барады» перадасца зямлі і забяспечыць добры ўраджай у наступным годзе.

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДНІ́ПРУ ((Zadnipru) Пётр Іонавіч) (13.1.1927, с. Саука, Малдова — 23.9.1976),

малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі ун-т (1952). Дэбютаваў у 1952 паэт. зб-камі «Святло палёў» і «Стэпавыя агні». У кнігах «Людзі, дарагія людзі...» (1962), «Смак хлеба» (1964), «Сыны вы мае, сыны!..» (1977) апаэтызаваў жыццё малд. вёскі, яе праблемы і клопаты. Пераклаў на малд. мову асобныя творы Я.​Купалы. На бел. мову творы З. пераклалі М.​Лужанін, С.​Панізнік, Г.​Шупенька.

т. 6, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКВА́СКІ,

чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.

т. 6, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЖА́, дзежка, хлебніца,

бандарны выраб, пасудзіна для заквашвання цеста ў беларусаў і некаторых інш. слав. народаў. Мела форму звужанай угору шырокай бочачкі (вышыня раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20—30 л), накрыўку (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак. Функцыянальнае выкарыстанне Дз. звязана з культам хлеба, яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля і інш. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.

В.​С.​Цітоў.

Дзяжа.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСНА́К,

у беларусаў даўняе хлебнае печыва ў выглядзе тоўстага бліна. Пяклі з жытняй мукі без закваскі, на содзе і сыроватцы. Цеста замешвалі крута, як на хлеб; выпякалі на патэльні. Спечаны П. пасыпалі соллю, кменам, змазвалі здорам; елі замест хлеба. Часам П. пяклі з хлебнага цеста, якое не падышло, з тоўчанай варанай бульбы і мукі, а таксама з рашчыненага на бліны, крута замешанага цеста. Пяклі П. і спецыяльна на квас. Месцамі П. наз. недакіслы хлеб.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХ (Аляксей Мікалаевіч) (17.3.1857, г. Залатаноша Чаркаскай вобл., Украіна — 13.5.1946),

расійскі біяхімік. Акад. АН СССР (1929). Герой Сац. Працы (1945). Адзін з заснавальнікаў Ін-та біяхіміі АН СССР (1935, з 1944 імя Баха), дзе быў дырэктарам. У 1939—45 акад.-сакратар Аддз. хім. навук АН СССР. Навук. працы па хімізму асіміляцыі вугляроду зялёнымі раслінамі, па праблемах акісляльных працэсаў. Стварыў новыя метады даследавання ферментаў, якія ляглі ў аснову тэхн. біяхіміі (вытв-сць хлеба, піва, апрацоўка лёну і інш.). Дзярж. прэмія СССР 1941.

Тв.:

Сборник избранных трудов. Л., 1937.

т. 2, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧА́СЦЕ, еўхарысція,

галоўны абрад, адно з 7 таінстваў у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Займае цэнтр. месца ў літургіі. У час П. веруючыя з’ядаюць кавалачак асвячонага хлеба і выпіваюць лыжачку віна, якія сімвалізуюць «цела і кроў» Ісуса Хрыста, і тым самым далучаюцца да «боскай сутнасці». Лічыцца, што ў час апошняй трапезы Ісус Хрыстос частаваў сваіх вучняў віном і хлебам, ператвараючы іх у цела і кроў сваю, наказваў захоўваць гэты абрад у памяць аб ім. У пратэстанцкіх цэрквах П. разглядаецца як сімвалічны абрад, а не як таінства.

т. 13, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)