свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв. проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЖАГАЎ (Сяргей Іванавіч) (22.9.1900, пас. Каменнае Цвярской вобл., Расія — 15.12.1964),
расійскі мовазнавец, лексікограф. Д-рфілал.н. (1953), праф. (1961). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Вучань В.У.Вінаградава і Л.У.Шчэрбы. З 1952 у Ін-це рус. мовы АНСССР. Выкладаў у маскоўскіх ун-це, пед. ін-це, ін-це філасофіі, л-ры і мастацтва, на Вышэйшых курсах мастацтвазнаўства пры Ін-це гісторыі мастацтваў у Ленінградзе і інш.Асн. працы па лексікалогіі, лексікаграфіі, гісторыі рус.літ.-мовы, праблемах культуры мовы, сацыялінгвістыцы, мове твораў пісьменнікаў. Адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка рускай мовы» (пад рэд. Дз.М.Ушакова, т. 1—4, 1935—40). Аўтар «Слоўніка рускай мовы» (1949, 23-е выд. 1991; з 1992 «Тлумачальны слоўнік рускай мовы» Ожагава і Н.Ю.Шведавай; 4-е выд. 1998). Рэдактар «Арфаграфічнага слоўніка рускай мовы» (1956), слоўнікаў-даведнікаў «Рускае літаратурнае вымаўленне і націск» (1955), «Правільнасць рускай мовы» (1962) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШГАЛА́КТЫКА, звышскопішча галактык,
гіганцкая сукупнасць зорных сістэм. Складаецца з асобных галактык, іх груп і скопішчаў. Памеры 50—150 Мпс, маса 1015—1016 мас Сонца. Форма пляскатая (напр., Лакальная З.) або моцна выцягнутая, накшталт ланцужка (напр., З. Персея). Узніклі з прычыны адыябатычных узбурэнняў шчыльнасці рэчыва на пачатковай стадыі расшырэння гарачай Метагалактыкі. Некаторыя З. расшыраюцца, іншыя сціскаюцца. Выяўлена іх каля 50.
Наша Галактыка, Магеланавы Воблакі, галактыкі ў Трыкутніку, Андрамедзе з яе спадарожнікамі і амаль усе галактыкі, бачныя як аб’екты да 13-й зорнай велічыні, уваходзяць у Лакальную З. Яе цэнтр. згушчэнне — буйное скопішча галактык у сузор’і Дзевы (да 500 вял. галактык). Наша Галактыка знаходзіцца бліжэй да перыферыі З., таму галактыкі, што яе акружаюць, утвараюць на нябеснай сферы шырокі пояс («Млечны Шлях галактык»), амаль перпендыкулярны да зорнага Млечнага Шляху. У сузор’ях Льва і Геркулеса знаходзяцца іншыя з больш блізкіх З.
Літ.:
>Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;
Агекян Т.А. Звезды, галактики, Метагалактика. 3 изд. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
баявыя дзеянні (крас.—жн.) рас. і аўстр. войск пад камандаваннем фельдмаршала А.В.Суворава супраць 2 франц. армій у Паўн. Італіі ў вайну 1798—1802 Францыі з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Англія, Расія, Аўстрыя, Турцыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій). Распрацаваны Суворавым план кампаніі прадугледжваў разгром франц. армій паасобку. 26—28.4.1799 гал. сілы Суворава (больш за 40 тыс.чал.) разбілі франц. армію на чале з ген. Ж.В.Маро (каля 28 тыс.чал.) на р. Ада, занялі г. Мілан, у маі — Турын і Александрыю. 17—19 чэрв. войскі Суворава (каля 30 тыс.чал.) у сустрэчным баі на р. Трэбія разграмілі франц. армію ген. Ж.Макданальда (33—35 тыс.чал.), якая рухалася на дапамогу Маро з Сярэдняй і Паўд. Італіі. Разгром саюзнымі войскамі (43 тыс.чал., паводле інш. звестак, 50 тыс.) 35-тысячнай франц. арміі ген. Б.К.Жубера (забіты ў пач. бітвы, яго змяніў Маро) 15 жн. каля г. Нові і перамогі ВМФ Расіі ў ходзе Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 прывялі да амаль поўнага вызвалення Італіі ад франц. панавання. Сувораў быў накіраваны ў Швейцарыю (гл.Швейцарскі паход Суворава 1799). У.Я.Калаткоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ННІК АСТРАНАМІ́ЧНЫ,
гадзіннік для вызначэння, адліку і захавання дакладнага часу, які неабходны пры астр. даследаваннях, у практычнай астраноміі, астраметрыі. У старажытнасці для астр. даследаванняў карысталіся пясочнымі, вадзянымі і сонечнымі гадзіннікамі. Іх хібнасць складала секунды і болей. Да сучасных гадзіннікаў астранамічных адносяць спец. маятнікавыя (з сутачным ходам гадзіннікаў да 5∙10−4 с), кварцавыя гадзіннікі (з сутачным ходам 5∙10−7 с), квантавыя гадзіннікі (атамныя гадзіннікі з сутачным ходам не больш за 10−8 с).
Маятнікавыя гадзіннікі канструкцый англ.інж. У.Г.Шорта і сав. канструктара Ф.М.Федчанкі складаюцца з 2 маятнікаў — свабоднага і другаснага. Іх дакладнасць заснавана на ўласцівасці маятніка захоўваць пастаянным перыяд сваіх ваганняў, які залежыць ад даўжыні маятніка. Для выключэння ўплыву змены знешніх умоў (т-ры, атм. ціску) на перыяд ваганняў стрыжань робяць з матэрыялу з малым каэф. лінейнага расшырэння, а сам свабодны маятнік змяшчаюць у герметычным аб’ёме ў ізатэрмічным пакоі. Маятнік злучаны з другасным гадзіннікавым механізмам эл. ланцугом. Маятнікавыя гадзіннікі патрабуюць папраўкі пры дапамозе астр. назіранняў або радыёсігналаў дакладнага часу, што выконваюцца службай часу. Кварцавыя гадзіннікі заснаваны на п’езаэлектрычным эфекце; малекулярныя і атамныя — на выкарыстанні ўласнай частаты ваганняў малекул і атамаў некаторых рэчываў (аміяку, цэзію, вадароду), што дало магчымасць стварыць новую, незалежную ад астр. назіранняў сістэму лічэння часу.
Літ.:
Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕНЕ́РА»,
назва серыі савецкіх аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для вывучэння Венеры і касм. прасторы, а таксама праграмы іх распрацоўкі і запускаў.
У 1961—83 запушчана 16 «Венер» («Венера-1» 12.2.1961; 20.5.1961 яна прайшла на адлегласці каля 100 тыс.км ад Венеры і выйшла на арбіту спадарожніка Сонца). Пачынаючы з «Венеры-3» АМС складаюцца з арбітальнага адсека і спускальнага апарата. «Венера-3» здзейсніла першы ў свеце палёт касм. лятальнага апарата на іншую планету (16.11.1965 стартавала, 1.3.1966 дасягнула паверхні Венеры). «Венера-4» правяла першыя прамыя даследаванні атмасферы Венеры (1967), «Венера-7» зрабіла першую мяккую пасадку на Венеру (1970). «Венера-4» — «Венера-8» вывучалі размеркаванне ціску, шчыльнасць, т-ру, хім. састаў атмасферы. «Венера-9» — першы штучны спадарожнік Венеры (першая здымка паверхні Венеры, 1975). «Венера-13» і «Венера-14» (1982) перадалі каляровыя панарамы месцаў пасадкі і даследавалі хім. састаў грунту. На «Венеры-15» і «Венеры-16» (1983) замест спускальнага апарата ўстаноўлены радыёлакатар, з дапамогай якога праведзена здымка паўн. паўшар’я Венеры: выяўлены горныя хрыбты, кратэры, пласкагор’і, разломы, шматлікія вынікі тэктанічнай актыўнасці планеты.
Н.А.Ушакова.
Да арт.«Венера». Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Венера-5»: 1 — панэль сонечнай батарэі; 2 — арбітальны адсек; 3 — датчык астраарыентацыі; 4 — датчык сонечнай арыентацыі; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі арбіты; 6 — мікрарухавікі сістэмы астраарыентацыі; 7 — лічыльнік касмічных часціц; 8 — блікаахоўны экран; 9 — востранакіраваная антэна; 10 — спускальны апарат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВО́ЯДЖЭР»
(англ. Voyager),
назва амерыканскіх аўтам. міжпланетных станцый для даследавання планет-гігантаў Сонечнай сістэмы і іх спадарожнікаў з пралётнай траекторыі.
«Вояджэр-2» і «Вояджэр-1» (маса кожнага 798 кг), запушчаныя 20.8 і 5.9.1977, праляцелі адпаведна 9.7 і 5.3.1979 на адлегласцях 648 тыс.км і 280 тыс.км ад Юпітэра; адкрыты кальцо і 3 спадарожнікі. Станцыі зрабілі гравітацыйны манеўр у полі прыцягнення Юпітэра і ў 1980—81 праляцелі каля Сатурна; выяўлена 6 спадарожнікаў, мноства кольцаў Сатурна, даследавана іх тонкая структура. Пасля гэтага «Вояджэр-1» выйшаў за межы экліптыкі. «Вояджэр-2» пасля карэкцыі траекторыі праляцеў 24.1.1986 каля Урана, была пацверджана наяўнасць кольцаў вакол планеты, выяўлены 10 спадарожнікаў, 20.4.1989 праляцеў каля Нептуна, адкрыты 4 кальцы, 6 спадарожнікаў, праведзены даследаванні спадарожніка Трытон. Апошняя інфармацыя з «Вояджэра-2» атрымана на пач. 1990 (панарама з 6 планет Сонечнай сістэмы). У выніку палётаў «Вояджэра» вызначаны састаў і дынаміка атмасфер планет, удакладнены мадэлі іх унутр. будовы і паходжання Сонечнай сістэмы. На борце «Вояджэра-1» і «Вояджэра-2» знаходзяцца пасланні пазаземным цывілізацыям. Станцыі працягваюць аддаляцца ад Сонца; сувязь з імі плануецца падтрымліваць да 2000.
Н.А.Ушакова.
Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вояджэр»: 1 — тэлевізійныя камеры; 2 — дэтэктары плазмы, касмічных прамянёў і зараджаных часціц; 3 — востранакіраваная і маланакіраваная антэны; 4 — штанга з магнітометрамі; 5 — радыеізатопныя энергетычныя ўстаноўкі; 6 — мікрарухавікі; 7 — антэны для рэгістрацыі радыёвыпрамянення планет і хваль у плазме; 8 — радыятар; 9 — ультрафіялетавы і інфрачырвоны спектрометры.Да арт.«Вояджэр». Траекторыя палёту аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр-2».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕ́РА, Мілавіца,
другая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак ♀. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 108,2 млн.км. Арбіта Венеры блізкая да кругавой (яе эксцэнтрысітэт найменшы ў Сонечнай сістэме і роўны е=0,0068), нахіл арбіты да плоскасці экліптыкі складае 3°24′. Сярэдні дыяметр 12 100 км, маса 4,87∙1024кг (0,82 зямной), сярэдняя шчыльнасць 5240 кг/м³, паскарэнне свабоднага падзення на экватары 8,76 м/сек2. Бляск ад -3,3 да -4,3 зорнай велічыні (вялікі бляск з-за параўнальнай блізкасці Венеры да Зямлі і высокай адбівальнай здольнасці яе паверхні). Найменшая адлегласць Венеры ад Зямлі 38 млн.км, найб. 261 млн.км.
Венера — самае яркае свяціла на небе пасля Сонца і Месяца; бывае відаць пасля захаду Сонца як вельмі яркая вячэрняя зорка і перад світаннем як ранішняя зорка. Падобна Меркурыю і Месяцу мае фазы, якія ўпершыню адзначыў Г.Галілей у 1610. Перыяд абарачэння Венеры вакол Сонца 224,7 зямных сут, вакол восі 243 сут (абарачэнне адваротнае). Працягласць сонечных сутак на Венеры адпавядае 120 зямным сут. Змены сезонаў няма (вось абарачэння амаль перпендыкулярная плоскасці арбіты). З дапамогай АМС «Венера-15» і «Венера-16» зроблена радыёлакацыйнае картаграфаванне планеты: паверхня Венеры — гарачая сухая камяністая пустыня; горныя раёны складаюць менш за 2%. Выяўлена шмат згладжаных кратэраў дыяметрам ад дзесяткаў да соцень кіламетраў, ёсць дзеючыя вулканы. Венера абкружана шчыльнай атмасферай (адкрыў М.В.Ламаносаў у 1761), якая складаецца з вуглякіслага газу (96%), азоту (~4%) і інш. Ціск каля паверхні ~94 атм., т-ра 470 °C. Унутраная будова Венеры падобная на зямную: ядро, мантыя, кара. Даследаванні Венеры праводзіліся пры дапамозе АМС «Венера», «Вега» і «Марынер».
Літ.:
Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;
Планета Венера: Атмосфера, поверхность, внутреннее строение. М., 1989.
Н.А.Ушакова.
Каляровыя тэлефотапанарамы паверхні Венеры, атрыманыя ў час палёту станцый «Венера-13» і «Венера-14».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).
2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб.стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.Ф.Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.Я.Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.М.Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.П.Навіцкага, 1871—72).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАДЫЯ́К, пояс задыяка (грэч. zodiakos ад zōon жывёла),
сукупнасць сузор’яў, размешчаных уздоўж бачнага гадавога шляху Сонца (экліптыкі). Складаецца з 13 сузор’яў, але старажытныя астраномы падзялілі яго на 12 роўных частак (аб’ядноўвалі сузор’і Скарпіён і Змеяносец у адзінае пад агульнай назвай Скарпіён): Рыбы, Авен, Цялец, Блізняты, Рак, Леў, Дзева, Шалі, Скарпіён, Стралец, Казярог, Вадаліў.
Большасць гэтых сузор’яў мае назву жывёл, таму ў старажытнасці іх называлі «З.» («круг жывёл»), а сузор’і — задыякальнымі. Кожнае з іх абазначаецца адпаведным знакам (гл.Знакі астранамічныя і астралагічныя). У задыякальным сузор’і Сонца знаходзіцца прыблізна адзін месяц. Вясною, напр., яно паслядоўна праходзіць па сузор’ях Рыб, Авена, Цяльца. Гэтыя сузор’і не відаць ноччу, бо знаходзяцца разам з Сонцам пад гарызонтам. Процілеглыя сузор’і Дзевы, Шаляў, Скарпіёна відаць усю ноч. Рух Сонца па З. — з’ява ўяўная, гэта вынік сапраўднага і процілегла накіраванага руху Зямлі вакол Сонца. Існуе адпаведнасць знакаў З. каляндарным датам, у якія Сонца праходзіла межы сузор’яў у старажытнасці (каля 2 тыс. гадоў назад). У выніку прэцэсіі зямной восі гэтыя даты змяніліся (гл.табл.). Рух планет і іх размяшчэнне ў сузор’ях З. выкарыстоўваюць астролагі для складання гараскопаў, пры гэтым яны карыстаюцца стараж. датамі праходжання Сонцам сузор’яў З.
Літ.:
Бялко А.В. Наша планета — Земля. М., 1983.
Н.А.Ушакова.
Табліца. Старажытныя і сучасныя даты знаходжання Сонца ў сузор’ях Задыяка
Сузор’е
Старажытныя даты
Сучасныя даты
Авен
21.3—19.4
22.4—21.5
Цялец
20.4—20.5
22.5—21.6
Блізняты
21.5—21.6
22.6—22.7
Рак
22.6—22.7
23.7—23.8
Леў
23.7—22.8
24.8—23.9
Дзева
23.8—22.9
24.9—24.10
Шалі
23.9—22.10
25.10—23.11
Скарпіён
23.10—21.11
24.11—23.12
Стралец
22.11—21.12
24.12—22.1
Казярог
22.12—19.1
23.1—20.2
Вадаліў
20.1—18.2
21.2—18.3
Рыбы
19.2—20.3
19.3—21.4
Да арт.Задыяк. Бачны гадавы рух Сонца па задыяку і сапраўдны рух Зямлі вакол Сонца.