АЛЕУ́ЦКАЯ ХВАРО́БА норак, вірусны плазмацытоз,
хранічная кантагіёзная вірусная хвароба норак і трусоў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы і Еўропе. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус, няўстойлівы ў вонкавым асяроддзі. Заражэнне адбываецца аліментарным, унутрывантробным шляхам і праз скуру пры ўкусах. Перадаецца праз кармы, прадметы догляду, мяса хворых жывёл. Прыкметы: прагрэсіўнае пахудзенне, крывацёк з носа і рога, смага, запаленне нырак і печані. У халодны перыяд смяротнасць звяроў да 90%. Імунітэт не выпрацоўваецца. Інкубацыйны перыяд ад 10—15 сутак да некалькіх месяцаў.
т. 1, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНО́Е ПО́КРЫВА,
ледзяныя ўтварэнні, якія ўкрываюць у халодны перыяд года паверхні акіянаў, мораў, рэк, азёр, вадасховішчаў, а таксама прынесеныя цячэннямі і вятрамі з суседніх раёнаў. У морах і акіянах высокашыротных абласцей існуе на працягу ўсяго года. Марская вада з пачатку замярзання праходзіць стадыі ўтварэння лёду: іголкі, сала, ніласавыя льды (таўшчыня ад 1 да 10 см), маладыя — шэрыя, шэра-белыя і белыя (ад 10 да 100 см). У палярных абласцях шматгадовае Л.п. дасягае таўшчыні 2,5 м і больш.
т. 9, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПРЫТО́МНАСЦЬ,
раптоўная. кароткачасовая страта прытомнасці з парушэннем (аслабленнем) сардэчнай дзейнасці і дыхання ў выніку недастатковага кровазабеспячэння галаўнога мозга. Бывае пры болевым шоку, псіхічных уздзеяннях (напр., хваляванне, страх), цеплавым або сонечным ударах, хваробах галаўнога мозга, сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў брушной поласці. чэрапна-мазгавых траўмах і інш. Прыкметы: страта прытомнасці, бледная скура, халодны пот. паверхневае дыханне. Першая дапамога: хворага кладуць з нізка апушчанай галавой, вызваляюць ад цеснага адзення, забяспечваюць чыстым паветрам, даюць нюхаць нашатырны спірт, тэрмінова выклікаюць хуткую дапамогу.
т. 11, с. 289
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́С (ад лац. abscessus нарыў),
мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.
т. 1, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАФІ́ТЫ [ад геа... + ...фіт(ы)],
шматгадовыя расліны, у якіх пупышкі ўзнаўлення і запасныя пажыўныя рэчывы знаходзяцца ў органах (цыбулінах, карэнішчах, клубнях), захаваных у глебе, што дазваляе ім перажываць засушлівы або халодны перыяд года. Адна з жыццёвых формаў раслін; адносяцца да крыптафітаў. Да геафітаў належаць цыбульныя (цыбуля, цюльпан, нарцыс), карэнішчавыя (ландыш, спаржа, многія злакі і асокі), клубнецыбульныя (шафран і інш.), клубняносныя (бульба, батат і інш.). Часткі раслін, якія перажываюць неспрыяльныя ўмовы ў зімовы перыяд, ахаваны таксама ападам з адмерлых наземных органаў і снегам. Геафітаў найбольш у сухіх стэпах.
т. 5, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗУ́КІ,
этнаграфічная група літоўцаў. Жывуць на ПдУ Літвы (у раёне г. Друскінінкай, Ігналіна, Тракай, Шальчынінкай, Швянчоніс і інш.), на ПнУ Польшчы і ў Зах. Беларусі (Воранава, Гервяты, Радунь). Займаюцца земляробствам, жывёлагадоўляй, пчалярствам. Традыцыйная вопратка — спадніцы ў клетку, тканыя паясы. Посцілкі і ручнікі побач з геам. арнаментам упрыгожваліся і раслінным узорам. Пашыраныя стравы: халодны боршч, аладкі з цёртай бульбы. Да сярэдзіны 20 ст. зберагалі самабытнасць вопраткі, харчавання, грамадскага жыцця. У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. частка Дз. асімілявана беларусамі і палякамі.
т. 6, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),
кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.
Літ.:
Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.
Я.Ф.Шунейка.
т. 10, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРЫ́НА, пуня,
1) старадаўняя гасп. пабудова на Беларусі для захоўвання неабмалочанай збажыны, сена, саломы, с.-г. інвентару. Уваходзіла ў гасп. комплекс сядзібы. Прамавугольны ў плане зрубны, каркасны («замётам у шулы» і з плятня) будынак, накрыты 2-схільнай ці вальмавай страхой на сохах, «дзядках», кроквах. У маёнтках 16—19 ст. будавалі вял. доўгія адрыны, перагароджаныя ўнутры на некалькі адсекаў, кожны з якіх меў самастойны ўваход. Найб. пашырана ў зах. і цэнтр. Беларусі, ва ўсх. раёнах часцей наз. сянніца, пуня.
2) Да 17 ст. спальня ў жылым памяшканні або халодны будынак, у якім жылі летам.
т. 1, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́КСКАЕ НАГО́Р’Е, Каракскі хрыбет,
на ПнУ Сібіры, у Камчацкай і Магаданскай абласцях Расіі. Цягнецца на 880 км ад Анадырскага зал. Берынгава м. да Парапольскага долу на Камчатцы. Складаецца з сярэдневышынных хрыбтоў (Пенжынскі, Рарыткін), град і кражаў (сярэдняя выш. 1000—1800 м, найб. 2562 м — г. Ледзяная). Сучаснае зледзяненне (агульная пл. 259,7 км). Складзена пераважна з пясчанікаў і гліністых сланцаў, пранізаных па лініях разломаў эфузіўнымі пародамі. Радовішчы каменнага вугалю, ртуці і сурмы. Клімат прыакіянічны, халодны. На схілах (да выш. 200—400 м) — зараснікі хмызняковай вольхі і кедравага сланіку, вышэй — травяніста-лішайнікавыя і халодныя камяністыя горныя пустыні і тундра.
т. 8, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУШ (франц. douche ад італьян. doccia вадасцёкавая труба),
прылада для аблівання цела тонкімі вадзянымі струменямі. Таксама гігіенічная і лячэбная водная працэдура, якая заключаецца ва ўздзеянні на цела чалавека струменяў вады рознай т-ры і ціску.
Выкарыстоўваюць Д. халодны (т-ра ніжэй за 20 °C), субхалодныя (да 34 °C), індыферэнтныя (34—36 °C), цёплыя (38—39 °C), гарачыя (40 °C і вышэй), кантрастныя (з пераменнай т-рай 10—25 і 45 °C); з лек.-прафілакт. мэтамі выкарыстоўваюць звычайна дажджавы, ігольчасты, пылавы, цыркулярны, узыходны, Д. Шарко, шатландскі; ціск вады ад 0,3 да 4 атм.
т. 6, с. 267
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)