АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,

1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.

Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.​Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.​Мерымэ, А.​Дзюма), ням. (Т.​Ман, Л.​Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.​Пушкін, Л.​Талстой, А.​М.​Талстой), польскай (Г.​Сянкевіч, Б.​Прус), укр. (Т.​Шаўчэнка, П.​Заграбельны, І.​Лэ) і інш. літаратур.

У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» М.​Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.​Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.​Гарэцкага).

У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.​Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.​Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.​Хурсік («Францішак Скарына»), М.​Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.​Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.​Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.​Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).

Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.​Лобана, «Петраград—Брэст» І.​Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.​Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.​Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.​Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.​Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.​Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.​Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.​Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац. гіст. паэмы «Хамуціус» А.​Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.​Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.​Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.​Петрашкевіча, «Прымак» І.​Чыгрынава, «Купала» А.​Дударава, «Татры» А.​Бажко, «Настасся Мякота» Я.​Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.​Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.​Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.​Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.​Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.​Чаропка («Храм без бога»), К.​Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.​Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.​Сяднёва, «Споведзь» Л.​Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.​Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.​Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.​Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.

2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.

Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.​Учэла, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.​Веранезе, Тыцыян, Я.​Тынтарэта). З 16 ст. гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.​Пусэна (Францыя), Д.​Веласкеса (Іспанія), П.​П.​Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.​Лебрэна (Францыя), Дж.​Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.​Зубава і І.​Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.​Л.​Давіда, А.​Гро і Ж.​Гудона (Францыя), А.​Ласенкі, Р.​Угрумава, І.​Мартаса (Расія), Дж.​Рэйналдса (Англія), Дж.​Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.​Гоі (Іспанія), Т.​Жэрыко, Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е (Францыя), А.​Рэтэля, К.​Лесінга (Германія), К.​Брулова, А.​Іванава (Расія), Я.​Матэйкі (Польшча), М.​Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.​Радэна, П.​Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), С.​Выспянскага, К.​Дунікоўскага (Польшча), І.​Мештравіча (Харватыя), М.​Несцерава, М.​Урубеля, М.​Рэрыха, А.​Бенуа, К.​Сомава, В.​Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.​Апсіта, В.​Васняцова, В.​Верашчагіна, М.​Ге, М.​Неўрава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, скульптура М.​Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.​Дзікса, Г.​Грундыга, Ф.​Крэмера, О.​Нагеля (Германія), П.​Пікасо, А.​Фужэрона (Францыя), Р.​Гутуза (Італія), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), А.​Забранскага, К.​Покарні (Чэхія), Н.​Тоніцы, Б.​Караджы (Румынія), С.​Русева, Э.​Баяджыева (Балгарыя), Дж.​Андраевіч-Куна (Сербія), Г.​Коса (Славенія), А.​Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.​Каварскага (Польша), Э.​Даманоўскага (Венгрыя), К.​Пятрова-Водкіна, К.​Юона, Б.​Кустодзіева, А.​Дайнекі, Б.​Іагансона, М.​Грэкава, Я.​Вучэціча, У.​Фаворскага (Расія), Д.​Рыверы, Х.​К.​Ароска, Д.​Сікейраса (Мексіка), У.​Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).

У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.​Скарыны і інш. У 17—18 ст. гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.​Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.​Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).

У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, К.​Альхімовіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, К.​Бароўскі, Я.​Траяноўскі, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў, А.​Ромер), графіцы (М.​Падалінскі, Т.​Кіслінг, М.​Андрыёлі, М.​Кулеша, Ф.​Дмахоўскі, А.​Гротгер), скульптуры (Г.​Дмахоўскі, Я.​Астроўскі).

У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.​Філіповіч, В.​Волкаў, І.​Ахрэмчык, Я.​Кругер, М.​Эндэ, У.​Хрусталёў, К.​Касмачоў, С.​Андруховіч, М.​Гусеў, Я.​Красоўскі, І.​Давідовіч, З.​Мірынгоф, П.​Сергіевіч, А.​Шаўчэнка, Х.​Ліўшыц, М.​Манасзон, А.​Мазалёў — у жывапісе; А.​Грубэ, А.​Бразер, М.​Манізер, А.​Бембель, М.​Керзін, З.​Азгур, А.​Глебаў, А.​Жораў — у скульптуры; І.​Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.​Зайцава, Г.​Бржазоўскага, Я.​Ціхановіча, З.​Паўлоўскага, А.​Шыбнёва, У.​Сухаверхава, І.​Стасевіча, Н.​Воранава, Ф.​Бараноўскага, А.​Гугеля, П.​Явіча, М.​Савіцкага, П.​Крахалёва, Л.​Рана, В.​Цвіркі, Л.​Асядоўскага, А.​Малішэўскага, У.​Стальмашонка, Б.​Аракчэева, Ф.​Дарашэвіча, І.​Белановіча, М.​Аўчыннікава, В.​Сахненкі, У.​Гоманава, М.​Данцыга, М.​Залознага (станковы жывапіс), Б.​Няпомняшчага, В.​Мігаль, І.​Рэя, У.​Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава, Азгура, А.​Анікейчыка, Г.​Мурамцава, У.​Слабодчыкава, М.​Канцавога, А.​Курачкіна, М.​Палякова (скульптура), А.​Кашкурэвіча, П.​Дурчына, С.​Геруса, А.​Дзямарына, Э.​Агуновіч, В.​Волкава, П.​Драчова, Р.​Маліноўскага, Л.​Асецкага, І.​Раманоўскага, Г.​Паплаўскага, С.​Раманава, Ю.​Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).

У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.​Кудрэвіч, П.​Сергіевіча, Л.​Дударанкі, А.​Марачкіна, Ф.​Янушкевіча, Г.​Вашчанкі, У.​Пасюкевіча, Л.​Шчамялёва, У.​Ткачэнкі, У.​Тоўсціка, А.​Цыркунова, У.​Мінейкі, І.​Бархаткова, Я.​Ждана, В.​Маркаўца, В.​Барабанцава, В.​Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.​Вакара, Л.​Гумілеўскага, Анікейчык, Э.​Астаф’ева, І.​Міско, М.​Рыжанкова, А.​Глебава, У.​Церабуна, В.​Янушкевіча, А.​Фінскага, А.​Шатэрніка (у скульптуры); Я.​Куліка, М.​Купавы, У. і М.​Басалыгаў, М.​Селешчука (у графіцы) і інш.

Л.​І.​Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.​І.​Цыбульскі М.​Л.​Цыбульскі.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬГІЯ (франц. Belgique, флам. België),

Каралеўства Бельгія (франц. Royaume de Belgique, флам. Keninkrijk België), дзяржава ў Зах. Еўропе, на паўд. узбярэжжы Паўночнага м. Мяжуе на Пн з Нідэрландамі, на У з ФРГ і Люксембургам, на Пд і ПдЗ з Францыяй. Пл. 30,5 тыс. км². Нас. 10,1 млн, чал. (1994). Афіц. мовы — нідэрландская (фламандская), франц., нямецкая. Сталіца — г. Брусель. Падзяляецца на 9 правінцый. Існуе падзел на 3 рэгіёны: Фландрыю (Пн), Валонію (Пд), Брусель з ваколіцамі (цэнтр). Нац. свята — Дзень прынясення каралём прысягі (21 ліп.).

Дзяржаўны лад. Бельгія — канстытуцыйная манархія з наследаваннем па мужчынскай лініі. Дзейнічае канстытуцыя 1831 (мадыфікаваная). Кіраўнік дзяржавы — кароль. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе парламент у складзе палаты прадстаўнікоў і сената (тэрмін паўнамоцтваў 4 гады), выканаўчую — Савет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам. Міністраў прызначае і вызваляе кароль. Кіраванне ў правінцыях ажыццяўляюць губернатары. У правінцыях ёсць выбарныя муніцыпальныя органы — правінцыяльныя рады. Судовая сістэма ўключае суды касацыйны, апеляцыйны, 1-й інстанцыі, прысяжных і міравых суддзяў. Усе суддзі прызначаюцца пажыццёва каралём.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная. На ПдУ стараж. (герцынскі) масіў Ардэны (г. Батранж, 694 м). На Пн ад яго нешырокая паласа раўнін і плато, складзеных з палеагенавых глін і пяскоў. Паўн. ч. займаюць плоскія нізіны Фландрыі і Кампіна, укрытыя чацвярцічнымі рачнымі і марскімі адкладамі. Уздоўж узбярэжжа паласа польдэраў (шыр. да 15 км), якая часткова знаходзіцца на 2 м ніжэй за ўзровень мора і засцерагаецца ад затаплення пясчанымі дзюнамі і дамбамі. З карысных выкапняў найб. значэнне мае каменны вугаль (запасы каля 6 млрд. т), ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы. Клімат марскі, умерана цёплы. Сярэдняя т-ра студз. 3 °C (у Ардэнах да -1 °C), ліп. 18 °C (у Ардэнах 14 °C). Ападкаў 700—900 мм за год, у гарах 1200—1500 мм. Рэкі паўнаводныя, не замярзаюць. Галоўныя: Шэльда і Маас з шматлікімі прытокамі. Б. ч. краіны мае культ. ландшафт. Прамысл. цэнтры злучаны рэкамі і суднаходнымі каналамі. Лясы (дуб, бук, граб) разам з лесапалосамі займаюць каля 21% тэрыторыі. Натуральныя лясы захаваліся ў Ардэнах. Фауна (дзік, лань, казуля, вавёрка, заяц, курапаткі, фазаны) і ландшафты зберагаюцца ў шматлікіх рэзерватах і прыродных парках (буйнейшыя От-Фань, Калмтхаўт).

Насельніцтва. Каля 55% — фламандцы (на Пн краіны), каля 33% — валоны (на Пд). У Бруселі і ваколіцах змешанае двухмоўнае насельніцтва. У краіне каля 1 млн. іншаземцаў — французаў, немцаў, італьянцаў, мараканцаў і інш. Паводле веравызнання 75% католікі, 25% пратэстанты. Сярэдняя шчыльн. 331 чал. на 1 км². Асабліва густа населена цэнтр. ч. — да 665—800 чал. на 1 км², у Ардэнах да 50—100 чал. на 1 км². У гарадах жыве 96,3% насельніцтва. Найбольшыя гарады (тыс. ж., 1993): Брусель — 949, Антверпен — 463, Гент — 228, Шарлеруа — 207, Льеж — 195, Бруге — 117, Намюр — 105.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек, на тэр. Бельгіі жыў з часоў палеаліту. Каля 3 ст. да н. э. яе пачалі засяляць кельцкія плямёны белгаў, (адсюль назва краіны). У 57 да н.э. землі белгаў заваяваў Юлій Цэзар і ўключыў іх у Рым. дзяржаву. У 1—4 ст. н.э. на тэр. Бельгіі фарміраваўся рабаўладальніцкі ўклад. У выніку далейшага яе засялення (3 ст.) герм. плямёнамі франкаў, фрызаў і саксаў, змяшання плямёнаў пачалі складвацца 2 народнасці: валоны (патомкі раманізаваных белгаў) і фламандцы (патомкі герм. плямёнаў). У 5—9 ст. тэр. Бельгіі ў складзе Франкскай дзяржавы, а пасля распаду імперыі Каралінгаў (843) падзялілася на шэраг феад. уладанняў. З 10 ст. развіваюцца гарады Гент, Бруге, Іпр, з 11—12 ст. — Антверпен, Брусель і інш. У 12—13 ст. у графстве Фландрыя і герцагстве Брабант хутка расла прам-сць, і яны сталі цэнтрамі міжнар. гандл. сувязяў. Рост таварна-грашовых адносін і сярэдневяковай гар. культуры спрыяў больш ранняму, чым у інш. краінах Еўропы, разлажэнню феад. адносін. У 15 ст. тэр. Бельгіі адышла да Бургундскага герцагства, потым да Нідэрландаў, у 1477—82 — да імперыі Габсбургаў. З 1555 уладанне ісп. манархіі. Ранняя бурж. рэвалюцыя 16 ст. ў Нідэрландах (гл. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя) на тэр. Бельгіі не мела поспеху, і там было адноўлена ісп. панаванне. У 1714 Ісп. Нідэрланды (тэр. Бельгіі) адышлі да Аўстр. манархіі. Палітыка нац. прыгнёту насельніцтва Бельгіі стала прычынай нац.-вызв. руху, які перарос у Брабанцкую рэвалюцыю 1789—90. У ходзе яе было вызвалена некалькі бельг. правінцый. 11.1.1790 Нац. кангрэс, скліканы ў Бруселі, абвясціў незалежнасць Злучаных Штатаў Бельгіі. Скарыстаўшы ўнутр. барацьбу, аўстр. Габсбургі з дапамогай арміі аднавілі (1791) сваю ўладу ў бельг. правінцыях. Пасля перамогі франц. рэв. войскаў над аўстрыйскімі (1792) тэр. Бельгіі зноў вызвалена. Паўторна рэстаўрыраваная ў Бельгіі ўлада Аўстрыі (сак. 1793) скончылася ў выніку паражэння аўстрыйцаў у бітве з франц. Войскам. 26.6.1794 пры Флёрусе. 1.10.1795 абвешчана далучэнне Бельгіі да Франц. рэспублікі. Аўстрыя прызнала гэты акт у 1797 (Кампафармійскі мір). Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 бельг. правінцыі штучна аб’яднаны ў 1815 з Галандыяй у Каралеўства Нідэрланды. Незадаволенасць мясц. насельніцтва галандскім панаваннем вылілася ў Бельгійскую рэвалюцыю 1830, у выніку якой Бельгія стала незалежнай. У сярэдзіне 19 ст. тут узніклі рабочыя арг-цыі; працоўныя дамагліся права на забастоўкі (1866), адмены забароны рабочых саюзаў (1867). Незалежнасць Бельгіі спрыяла хуткаму развіццю капіталізму. У канцы 19 — пач. 20 ст. яна стала развітой дзяржавай, буйным экспарцёрам прамысл. тавараў і капіталу (толькі ў Расію да 1914 вывезена 6 млрд. франкаў). У 1870—80-я г. бельг. каланізатары захапілі частку бас. Конга (з 1908 афіц. калонія Бельгіі). У 1-ю сусв. вайну Германія парушыла нейтралітэт Бельгіі і акупіравала амаль усю яе тэрыторыю. За 4 гады акупацыі эканоміцы краіны нанесены вял. страты. Бельг. войскі разам з англ. і франц. ўдзельнічалі ў вайне ў Еўропе і ў захопе герм. уладанняў у Афрыцы. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 Б. атрымала герм. акругі Эйпен і Мальмеды, у Афрыцы — мандат на Руанда-Урундзі, а таксама права на рэпарацыі. Бельгія адыгрывала важную ролю ў Версальскай сістэме, як партнёр Францыі ўдзельнічала ў акупацыі Рура. Міжваенны перыяд характарызаваўся ўздымам рабочага руху, што вымусіла ўлады палепшыць умовы жыцця працоўных, расшырыць выбарчыя правы.

Сусв. эканам. крызіс 1929—33 выклікаў заняпад эканомікі Бельгіі. Зменшыліся вытв-сць і экспарт, зарплата рабочых, павялічылася колькасць беспрацоўных. У знешняй палітыцы ўрад Бельгіі пайшоў на збліжэнне з Германіяй і Італіяй, адмовіўся ад стварэння сістэмы калект. бяспекі ў Еўропе. 10.5.1940 герм. войскі ўварваліся на тэр. Бельгіі. Па просьбе яе ўрада Англія і Францыя накіравалі туды свае войскі, але 28 мая бельг. кароль Леапольд III падпісаў акт аб капітуляцыі. У гады акупацыі ў краіне дзейнічаў Рух Супраціўлення. Бельгія вызвалена англа-амер. войскамі ў вер. 1944. Згодніцкая палітыка Леапольда III у час вайны выклікала агульную незадаволенасць насельніцтва і прывяла ў 1944 да ўстанаўлення рэгенцтва. У 1951 Леапольд III адрокся ад прастола на карысць сына Бадуэна I. У 1948 Бельгія заключыла мытны, у 1960 — эканам. саюз з Нідэрландамі і Люксембургам (гл. Бенілюкс). Нац.-вызв. барацьба народаў Афрыкі прымусіла Бельгію даць у 1960 паліт. незалежнасць Конга (Кіншаса), у 1962 — Руанда-Урундзі, на тэр. якой утварыліся 2 дзяржавы: Руанда і Бурундзі.

Развіваючыся на стыку раманскай і германскай культур, Бельгія складаецца з 2 асн. частак: паўн. — Фландрыі і паўд. — Валоніі. Да пач. 20 ст. ў паліт., эканам., культ. плане дамінуючым рэгіёнам была Валонія, якая пазней саступіла першынство Фландрыі. Пастаяннае саперніцтва гэтых 2 рэгіёнаў — асн. фактар унутрыпаліт. нестабільнасці ў краіне ў апошнія дзесяцігоддзі, прычына шматлікіх выступленняў і ўрадавага крызісу. У 1970—71 кааліцыйны урад Г.​Эйскенса з мэтай вырашэння моўнага канфлікту ініцыіраваў змены ў канстытуцыі і прыняцце законаў аб эканам. і культ. дэцэнтралізацыі, свабодзе выбару мовы навучання. Пасля шматгадовых дэбатаў у 1980 бельг. парламент пачаў правядзенне дзярж. рэформаў — прыняў закон аб рэгіяналізацыі краіны і прызнанні шырокіх паўнамоцтваў Фландрыі і Валоніі ў справе самакіравання. Паводле канстытуцыі насельніцтва Бельгіі падзелена на 3 лінгвістычныя садружнасці: франц., флам. і германамоўную; тэрытарыяльна — на 3 рэгіёны: Валонію, Фландрыю і Брусельскі рэгіён. Садружнасці займаюцца пытаннямі культ. развіцця, сродкаў масавай інфармацыі, турызму, асветы, спорту; маюць права заключаць пагадненні аб супрацоўніцтве па гэтых пытаннях з інш. садружнасцямі і замежнымі дзяржавамі. У кампетэнцыі рэгіёнаў знаходзяцца і сац.-эканам. пытанні. За цэнтр. урадам захоўваюцца паўнамоцтвы ў галіне знешняй палітыкі, абароны, бяспекі, валютна-фін. палітыкі. У 1988 парламент прыняў рашэнне аб чарговых зменах у канстытуцыі, якія больш шырокія паўнамоцтвы перадаюць рэгіянальным уладам Фландрыі, Валоніі і Бруселя. Гэтая праграма федэралізацыі засн. на канцэпцыі паступовай трансфармацыі дзяржавы з унітарнай у федэратыўную. Яе мэта — юрыд. замацаванне раздзялення кампетэнцыі органаў улады краіны, рэгіёнаў і садружнасцяў. 1.1.1989 Бельгія канстытуцыйна абвешчана федэрацыяй. У выніку ўрадавага крызісу ў кастр. 1991 парламент распушчаны. На парламенцкіх выбарах 24.12.1991 поспехаў дамагліся правыя флам. нацыяналіст. сілы і партыі экалагістаў. Але гэта не змяніла становішча буйнешых партый — флам. Хрысц. нар. партыі і сацыяліст. партый Фландрыі і Валоніі, якія захавалі вядучае становішча ў парламенце. У ліп. 1992 парламент зацвердзіў Маастрыхцкія пагадненні 1992 аб утварэнні Еўрап. саюза. У крас. 1993 парламент прыняў папраўку да канстытуцыі, якая завяршыла дзярж. рэформу федэралізацыі краіны. Пасля смерці Бадуэна I (ліп. 1993) новым каралём Бельгіі стаў Альберт II. З 1955 Бельгія — чл. ААН, чл. Зах.-еўрап. саюза, з 1957 чл. «Агульнага рынку» (гл. Еўрапейскае эканамічнае супольніцтва). Бельгія — чл. Бельгійска-Люксембургскага эканам. саюза (БЛЭС), Бенілюкса і шэрагу інш. паліт. і эканам. саюзаў. Дыпламат адносіны з Беларуссю ўстаноўлены 10.3.1992.

У 1947 — пач. 1960-х г. дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі, створаны бел. дыяспарай. У кастр. 1949 у г. Лёвен адбыўся з’езд бел. каталіцкай інтэлігенцыі Вялікабрытаніі, Бельгіі, Германіі. Францыі, на якім створана Бел. акад. каталіцкае аб’яднанне «Рунь» (існавала да канца 1960-х г.).

Палітычныя партыі. Буйнейшыя паліт. партыі падзелены паводле нац. прынцыпу: 2 сацыялістычныя партыі — СП (фламандцы) і СП (франкафоны); 2 дэмакр.-хрысціянскія — Хрысц. нар. (фламандцы) і Сац.-хрысц. (франкафоны); 2 ліберальныя — флам. лібералаў і дэмакратаў і Рэфармісцкая ліберальная (франкафоны), а таксама партыі «зялёных» і інш. Буйнейшыя прафс. цэнтры: Канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў, Усеагульная федэрацыя працы Бельгіі, Ген. цэнтр ліберальных прафсаюзаў.

Гаспадарка. Бельгія — высокаразвітая краіна з інтэнсіўнай сельскай гаспадаркай і шырокімі знешнеэканам. сувязямі. На яе прыпадае прыкладна ⅓ сусв. экспарту дываноў, шкла, брыльянтаў, ​1/5 — каляровых цяжкіх металаў, ​1/7 — чорных металаў і кінаплёнкі. Прамысловасць — аснова бельг. эканомікі. Развіты чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, электроніка, вытв-сць камунікацыйнага абсталявання. Вял. значэнне маюць шкляная прам-сць, агранка алмазаў і вытв-сць зброі. Здабываецца каменны вугаль (каля 5 млн. т штогод). У энергет. балансе больш як ⅔ складаюць нафта (з Паўн. Афрыкі і Б. Усходу) і прыродны газ (пераважна з Нідэрландаў). Агульная магутнасць нафтаперапр. з-даў каля 57 млн. т (Гент, Антверпен), каля палавіны нафтапрадуктаў ідзе на экспарт. Вытв-сць электраэнергіі складае 68 млрд. кВтгадз (1993), каля 70% даюць АЭС (Дуль, Тыянж, Мале). Адна са старэйшых галін прам-сці — чорная металургія. Выплаўка чыгуну 8,2 млн. т, сталі 10,1 млн. т (1993). Асн. прадпрыемствы знаходзяцца вакол Шарлеруа і Льежа ў т.зв. «чорным поясе». Каляровая металургія развіваецца пераважна на прывазной сыравіне, асн. прадпрыемствы ў раёне ад Антверпена да Льежа. Бельгія ўваходзіць у першую пяцёрку краін па вытв-сці і экспарце цяжкіх каляровых металаў. Вытв-сць складае (тыс. т, 1993): медзі 455, свінцу 131, цынку каля 53, волава 7. Краіна падзяляе 1—2-е месцы ў свеце па вытв-сці германію, кобальту, радыю, танталу, ніобію, селену, кадмію. Важнае месца ў прам-сці займае машынабудаванне; найб. развіты аўтазборачная (каля 1 млн. легкавых аўтамабіляў штогод, асн. цэнтры Антверпен, Гент, Брусель), эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Шарлеруа, Брусель, Антверпен, Бруге, Лёвен) галіны, вытв-сць пад’ёмна-трансп. абсталявання, авіярухавікоў, абсталявання для металургічнай, хім., тэкст. прам-сці. Традыцыйна развіта зброевая прам-сць (Льеж), у хім. прам-сці — вытв-сць пластмасаў, сінт. валокнаў і каўчуку, угнаенняў, мыйных сродкаў, соды. Асн. цэнтры нафтахім. прам-сці — Льеж і Антверпен. Вытв-сць медыкаментаў (Брусель, Антверпен, Брэн-л’Алё), кінафотаматэрыялаў (у прыгарадзе Антверпена). Старэйшая галіна — тэкст. прам-сць (больш за ​3/4 вытв-сці ў Фландрыі). Цэнтры баваўнянай прам-сці — Гент, Мускрон, Кортрэйк, шарсцяной — Верв’е, Мускрон, Ронсе, Турнэ, ільняной — Гент, Кортрэйк, Ронсе, Руселарэ. Вылучаюцца вытв-сць карункаў і аксаміту, шарсцяных і сінт. дываноў, трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, а таксама мэблевая, шкляная прам-сць. Алмазагранільная справа і гандаль брыльянтамі — у Антверпене. Сярод галін харч. прам-сці — вытв-сць цукру, піва, шакаладу, мясных і малочных кансерваў. Сельская гаспадарка высока інтэнсіўная. С.-г. ўгоддзі займаюць 1350 тыс. га (44% тэр.), у т. л. пад ворывам 620 тыс. га, пад лугамі і пашай 730 тыс. га. Пераважаюць фермерскія гаспадаркі па 10—50 га. Усе яны ахоплены кааперацыяй. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля (70% прыбытку), агародніцтва і пладаводства (20%), паляводства (10%). Пагалоўе (млн. галоў, 1993) буйн. раг. жывёлы 3,1, свіней 6,9. Птушкагадоўля. Вырошчваюць (млн. т, 1993) пшаніцу — 1,4, ячмень — 0,4, бульбу — 2,2, цукр. буракі — 6,3, лён-даўгунец, тытунь. Самазабяспечанасць малаком, мясам, малочнымі прадуктамі, яйцамі, агароднінай, бульбай, цукрам больш як 100%. Транспарт. Бельгія мае густую сетку шляхоў зносін. Даўж. чыгунак 3,4 тыс. км, аўтадарог 15,1 тыс. км, унутр. водных шляхоў каля 1,8 тыс. км. Па гушчыні чыгунак і аўтадарог краіна займае 1-е месца ў свеце. Праз Бельгію праходзяць 5 міжнар. чыгунак, тры з іх пачынаюцца ў Астэндэ (злучаны паромамі з Вялікабрытаніяй) і ідуць на Рым, Бухарэст, Варшаву. Аўтапарк каля 4 млн. машын, у т. л. 3,5 млн. легкавых. Суднаходства па рэках Шэльда, Маас, каналах. Танаж марскога гандл. флоту каля 3 млн. брута рэг. т. Гал. парты Антверпен, Зебруге, Бруге (грузаабарот разам каля 120 млн. т штогод), а таксама Гент, Астэндэ. Экспарт складае 117,7, імпарт — 120,7 млрд. долараў (1991). Бельгія — адзін з вядучых сусв. экспарцёраў чорных і каляровых металаў, машын і абсталявання, каштоўных камянёў (у т. л. ювелірных алмазаў), тэкстылю, сінт. каўчуку, шкла; імпартуе пераважна збожжа, нафту, канцэнтраты каляровых металаў, машыны. Гал. гандл. партнёры: ФРГ, Францыя, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Італія, Заір. Беларусь экспартуе ў Б. грузавыя аўтамабілі, трактары, калійныя і азотныя ўгнаенні, імпартуе металарэзныя станкі, медыкаменты, каўчук натуральны, цукар. Штогод Бельгію наведвае каля 10 млн. турыстаў. У краіне каля 2,2 тыс. гасцініц і атэляў. Грашовая адзінка — бельгійскі франк.

Узброеныя сілы. Агульная колькасць ваеннаслужачых 83,35 тыс. чал. (1991), з іх сухапутныя войскі складаюць 62,7 тыс., авіяцыя — 18,2 тыс., ВМФ — 4,45 тыс. чал. Вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Вышэйшыя органы кіравання — мін-ва абароны (узначальвае цывільная асоба), ген. штаб. 3 ваен. акругі і 1 ваенна-марскі раён. Бельгія — член ваен. арг-цыі НАТО (з 1949), на яе тэр. штаб-кватэра НАТО (Брусель) і камандаванне ўзбр. сіламі НАТО у Еўропе (Монс). У Бельгіі базіруецца 2,7 тыс. ваеннаслужачых ЗША; 22,8 тыс. бельг. ваеннаслужачых знаходзяцца ў Германіі. Бельгія — удзельнік пагаднення аб звычайных узбраеннях (1990) і пагаднення аб колькасці ваеннаслужачых (1992), паводле якіх бельг. армія будзе складацца з 70 тыс. чал., а на ўзбраенні мець 344 танкі, 1099 баявых машын пяхоты, 320 адзінак артылерыі, 232 баявыя самалёты, 46 верталётаў. У аснове ваен. дактрыны Бельгіі канцэпцыя кааліцыйнай стратэгіі НАТО.

Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне прыватнае. Праз сістэму сац. страхавання кампенсуецца 75% кошту ўрачэбных паслуг. Поўную кампенсацыю атрымліваюць удовы, сіроты, пенсіянеры і інваліды. Бясплатным з’яўляецца лячэнне сац. хвароб і рэабілітацыя, а таксама знаходжанне ў шпіталі ў пасляродавы перыяд. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 74 гады, у жанчын 80 гадоў. Смяротнасць складае 10 на 1 тыс. чал. Забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 103 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 298 чал. Узровень нараджальнасці — 12 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць складае 7 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Бельгіі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей да 6 гадоў; 6-гадовую пач. школу (узрост навучання 6—11 гадоў); 6-гадовую сярэднюю школу, што складаецца з 3 двухгадовых цыклаў: пед. назірання, арыентацыі, спецыялізацыі; прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. ВНУ падзяляюцца на 3 тыпы: ун-ты (тэрмін навучання 5 і болей гадоў), ВНУ з 4-гадовай (ін-ты, вышэйшыя школы) і скарочанай (3 гады) праграмамі навучання. Дзейнічаюць 2 сістэмы адукацыі — дзярж. і прыватная. Сярод прыватных навуч. устаноў 95% — канфесійныя. Буйнейшыя ун-ты: каталіцкі ў Лёвене (з 1425, у 1970 падзелены паводле мовы навучання на 2 аўтаномныя); 2 дзярж. ун-ты — валонскі ў Льежы, фламандскі ў Генце (абодва з 1817), свабодны ў Бруселі (з 1834, у 1970 таксама падзелены паводле мовы навучання). ВНУ 2-га тыпу: мед. і вет. вышэйшыя школы ў Кюрэгхайме, агр. ін-т у Жамблу і інш. Буйныя б-кі: Бельгійская нац. ў Бруселі (з 1837), універсітэцкія ў Бруселі, Генце, Льежы, Лёвене. Музеі: Каралеўскія музеі — прыгожых мастацтваў у Антверпене (з 1890), прыгожых мастацтваў Бельгіі (з 1830, у т. л. старадаўняга мастацтва і Музей сучаснага мастацтва), музеі мастацтва і гісторыі ў Бруселі (з 1835), Цэнтр. Афрыкі ў Тэрвюрэне (з 1897); Муніцыпальная маст. галерэя ў г. Бруге (з 1930). Навук. даследаванні вядуцца ва ун-тах, ін-тах, абсерваторыі, н.-д. цэнтрах, галіновых асацыяцыях прамысл. даследаванняў і інш. У Бельгіі 8 валонскіх і флам. акадэмій, найстарэйшыя каралеўскія валонская — Бельг. акадэмія л-ры і прыгожых мастацтваў (з 1772), флам. — акадэмія флам. мовы і л-ры (з 1886) і Бельг. мед. акадэмія.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выходзіць 35 штодзённых газет (19 на франц., 15 на флам. і 1 на ням. мовах), агульны тыраж 2,1 млн. экз., 1991). Буйнейшыя з іх: «De Standaard» («Сцяг», з 1914, на флам. мове), «Het Laatste Nieuqs» («Апошнія навіны», з 1888, на флам. мове), «Le Soir» («Вечар», з 1887, на франц. мове). Агенцтвы друку: Агенсе Белга (з 1920), Сантр д’Энфармасьён дэ Прэс (з 1946), Агенсе Эўропе (з 1952). Радыёвяшчанне з 1924, тэлебачанне з 1953. Дзярж. тэле- і радыёстанцыі трансліруюць праграмы на франц. (Радыё-Тэлевізьён Бельж дэ ла Камюнатэ Кюльцюрэль Франсэз), флам. (Бельгісе Радыё эн Телевізі) і ням. (Бельгішэс Рундфунк-унд Фэрнзехцэнтрум дэр Дойчшпрахіген Гемайншафт) мовах. Найб. папулярныя прыватныя станцыі: Канал Плю Бельжык, Тэлевізьён Эндэпэндант (камерцыйныя, на франц. мове), Вламсе Тэлевізі Матсапей (камерцыйная, на флам. мове).

Літаратура. Развіваецца пераважна на дзвюх мовах: у паўд. правінцыях на франц., у паўн. — на нідэрл. (флам.). Першыя помнікі пісьменнасці на франц. мове ўзніклі ў 1200-я г.: гіст. хронікі, эпічныя казанні пра крыжацкія паходы. У 13—14 ст. развіваліся жанры агіяграфіі, пропаведзі, маралітэ. У 14 ст. напісана «Хроніка Фландрыі» Ж.​Фруасара. У эпоху Адраджэння (16 ст.) бельг. паэзія знаходзілася пад уплывам франц. «Плеяды». З сярэдзіны 18 ст. ў л-ры ўзніклі асветніцкія матывы. У 1801—18 у Бруселі выходзілі «Паэтычныя альманахі», прасякнутыя вальтэр’янскімі ідэямі. У пач. 19 ст. з’явіліся творы бельг. рамантыкаў, што знаходзіліся пад моцным уплывам Дж.​Байрана, а потым В.​Гюго (зб. вершаў «Прымулы» А.ван Гасельта, творы Ш.​Патвена), фарміруецца жанр. гіст. рамана («Марскія гёзы...» А.​Мока), гераічныя трагедыі. Дэмакр. духам прасякнуты раманы «Ціхі дом» Э.​Леклерка, «Медзяніца» Ж.​Дэмулена; найб. выдатны твор эпохі — «Легенда пра Уленшпігеля» (1867) Ш.дэ Кастэра. У 1880-я г. за нац. самабытнасць бельг. культуры змагаліся пісьменнікі аб’яднання «Маладая Бельгія»; К.​Леманье (раман «Крывасмок») і Ж.​Экаўт (раман «Новы Карфаген»), М.Метэрлінк з сімвалісцкімі драмамі («Сляпыя») і п’есай-казкай «Сіняя птушка», Ж.​Радэнбах з раманам «Царства маўчання», Э.Верхарн з паэт. зб. «Гарады-спруты» і «Буйныя сілы». У 1920—30-я г. сац. раманы характэрны для творчасці К.​Бюрньё, Ф.​Эленса. Псіхал. драмы Ф.​Кромелінка («Велікадушны раганосец») спалучаюць фарс і трагедыю. У час гітлераўскай акупацыі ствараецца паэзія супраціўлення. Сац. раманы Д.​Жылеса («Купон 44») малююць норавы буржуазіі ў час вайны, Д.​Шайнерт («Даўгавухі фламандзец») расказвае пра барацьбу бельг. народа з акупантамі. Сучасным праблемам прысвечаны раманы Ж.​Ленза, А.​Карнелюса, Ж.​Сіменона, п’есы П.​Вілемса. У пасляваен. бельг. паэзіі вылучаецца лірыка Ж. дэ Башэра, М.​Тыры, М.​Карэма, Ленза, Ж.​Норжа, А.​Шавэ. Літаратура на нідэрландскай мове да пач. 17 ст. была часткай нідэрл. л-ры (гл. ў арт. Нідэрланды). З канца 16 ст. цэнтр нідэрл. культуры перамясціўся на Пн, аднак у Паўд. Нідэрландах (сучасная Бельгія) працягвала развівацца л-ра на нідэрл. мове. Ю. дэ Хардэйн у цыкле «Хвалебныя песні Богу» спалучаў рэліг. і рэнесансавыя матывы. В.​Агір пісаў сатырыка-быт. камедыі з жыцця гараджан. Вясёлыя клухты (фарсы) ствараў М. дэ Сван. Па меры ўсталявання ў Бельгіі франц. культуры ў 18 ст. паглыбляецца крызіс нідэрл. культуры. Нац.-дэмакр. ўздым 1830 выклікаў рух за яе адраджэнне. Паэт і гісторык Я.​Ф.​Вілемс у патрыят. вершах услаўляў гераічнае мінулае свайго народа. Нідэрл. рамантыкі былі адначасова і асветнікамі і гарачымі прыхільнікамі развіцця нац. літ. мовы (Х.​Кансіянс, К.​Л.​Ледэганк). З першым у бельг. л-ры на нідэрл. мове псіхал. раманам выступіў Э. дэ Бом («Абломкі»). Кумірам флам. дэкадэнтаў быў паэт-сімваліст К. ван дэ Вустэйне. З містыка-сімвалісцкім раманам «Вечны жыд» выступіў А.​Вермейлен. У развіцці крытычнага рэалізму важнае месца займае творчасць паэта і раманіста В.​Элсхата. Пасля 2-й сусв. вайны з’явіліся антыфаш. раманы «Свяшчэнны гнеў» М.​Дэйзе і «Толькі мёртвыя выратуюцца» П. ван Акена. Антыімперыял. і антыклерыкальная накіраванасць характэрная для твораў Х.​Клаўса 1960—70-х г., пазначаных рысамі авангардызму. Пісьменнікі-рэалісты В.​Ройслінк, Х.​Лампа, Х.​Рас раскрываюць адчужанасць чалавека ў сучасным цывілізаваным грамадстве.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бельгіі захаваліся помнікі мастацтва кельтаў і стараж. рымлян. У сярэднявеччы багатыя гарады Бельгіі былі буйнымі цэнтрамі маст. культуры: у 11—12 ст. — раманскага стылю (цэрквы ў Льежы і Турнэ), у 13—14 ст. — готыкі (саборы ў Бруге, Генце, Бруселі, Антверпене, Мехелене). З аб’яднаннем на рубяжы 14 і 15 ст. Паўд. (сучасная Бельгія) і Паўн. Нідэрландаў фарміруецца нідэрл. мастацтва (гл. ў арт. Нідэрланды). У 15—16 ст. росквіту дасягнула свецкая архітэктура позняй, т.зв. «палымянай», готыкі (ратушы ў Бруселі, Генце, Лёвене). Адначасова склаліся гал. цэнтры нідэрл. жывапісу Адраджэння, заснавальнікам якога стаў Я. ван Эйк. У 16 ст. рэнесансавыя формы панавалі ў архітэктуры, скульптуры і дэкар. мастацтве. У 17—18 ст. сфарміравалася флам. мастацтва, якое спалучала пышнасць і параднасць барока з нар.-рэаліст. тэндэнцыямі (П.П.Рубенс, А. ван Дэйк, Ф.Снейдэрс, Я.Іорданс, А.Браўэр, Д.​Тэнірс, Я.​Брэйгель «Аксамітны» і інш.). Флам. карціны віртуозна ўзнаўляліся ў шматлікіх гравюрах, дрэве, шпалерах. Шырокую вядомасць набылі плеценыя і вышываныя карункі Фландрыі і Брабанта. Архітэктуры 17 ст. ўласцівы барочная ўрачыстасць, класічны дэкор (дамы гільдый на Вял. плошчы ў Бруселі, Дом Рубенса ў Антверпене). У канцы 18 ст. ў флам. барока з Францыі і Аўстрыі пранікае класіцызм (Верхні горад, Каралеўская пл., парк, палац у Бруселі, замак Сенеф у прав. Эно; партрэтныя бюсты Ж.​Л.​Гадшарля, інтэр’еры Л.​Дэфранса і інш.). У 19 ст. складваецца ўласна бельг. мастацтва (пабудовы арх. Л.​Руланта, гіст. карціны і рэаліст. партрэты Ф.​Ж.​Навеза). Рамант. кірунак у жывапісе (Г.​Ваперс, Л.​Гале, В.​Гефс, Х.​Лейс, Т.​Фурмуа) паступова ператварыўся ў салонны акадэмізм. Пашырэнне рэалізму у 2-й пал. 19 ст. і адыход ад салоннага мастацтва звязаны з творчасцю мастакоў Ш. дэ Гру, Х. дэ Бракелера, Л.​Дзюбуа, І.​Буланжэ і інш. Скульптар К.Менье адзін з першых у зах.-еўрап. мастацтве звярнуўся да тэмы працы і жыцця рабочых. Да канца 19 ст. Бельгія становіцца радзімай стылю мадэрн у архітэктуры (заснавальнік і тэарэтык Х. ван дэ Велдэ). Выяўл. мастацтва канца 19 — пач. 20 ст. характарызуецца пераходам да містычнай сімволікі і алегарызму (Дж.​Энсар, Ф.​Ропс, Э.​Ларманс, майстры «1-й латэмскай групы» — скульпт. Ж.​Міне, В. дэ Садэлер), драм. экспрэсіі (скульпт. Р.​Ваўтэрс, майстры «2-й латэмскай групы» — К.Пермеке, Г. дэ Смет). Пошукі рацыянальных рашэнняў у архітэктуры пачаліся пасля 1-й сусв. вайны (арх. Х.​Хостэ, Л. ван дэр Свалмен, В.​Буржуа, Э. ван Авербеке і інш.). У 1920—30-я г. панаваў неакласіцызм. Прынцыпы сучаснай архітэктуры выявіліся ў буд-ве жылых раёнаў, трансп., прамысл. і грамадскіх збудаванняў (арх. Х. ван Кёйк, Р.​Брам, М.​Брэнфо і інш.). У выяўл. мастацтве 20 ст. значнае месца займаюць фармальныя стылістычныя пошукі (Я.​Бруселманс), сюррэалізм (П.​Дэльво, Р.​Магрыт), абстрактнае мастацтва. Рэаліст. кірунак уласцівы творчасці скульптараў Ф.​Мазерэля, Ш.​Лепле, мастакоў І.​Опсамера, К.​Пейзера, П.​Палюса, Р.​Самвіля. У дэкар. мастацтве 20 ст. вылучаюцца вырабы ў стылі мадэрн (Велдэ, Арта), керамічная скульптура (П.​Кай), дываны (Э.​Дзюбрэнфо, Л.​Дэльтур).

Музыка. У сярэднявеччы Бельгія была часткай Нідэрландаў — краіны развітых муз. традыцый. У запісах зберагліся песні фагеланаў — удзельнікаў антыфеад. і антыкаталіцкіх рухаў 15 ст. Асновы музыкі Бельгіі закладзены ў 15—16 ст. у рэчышчы Нідэрландскай школы. Цэнтрамі муз. адукацыі былі т.зв. метрызы — муз. школы пры каталіцкіх храмах, дзе рыхтавалі царк. пеўчых. Сучасная прафес. музыка пачала фарміравацца ў 2-й пал. 19 ст. Развіваліся оперны, кантатна-аратарыяльны і камерна-інстр. жанры. Склаліся 2 кампазітарскія школы — валонская, якая зазнала ўплыў франц. музыкі і творчасці С.​Франка (Ж. і Л.​Іонгены, Г.​Лекё, В.​Врольс), і флам., набліжаная да ням. музыкі і творчасці Р.​Вагнера (П.Бенуа, Я.​Блокс). Сярод кампазітараў 20 ст. П.Жыльсон і Ж.​Абсіль. У 1920—40-я г. муз. мастацтва развівалася пераважна ў рэчышчы агульнаеўрап. неакласіцызму. Пасля 2-й сусв. вайны пашырыліся авангардысцкія плыні. Сусв. прызнанне атрымалі бельг. музыказнаўчая школа (Ф.Ж.Фетыс, Ф.​А.​Геварт, П.​Калар) і выканальніцкае мастацтва скрыпачоў Ш.Берыё, А.В’ётана, Э.Ізаі. Дзейнічаюць оперныя т-ры ў Бруселі, Антверпене, Генце і інш., Нац. сімф. аркестр, сімф. аркестры і хары Бельгійскага радыё і тэлебачання, «Фламандскі камерны аркестр», «Капэла Бургундскага двара», кансерваторыі ў Антверпене, Бруселі, Льежы, муз. акадэміі ў Турнэ, Шарлеруа, ін-т музыказнаўства ў Монсе. Праводзяцца міжнар. конкурсы імя каралевы Лізаветы (з 1951, Брусель), імя І.​С.​Баха (з 1958, Гент), струнных квартэтаў (з 1951, Льеж).

Тэатр. Вытокі тэатр. мастацтва Бельгіі ў рэлігійных абрадах сярэднявечча. У 13—15 ст. ставіліся літургічныя драмы (на лац. мове), маралітэ і містэрыі (на франц. і нідэрл. мовах). У 15—16 ст. т.зв. камеры рытараў (аб’яднанні цэхавага тыпу, члены якіх выконвалі вершы і п’есы, што складалі самі) у сваіх пастаноўках (пераважна фарсах і маралітэ на нідэрл. мове) праводзілі ідэі дзярж. незалежнасці. У 16—17 ст. па Бельгіі гастралявалі франц., ісп. і інш. тэатр. трупы. Першы бельг. «Тэатр дэ ла Манэ» адкрыты ў 1700 у Бруселі, меў оперную і драм. трупы. Пасля 1830 створаны т-ры ў Генце, Антверпене, Бруселі (на нідэрл. мове). Ставіліся рамант. драмы, вадэвілі, развесяляльныя п’есы. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўплыў на т-р Бельгіі зрабілі творчасць і эстэтыка Метэрлінка, Ш. ван Лерберга і інш. У гады ўздыму рабочага руху літ.-маст. секцыя Бельг. нар. дома паставіла рэв. Драму Э.​Верхарна «Зоры» (1898). У 1920—30-я г. пашырыліся самадз. калектывы. У гады ням.-фаш. акупацыі (1940—44) браты Ж. і М.​Хойсманы арганізавалі вандроўны «Тэатр Супраціўлення». У Бельгіі каля 50 прафесійных т-раў, у т. л. каля 20 у Бруселі. Найб. значныя: «Тэатр дэ ла Манэ», «Дзю Парк», «Дэ Галеры», «Каралеўскі нацыянальны тэатр», «Дзю Рыдо», «Дэ Пош». Тэатр. дзеячаў рыхтуюць Каралеўская кансерваторыя ў Бруселі, школа драм. маст. Каралеўскай флам. кансерваторыі і інш.

Кіно. Вытворчасць фільмаў, распачатую ў 1908, спыніла 1-я сусв. вайна. У 1919 арганізавана «Бельгійская кінакампанія», у 1922 — кінастудыя «Бельгійскі фільм». У 1920-я г. знята каля 20 ігравых фільмаў. Вядомасць атрымалі відавыя, мастацтвазнаўчыя і этнагр. фільмы рэжысёраў А.​Сторка, П.​Хасартса і інш. Пасля 2-й сусв. вайны кінавытворчасць аднавілася ў пач. 1950-х г. Зняты маст. фільмы: «Чайкі паміраюць у гавані» (1957), «І ўжо ападае кволая кветка» («Дзеці Барынажа», 1960), «У цягніку аднойчы вечарам...» (1969), «Дом, мілы дом» (1973), «Вялікі пейзаж Алексіса Дрэвена» (1981). У 1980-я г. развіваецца дакумент. і анімацыйнае кіно, здымаюцца тэлевізійныя серыялы. Кінематаграфістаў рыхтуюць у 7 ВНУ.

Літ.:

Аксенова Л.А. Бельгия. М., 1982;

Мицкевич Б.П. Шарль де Костер и становление реализма в бельгийской литературе. Мн., 1960;

Фромантен Э. Старые мастера: Пер. с фр. М., 1966;

Ecmans M. L’art vivant en Belgique. Bruxelles, 1972;

Грубер Р.П. Всеобщая история музыки. Ч. 1. 3 изд. М., 1965;

Mertens C. Hedendaagse muziek in Belgie. Bruxelles, 1967.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка).

Герб і сцяг Бельгіі.
Да арт. Бельгія. П.​П.​Рубенс. Саюз Зямлі і Вады. Каля 1618.
Да арт. Бельгія. Святыя Фама і Матфей. Фрагмент габелена. Брусель. Канец 15 ст.
Да арт. Бельгія. К.​Пермеке. Заручаныя. 1923.
Да арт. Бельгія. Царква Сінт-Міхілскерк у Лёвене. 1650—71.
Да арт. Бельгія. Ж.​Міне. Чалавек, які моліцца. 1901.
Да арт. Бельгія. Дж.​Энсар. Дзіўныя маскі 1892.
Да арт. Бельгія. Ратуша на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене. Арх. К.​Флорыс. 1561—65.
Да арт. Бельгія. У цэнтры Бруселя.
Да арт. Бельгія. Фантан Брабо на плошчы Гротэ-маркт у Антверпене.

т. 3, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)