ЛАБІЯЛІЗА́ЦЫЯ (позналац. labialis губны ад лац. labium губа),

агубленне, артыкуляцыя гукаў мовы (галосных і зычных), якая суправаджаецца акругленнем выцягнутых уперад губ. Л. можа быць адрознівальнай прыкметай фанем (напр., у ням., франц., швед. мовах лабіялізаваныя галосныя фанематычна проціпастаўлены нелабіялізаваным). Існуюць лабіялізаваныя галосныя пярэдняга, сярэдняга і задняга (часцей) рада. Лабіялізаваныя зычныя як асобныя фанемы маюць паўн.-каўк. мовы. Л. з’яўляецца дадатковай артыкуляцыяй, якая прыводзіць да ўзнікнення камбінаторных варыянтаў (алафонаў) фанем, калі яна абумоўлена толькі фанет. становішчам гуку (напр., Л. зычных перад губнымі галоснымі, параўн.: бел. «сад» — «суд»). Для розных моў характэрна розная ступень Л.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСІЛО́ЎСКІ (Яўген Рыгоравіч) (12.11.1905, г. Растоў-на-Доне — 1981),

казахскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў прафес. жанраў у каз. муз. мастацтве. Нар. арт. Казахстана (1936). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1931). З 1944 выкладаў у Алма-Ацінскай кансерваторыі (з 1955 праф.). Аўтар першых каз. опер («Кыз Жыбек», 1934; «Жалбыр», 1935; «Ер-Таргын», 1937; «Гвардыя, уперад!», 1942; «Дударай», 1953), сімфоній (у т. л. 6-й «Курмангазы», 1965), кантаты, вак.-сімф., камерных, інстр. твораў. У ліку яго вучняў К.Кужам’яраў, Е.Рахмадыеў, М.​Тулебаеў. Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Казахстана (1939—53). Дзярж. прэмія СССР 1948, Дзярж. прэмія Казахстана 1967.

Літ.:

Ерзакович Б. Аксакал казахской музыки // Композиторы Казахстана: Сб. очерков. Алма-Ата, 1982. Вып. 2.

т. 3, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛАТ (Барыс Адамавіч) (24.7.1912, г. Тула — 27.3.1984),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Баранавіцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. Скончыў 1-ю Сав. аб’яднаную ваен. школу імя ВЦВК (1936, Мінск), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшую школу харч. прам-сці (1955). У Чырв. Арміі з 1932. У пач. вайны паранены трапіў у палон, уцёк з канцлагера. У 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. групу, атрад, з чэрв. 1943 камандзір партыз. брыгады Ленінскай, з ліст. 1943 — «Уперад». З 1944 нам. старшыні Мінскага гарвыканкома, з 1947 нам. дырэктара велазавода, У 1951—73 дырэктар кандытарскай ф-кі «Камунарка».

Б.А.Булат.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСА́РСКАЯ ПАРО́ДА авечак,

грубашэрсная, курдзючная, мяса-сальнага кірунку. Выведзена ў Сярэдняй Азіі нар. селекцыяй. Вядома як найбуйнейшая сярод мяса-сальных парод. Гадуюць у Таджыкістане і Узбекістане. Выкарыстоўваюць пры скрыжаванні з інш. курдзючнымі авечкамі.

Канстытуцыя моцная, з шырокімі і глыбокімі грудзямі, з высунутай уперад грудной косцю. Галава масіўная, гарбаносая, з падоўжанымі абвіслымі вушамі. На крыжавых касцях ляжыць вял. курдзюк, дзе адкладваецца тлушч. Бараны і авечкі бязрогія, скараспелыя. Масць пераважна цёмна-бурая, розных адценняў. Жывая маса бараноў 130—140 (зрэдку да 190) кг, матак 70—80 (зрэдку да 120) кг. Цэніцца мяса і асабліва сала курдзюка. Воўна грубая, выкарыстоўваецца на выраб кашмы і лямцу.

Баран гісарскай пароды.

т. 5, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЙЛА́ШАЎ (Мікалай Апанасавіч) (н. 19.12.1917, станіца Прочнаакопская Новакубанскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). З 1939 у органах бяспекі ў Століне і Ганцавічах Пінскай вобл. З чэрв. 1941 у тыле ворага: камандзір групы, аддзялення, узвода, нам. камандзіра Чачэрскага партыз. атрада, са жн. 1942 нам. нач. разведкі партыз. спец. атрада «Уперад» НКДБ СССР (дзейнічаў на тэр. Гомельскай, Магілёўскай і Арлоўскай абл.), з мая 1943 нам. камандзіра атрада, потым Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна, чл. Добрушскага падп. райкома КП(б)Б, у крас.—ліп. 1944 камандзір партыз. спец. групы «Бура» (дзейнічала на тэр. Вілейскай вобл.). У 1944—76 у органах КДБ БССР. Аўтар кн. «Бура гневу» (1971).

М.А.Міхайлашаў.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ВЕРС (ням. Revers ад лац. reversum павернуты назад),

1) механізм для змены напрамку руху (вярчэння) машыны, рухавіка або асобных іх элементаў на адваротны. У рухавіках Р. найчасцей — крывашыпна-кулісны або кулачковы механізм, у станках — зубчастае зачапленне з дадатковым (прамежкавым) колам.

Р. наз. таксама сам працэс змены напрамку руху на процілеглы — рэверсаванне. Выкарыстоўваецца ў грузападымальных (падыманне, спуск), трансп, (уперад, назад) машынах і інш. У авіяц. і суднавых рухавіках рэверсавання дасягаюць паваротам лопасцей паветраных або грабных вінтоў, у эл. рухавіках пастаяннага току — зменай напрамку току ў абмотках узбуджэння, пераменнага току — пераключэннем дзвюх фаз абмоткі статара (робіцца з дапамогай эл. рэверсара).

2) Адваротны бок медаля, манеты, процілеглы аверсу.

3) У гандлёвым праве пісьмовае абавязацельства адной асобы другой, у якім даюцца гарантыі чаго-небудзь, засведчваецца што-небудзь.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́БКНЕХТ ((Liebknecht) Вільгельм) (293.1826, г. Гісен, Германія — 7.8.1900),

дзеяч герм. і міжнар. рабочага і сацыяліст. руху, журналіст. Вучыўся ва ун-тах Берліна, Гісена, Марбурга. Удзельнік рэвалюцыі 1848—49 у Германіі, пасля паражэння якой эмігрыраваў у Швейцарыю. У 1850—62 жыў у Лондане, дзе кантактаваў з К.​Марксам і Ф.​Энгельсам. У 1867—70 дэп. рэйхстага Паўн.-Герм. саюза. У 1869 разам з А.Бебелем заснаваў С.-д. рабочую партыю (т.зв. Эйзенахцы), у 1875 садзейнічаў яе аб’яднанню з прыхільнікамі Ф.Ласаля ў адзіную Сацыяліст. рабочую партыю Германіі. У 1874—1900 (з перапынкамі) член с.-д. фракцыі рэйхстага Герм. імперыі. З 1890 гал. рэдактар с.-д. парт. органа газ. «Vorwärts» («Уперад»). Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Інтэрнацыянала 2-га.

Тв.:

Рус. пер. — О политической позиции социал-демократии, в частности по отношению к рейхстагу;

Никаких компромиссов, никаких избирательных соглашений!;

Пауки и мухи. М., 1958;

Из воспоминаний о Марксе. М., 1968.

В.Лібкнехт.

т. 9, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЯШЧЭ́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (4.12.1825, г. Кастрама, Расія — 8.10.1893),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1843—45). У 1849 за ўдзел у гуртку М.В.Петрашэўскага прыгавораны да пакарання смерцю, замененага ссылкай радавым у Арэнбургскія лінейныя войскі. У 1859 вярнуўся ў Маскву. Друкаваўся з 1844. У ранняй лірыцы (зб. «Вершы», 1846) ідэі сацыяліст. утапізму. Вершы «Уперад! Без страху і сумнення», «Па пачуццях браты мы з табою» сталі рэв. песнямі. Проза («Аповесці і апавяданні», ч. 1—2, 1860, і інш.) блізкая да натуральнай школы. Аўтар зб. «Новыя вершы» (1863), п’ес, блізкіх да вадэвілю, крытычных артыкулаў, фельетонаў, вершаў для дзяцей і інш. Перакладаў славянскую, ням., франц., англ., венг., італьян. паэзію. Многія вершы П. пакладзены на музыку М.​Рымскім-Корсакавым, П.​Чайкоўскім і інш.

Тв.:

Избранное: Стихотворения. Проза. М., 1960;

Полн. собр. стихотворений. М.; Л., 1964;

Житейские сцены. М., 1986;

Стихотворения;

Проза. М., 1991.

Літ.:

Кузин Н.Г. Плещеев. М., 1988;

Пустильник Л.С. Жизнь и творчество А.​Н.​Плещеева. 2 изд. М., 1988.

т. 12, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ГБІ,

камандная спартыўная гульня з мячом авальнай формы. Гуляюць 2 каманды па 13 (у прафес. матчах) ці 15 (у аматарскіх) чалавек, 2 таймы па 40 мін, на пляцоўцы 100 × 69 м (за лініяй варот заліковае поле). Мэта гульні — прызямліць мяч рукой у заліковым полі праціўніка ці забіць над перакладзінай Н-падобных варот. Перамагае каманда, якая набірае найб. колькасць ачкоў. Мяч можна біць нагой, несці ў руках, кідаць інш. гульцу (але нельга пасаваць уперад). Дапускаецца захоп саперніка за плечы, пояс і ногі, збіццё з ног плячом. Пры парушэнні правіл назначаецца «схватка», пры ўводзе мяча з-за бакавой лініі выстройваецца «калідор».

Р. ўзнікла ў 1820-я г. ў Вялікабрытаніі ў г. Рэгбі (адсюль назва). У 1934 засн. міжнар. аматарская федэрацыя Р. (ФІРА); аб’ядноўвае каля 50 краін. З 1960 разыгрываецца кубак ФІРА (неафіц, чэмпіянат свету). У праграме Алімп. гульняў 1900, 1908. 1920. 1924. Найб. развіта ў Францыі, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы і інш.

У Беларусі ў пач. 1930-х г. праводзіліся першынствы Мінска, рэспублікі.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.​Л.​Ісачанка, С.​П.​Купцоў, Ф.​П.​Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.​І.​Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.​П.​Кавалёва, Л.​А.​Кавалёвай, з вер.—ліст. — Г.​Л.​Кірыкавай, М.​І.​Панчанкі, В.​Л.​Радзьковай, Л.​В.​Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Сувалов М.К. Комсомольско-молодежное подполье Гомеля в годы Великой Отечественной войны // Партии помощник боевой. Мн., 1968;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)