НІКАЦІНАМІДАДЭНІНДЫНУКЛЕАТЫ́Д (НАД),

кафермент, які прысутнічае ў жывых клетках і ўваходзіць у склад некат. дэгідрагеназ. Адкрыты А.Гардэнам і англ. біяхімікам У.​Іонгам (1904). Мае адэнін, амід нікацінавай к-ты, па 2 астаткі рыбозы і фосфарнай к-ты. Функцыянуе на пач. этапах біял. акіслення тлушчу, бялкоў і вугляводаў. У каталізуемых дэгідрагеназамі рэакцыях Н. і яго фасфарыліраванае вытворнае НАД-фасфат з’яўляюцца прамежкавымі акцэптарамі і пераносчыкамі электронаў і вадароду. У большасці тканак біясінтэз Н. ажыццяўляецца шматферментнай сістэмай з нікацінаміду, нікацінавай к-ты, у печані і нырках — з трыптафану.

Літ.:

Фридрих П. Ферменты: четвертичная структура и надмолекулярные комплексы: Пер. с англ. М., 1986;

Браунштейн А.Е. Процессы и ферменты клеточного метаболизма М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕАЗІ́ДЫ,

злучэнні, якія складаюцца з астаткаў азоцістай асновы і вугляводу рыбозы (рыбануклеазіды) ці дэзоксірыбозы (дэзоксірыбануклеазіды); N-гліказіды пурынавых або пірамідзінавых асноў. Найб. значэнне маюць Н., што ўваходзяць у склад нуклеінавых кіслот: адэназін, гуаназін, урыдзін, цытыдзін, цымідзін. Свабодныя Н. ўтвараюцца пры гідролізе нуклеінавых к-т і нуклеатыдаў. Абарачальнае фасфат-залежнае расшчапленне Н. да рыбоза-1-фасфату і свабоднай асновы адбываецца пад уздзеяннем ферментаў нуклеазідфасфарылаз. Спецыфічныя нуклеазідазы каталізуюць гідроліз Н. і разрываюць сувязі паміж цукрам і асновай. Фасфарыліраванне Н. кіназамі выклікае ўтварэнне нуклеатыдаў. Некат. пурынавыя і пірымідзінавыя Н. з хім. мадыфікаванай вугляводнай ч. малекулы і (або) асновай валодаюць антыбіятычнай актыўнасцю і блакіруюць абмен пурынаў, пірамідзінаў і бялкоў як антыметабаліты натуральных субстратаў. Яны знаходзяцца ў клетцы ў свабодным стане і не ўваходзяць у склад нуклеінавых к-т.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Сяргей Несцеравіч) (20.3.1909, в. Валынцава Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 22.7.1994),

бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. нав. БССР (1959—61), д-р с.-г. н., праф. (1958). Засл. дз. нав. Беларусі (1975). Скончыў БСГА (1932). У 1938—41 дырэктар, з 1945 заг. лабараторыі Ін-та сацыяліст. сельскай гаспадаркі АН БССР. З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (у 1962—70 дырэктар, з 1958 і ў 1970—82 заг. лабараторыі). Навук. працы па даследаванні абменных рэакцый катыёнаў і аніёнаў у глебе, вызначэнні адноснай ролі вокіслаў жалеза і алюмінію ў сорбцыі фасфат-іонаў глебамі, глінамі і торфам радыехраматаграфічным вадкасным метадам, вывучэнні калійнага жыўлення раслін метадам выкарыстання радыеактыўнага і стабільнага рубідыю для мечання калію. Распрацаваў біял. метад вызначэння патрэбы раслін ва ўгнаеннях у залежнасці ад наяўнасці пажыўных рэчываў у глебах. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.

Тв.:

Физико-химический режим фосфатов торфов и дерново-подзолистых почв. Мн., 1962;

Способ определения емкости поглощения фосфора и калйя дерново-подзолистыми и торфяно-болотными почвами. Мн., 1982 (разам з В.​В.​Лапай).

С.Н.Іваноў.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)