МЕНДЗЯЛЕ́ВІЙ (лац. Mendelevium),

Md, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат.н. 101, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 247—252, 254—260; найб. устойлівы — ​258Md (перыяд паўраспаду 56 сут, α-выпрамяняльнік), атрыманы ў 1967 у ЗША. Названы ў гонар Дз.І.Мендзялеева.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІЛІ́НАВЫ ЧО́РНЫ,

азінавы фарбавальнік. Утвараецца ў выніку акіслення аніліну ў кіслым асяроддзі звычайна непасрэдна на валокнах бавоўны, шоўку, футра. Устойлівы да кіслотаў, атм. уздзеянняў, святла. Акісленнем аніліну атрымліваюць таксама чорны пігмент, які выкарыстоўваецца для афарбоўкі пластмасаў, у вытв-сці лакафарбавых матэрыялаў, фарбы для капіравальнай паперы, стужак друкавальных машынак і інш.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЧЫ́ЧНЫ АЛЕЙ,

раслінны тлусты алей, які атрымліваюць прасаваннем з насення гарчыцы. Вадкасць ад светла-жоўтага да светла-бурага колеру, шчыльн. 918 кг/м³, т-ра застывання -15 °C. Устойлівы да акіслення, не прагаркае пры працяглым захоўванні, паўвысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў хлебапякарнай, кандытарскай і кансервавай вытв-сці. Гл. таксама Алеі.

т. 5, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́САВЫ АЛЕ́Й,

раслінны тлусты алей з падсушанай мякаці какосавых арэхаў (копры). Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Цвёрдае рэчыва з жаўтаватым адценнем, шчыльн. 925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 19—26 °C. Устойлівы да акіслення, невысыхальны алей. Выкарыстоўваюць пераважна ў мылаварэнні, для вырабу касметычных сродкаў і ў вытв-сці маргарыну.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,

марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).

т. 4, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЧАТО́ВІЙ (лац. Kurchatovium),

Ku, штучны радыеактыўны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 104. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы 10 ізатопаў з масавымі лікамі 253—262; найб. устойлівы — ​261Ku (перыяд паўраспаду 70 с). Атрыманы ў 1964 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Назва «К.» (у гонар І.В.Курчатава) прапанавана ў СССР, у ЗША гэты элемент наз. рэзерфордзій (сімвал Rf); назва 104-га элемента канчаткова не прынята.

т. 9, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРЭ́НСІЙ (лац. Lawrencium),

Lr, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 103, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомы ізатопы з масавымі лікамі 253—260; найб. устойлівы — ​260Lr (перыяд паўраспаду 180 с). Першыя надзейныя звесткі пра элемент 103 атрыманы ў СССР Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі (1965—67). Назва элемента ў гонар амер. фізіка Э.А.Лоўрэнса канчаткова не прынята.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБЕ́ЛІЙ (лац. Nobelium),

No, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 102, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 9 ізатопаў з масавымі лікамі 251—259. Першыя надзейныя звесткі пра ізатопы ​251No — ​256No атрыманы ў 1963—67 Г.М.Флёравым з супрацоўнікамі. Найб. устойлівы ізатоп ​259No (перыяд паўраспаду 60 мін) сінтэзаваны ў 1970 у ЗША. Названы ў гонар А.Л.Нобеля.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМАНТА́Н,

трыцыкладэкан, хімічнае злучэнне, насычаны цыклічны вуглевадарод C10H16, мал. м. 136,23. Бясколерныя лятучыя крышталі з пахам камфоры, tпл=269 °C, шчыльн. 1,071·10​3кг/м. Устойлівы да 660 °C, яго атамы вугляроду ўтвараюць структуру алмазу. Адамантам і яго гамолагі ёсць у нафце.

Атрыманы ізамерызацыяй з тэтрагідрапентадыену. Вытворныя адамантану выкарыстоўваюцца як лек. сродкі (рэмантадзін), сінт. змазкі, мадыфікатары для атрымання злучэнняў з высокай тэрмічнай і хім. трываласцю.

т. 1, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФО́РНІЙ (лац. Califomium),

Cf, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 98, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядома 17 ізатопаў з масавымі лікамі 240—256, найб. устойлівы — ​251Cf (перыяд паўраспаду 900 гадоў). Атрыманы ў 1950, названы па месцы адкрыцця (штат Каліфорнія. ЗША). Высокатаксічны белы лятучы метал, tпл 900 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу нейтронаў у актывацыйным аналізе, медыцыне, пры пошуку нафты і інш.

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)