суспензіі пігментаў у водных растворах плёнкаўтваральнікаў (карбаксілметылцэлюлозы, полівінілавага спірту, казеіну, крухмалу, камедзі і інш.). Для прыгатавання К.ф. выкарыстоўваюць неарган. (напр., вохра, сурык, ультрамарын) і арган.пігменты. К.ф. ўтвараюць сітаватыя, звычайна няводаўстойлівыя пакрыцці з малой мех. трываласцю, але выдатнымі дэкар. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць для аздаблення памяшканняў, водаўстойлівыя казеінавыя К.ф. — для вонкавых работ і атрымання мыйных пакрыццяў, маст. К.ф. (акварэльныя, гуашавыя), якія рыхтуюць на аснове плёнкаўтваральнікаў расліннага паходжання — у жывапісе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,
парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.
Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
саставы (пераважна вадкія ці пастападобныя), якія выкарыстоўваюць для атрымання лакафарбавых пакрыццяў. Да Л.м. адносяцца лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАЛЬКАМА́НІЯ (франц. décalcomanie),
паліграфічны спосаб вырабу пераводных відарысаў (дзіцячых малюнкаў, ярлыкоў і інш.), прызначаных для пераносу на тканіну, метал, фарфор, шкло, дрэва і інш. паверхні. Для друкавання відарысаў (у залежнасці ад метадаў іх пераносу) выкарыстоўваюцца водаўстойлівыя або тэрмапластычныя лакі і фарбы, спец.фарбы, вырабленыя на аснове смол. Друкуецца відарыс спосабам плоскага друку (літаграфіяй) на паперы са спец. пакрыццямі ці палімернай плёнцы, пад уздзеяннем вады, цяпла або ціску аддзяляецца ад падкладкі, на якой быў надрукаваны, і пераносіцца на патрэбную паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КІ ДРУК,
від друку, пры якім друкавальныя элементы друкарскай формы паглыблены адносна прабельных і запаўняюцца фарбаю. У працэсе друкавання фарба бесперапынна паступае на паверхню друкарскай формы, спец. стальной пласцінкай (ракелем) выдаляецца з прабельных элементаў, а з паглыбленняў пад ціскам друкарскага вала перадаецца на паперу.
Чым глыбей друкавальныя элементы, тым больш фарбы пераносіцца на паперу і больш цёмнымі насычанымі робяцца пэўныя часткі адбітка. Для адбіткаў глыбокага друку ўласцівыя высокая яркасць, насычанасць і мяккасць тонавых пераходаў. Формы для глыбокага друку робяць фотамех. спосабам і на электрагравіравальных апаратах, друкаванне выконваецца на ратацыйных друкарскіх машынах. Глыбокі друк выкарыстоўваюць для друкавання ілюстраваных адна- і шматфарбавых часопісаў, рэкламнай і этыкетачна-ўпаковачнай выяўленчай прадукцыі. Вядомы з 15 ст. Папярэднікам сучаснага спосабу вырабу формаў глыбокага друку з’яўляецца геліягравюра.
Літ.:
Полянский Н.Н. Технология полиграфического производства. Ч. 2. М., 1982.
Схема глыбокага друку: 1 — падрыхтаваная друкарская форма; 2 — форма пасля нанясення фарбы; 3 — выдаленне фарбы з паверхні формы ракелем; 4 — атрыманне адбітка на паперы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІГУ́Т (ад гумі + лац. gutta кропля),
згушчаны млечны сок, які атрымліваюць пры падсочцы кары некат. трапічных раслін сям. клюзіевых. Складаецца са смалы і гумі. Выкарыстоўваюць для вырабу спіртавых лакаў і жоўтай акварэльнай фарбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКЕЛЮ́Р (франц. craquelure),
растрэскванне слаёў грунту, фарбы або лаку ў творах жывапісу. Бывае паверхневы ці глыбокі, жорсткі (з вострымі краямі), мяккі, або, плывучы. К. ўзнікаюць ад нераўнамернага высыхання (усадкі) сувязных рэчываў, мех. уздзеянняў (удар, страсенне) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАБЕ́ЛКА,
у старажытным жывапісе тэхнічны прыём выканання светлых частак выявы: нанясенне фарбы ў некалькі прыёмаў з паступовым павелічэннем колькасці бялілаў. Завяршалася, як правіла, светлымі штрыхамі. У шырокім сэнсе П. ўключае вохранне — паступовае высвятленне твару і рук шматразовымі прапіскамі па асн. роўным цёмным фоне (санкіры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУКАВА́ННЕ,
працэс атрымання адбіткаў шляхам пераносу фарбы з друкарскай формы на паперу, тканіну, кардон, пластмасу, метал і інш. матэрыялы. Асн. віды Д. ў паліграфіі: высокі друк, плоскі друк (у т. л.афсетны друк), глыбокі друк. Пашыраны таксама трафарэтны друк і электраграфія. Гл. таксама Кнігадрукаванне, Нотадрукаванне, Друкаванне тканін.