1) гідратэхнічнае збудаванне ў выглядзе верт. шахты ці свідравіны для збору падземных або адводу паверхневых вод.
Шахтавыя К. — круглыя або квадратныя ў плане, дыям. (стараной) да 1,5, глыб. да 40 м і болей; трубчастыя — з абсадных труб (уваходзяць адна ў адну), дыям. да 30 см, глыб. да 100 м і больш. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (артззіянскія калодзежы), для збору вады з асушальных каналаў (зумпфы), апаражнення трубаправодаў (скідныя К.), гашэння энергіі воднага патоку (вадабойныя К.), для назірання за работай абсталявання і ўзроўнем грунтавых вод (назіральныя К.) і інш.
Збудаванне для тэхн. абслугоўвання падземных камунікацый (назіральныя К. на водаправоднай сетцы, каналізацыйнай сетцы, на трасах цепла- і газазабеспячэння), а таксама для выканання работ у складаных грунтавых умовах (апускныя калодзежы). Будуюцца з бетону, жалезабетону, часам з цэглы, металу, дрэва. Унутры К. размяшчаецца розная арматура, помпы, лесвічныя маршы, драбінкі і інш., зверху — надземнае збудаванне або лаз (люк) з накрыўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.
Засн. ў 1861 (паводле інш. звестак у 1859) у Гродне акц. кампаніяй Шарашэўскага і інш. Вырабляла тытунь, цыгарэты і папяросы. Сыравіну прывозілі з Расіі, Крыма, Украіны, Амерыкі. У Вял.Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1945—49. У 1964—87 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Нёман». З 1988 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): папяросы і цыгарэты, у т. л. вышэйшага гатунку («Мінск», «Космас», «Пушча», «Арбіта», «Гродна», «Фільтр» і інш.). Супрацоўнічае з фірмамі краін СНД, Англіі, Германіі, Швейцарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЬТР (ад бія... + фільтр),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў і шкодных газаў з дапамогай арганізмаў-ачышчальнікаў (напр., мікраарганізмаў, водарасцяў, чароту і інш.). Прынцып дзеяння біяфільтра заснаваны на паступовым праходжанні забруджанай вады ці газаў праз тоўшчу фільтравальнага матэрыялу (шлак, гравій, керамзіт і інш.), які мае на паверхні актыўную мікрабіял. плеўку (мікраарганізмы і прасцейшыя). Плеўка адсарбіруе, акісляе і мінералізуе арган. рэчывы. У інш. выпадках ролю біяфільтра адыгрываюць ніжэйшыя і вышэйшыя арганізмы, здольныя выбіральна акумуляваць ці раскладаць забруджвальныя рэчывы — т.зв.біяфільтратары (напр., асцыдыі, пласціністашчэлепныя малюскі, некаторыя ракападобныя, водарасці і інш.). Гл. таксама Аэратэнк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЯЗЁНКА,
няпарны парэнхіматозны орган лімфоіднай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Размешчана ў левай падрэбернай вобласці брушной поласці, каля страўніка, на ўзроўні 9—11 рэбраў. Даўж. С. ў дарослага чалавека 12 см, шырыня — 7—8 см, маса 150—200 г. «Дэпо» крыві, выконвае імуналагічную, ахоўную функцыі. С. як біял.фільтр (праз яе за 1 мін працякае 750—800 мл крыві) забяспечвае выдаленне з крыві антыгенаў.
У філагенезе С. звязана са стрававальным трактам. У кругларотых і дваякадыхальных рыб прадстаўлена вял. колькасцю лімфоіднай тканкі кішэчніка або страўніка. У інш. пазваночных С. адасабляецца ад страўніка ў самаст. орган.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.
Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),
сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.
Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.
Літ.:
Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЖДЖАВА́Я ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
вытворчасць пякарскіх дражджэй роду Saccharomyces cerevisiae, якія выкарыстоўваюць у хлебапячэнні і мед. прам-сці. Сыравіна для Д.в. — адходы цукр. вытв-сці (мелес), вугляводы мелесу ў прысутнасці кіслароду і азоцістых рэчываў у выніку біяхім. працэсаў ператвараюцца ў клетачную біямасу. У заводскіх умовах выхад біямасы дражджэй складае 70—90% у адносінах да масы мелесу.
Таварныя дрожджы вырошчваюць у дрожджавырошчвальных апаратах у водным растворы мелесу пры аэрацыі. Перад падачай у вытв-сць мелес асвятляюць на сепаратарах ачышчальніках (для выдалення прымесей), разбаўляюць вадой, дабаўляюць мінер. пажыўныя кампаненты, што маюць азот і фосфар(напр., сульфат амонію, дыамонійфасфат і інш.), сумесь мікраэлементаў, кукурузны экстракт (крыніца роставых рэчываў) і матачныя дрожджы з чыстых культур для размнажэння. Дрожджы са зброджанага сусла выдаляюць на сепаратарах-раздзяляльніках у выглядзе густога дражджавога малака, з якога фільтр-прэсамі ці вакуум-фільтрамі выдаляюць вільгаць. На аўтам. лініях ажыццяўляюць фармаванне і расфасоўку прасаваных дражджэй у брыкеты (т-ра захоўвання 1—4 °C). З прасаваных дражджэй высушваннем пры т-ры да 70 °C атрымліваюць сухія дрожджы (т-ра захоўвання 15 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПРЭ́САР,
машына для сціскання і падачы паветра або газаў пад ціскам 0,2 МПа і вышэй. Машыны, якія сціскаюць паветра да 12 кПа, наз.вентылятарамі, да 0,2 МПа — паветрадуўкамі.
Адрозніваюць К.: аб’ёмныя (поршневыя і ратацыйныя, дзе сцісканне газу адбываецца пры змяншэнні замкнёнага аб’ёму), лапатачныя (цэнтрабежныя і восевыя, у якіх сілавое ўздзеянне на газ робіцца вярчальнымі лапаткамі) і струменныя (прынцып дзеяння падобны да струменных помпаў), нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (да 10 МПа) і высокага (больш за 10 МПа) ціску. Поршневыя К. бываюць адна- і шматцыліндравыя, адна-, двух- і шматступеньчатыя; цэнтрабежныя і восевыя наз. таксама турбакампрэсарамі. Магутнасць К. дасягае дзесяткаў мегават (цэнтрабежныя і восевыя К.), падача 20 тыс.м³ /мін і больш (восевыя). К. выкарыстоўваюцца ў хім., газавай, нафтаперапр. і горнай прам-сці, авіяцыі, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, ваен. тэхніцы і інш.
Схемы кампрэсараў: а — поршневага (1 — фільтр, 2 — клапаны, 3 — поршань, 4 — цыліндр, 5 — крывашыпны механізм); б — ратацыйнага (1 — цыліндр, 2 — ротар са слізгальнымі пласцінамі); в — восевага (1 — цыліндр, 2 — ротар з рабочымі лапаткамі, 3 — нерухомыя лапаткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКА́НДЫЙ (лац. Scandium),
Sc, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 21, ат. м. 44,95591, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе адзін стабільны нуклід 45Sc. У зямной кары 1∙10−3% па масе. Існаванне С. прадказана Дз.І.Мендзялеевым у 1870; адкрыты ў 1879 швед. хімікам Л.Нільсанам, назва ад лац. Scandi(navia) па месцы адкрыцця.
Мяккі серабрысты метал з жоўтым адценнем, шчыльн. 3020 кг/м³, tпл 1541 °C, tкіп 2837 °C. Слабы парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай сесквіаксіду Sc2O3. Пры 200 °C акісляецца кіслародам. Узаемадзейнічае з растворамі салянай, сернай, азотнай кіслот, пры награванні з вадародам, азотам (утварае нітрыд ScN), галагенамі (трыгалагеніды). З металамі ўтварае цвёрдыя растворы і інтэрметаліды. Атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду ScF3 ці трыхларыду ScCI3метал. кальцыем з наступнай перагонкай металу ў высокім вакууме. Выкарыстоўваюць С. як кампанент лёгкіх сплаваў з высокай трываласцю і каразійнай устойлівасцю, як гетэр, нейтронны фільтр у ядз. тэхніцы, Sc2O3 у вытв-сці ферытаў для элементаў памяці ЭВМ, штучных гранатаў, цвёрдых электралітаў (разам з дыаксідам цырконію) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНТЫЛЯ́ЦЫЯ,
замена забруджанага паветра чыстым у памяшканнях, збудаваннях, апаратах і інш. Стварае спрыяльныя ўмовы для працы і адпачынку людзей, правядзення тэхнал. працэсаў, захоўвання абсталявання, канструкцый, матэрыялаў, прадуктаў, кніг, карцін і інш. Вентыляцыя бывае: натуральная і мех. (робіцца вентылятарамі); выцяжная, прытокавая, прытокава-выцяжная; агульнаабменная і мясцовая.
Арганізаваная натуральная вентыляцыя (аэрацыя) ажыццяўляецца праветрываннем праз фрамугі ў вокнах, сценах, вентыляцыйныя ліхтары, неарганізаваная — праз поры і няшчыльнасці агараджальных канструкцый будынка. У жылых памяшканнях выкарыстоўваецца выцяжная вентыляцыя, у цэхах і вытв. будынках — выцяжная і прытокава-выцяжная. Пры мясц. выцяжной вентыляцыі шкодныя рэчывы выдаляюцца з месца іх утварэння з дапамогай мясц. адсмоктвальнікаў (выцяжных шафаў, парасонаў і інш.). Мясц. прытокавая вентыляцыя робіцца паветр. душамі, заслонамі, аазісамі ў гарачых цэхах, каб стварыць спрыяльны мікраклімат у абмежаванай прасторы (на рабочым месцы). Прытокавая вентыляцыя забяспечвае награванне, ахаладжэнне і ўвільгатненне паветра, ачыстку яго ад пылу і газаў. Агульнаабменная вентыляцыя заснавана на разбаўленні шкодных рэчываў, што ёсць у памяшканні, а таксама цеплыні і пары чыстым паветрам да патрэбнай нормы. Яна стварае ў вытв. і грамадскіх будынках аднолькавыя паветр. ўмовы ва ўсіх памяшканнях. Для ачысткі прыточнага паветра ад пылу ўстанаўліваюць паветр.фільтры, а для ачысткі паветра, якое выдаляецца мясц. адсмоктвальнікамі, — пылаўлоўнікі, абсорберы і адсорберы. У прамысл. будынках вентыляцыя ажыццяўляецца праз вентыляцыйныя каналы і паветраводы.