надводны баявы карабель, прызначаны для нясення дазорнай службы, аховы буйных караблёў і транспартаў ад раптоўных атак падводных лодак, самалётаў і катэраў на пераходзе морам і пры стаянках на адкрытых рэйдах. Выкарыстоўваецца таксама для нясення дазорнай службы на падыходах да сваіх ваенна-марскіх баз і партоў, аховы марской граніцы (пагранічны вартавы карабель). З’явіліся ў 1-ю сусв. вайну для барацьбы з падводнымі лодкамі. Шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну, захаваліся ў большасці ваен. флатоў. Сучасныя вартавыя караблі (у некаторых флатах да іх адносяць таксама карветы і фрэгаты) маюць водазмяшчэнне 600—4000 т, скорасць да 35 вузлоў (65 км/гадз), узброены 1—4 універсальнымі 76—127-мм гарматамі, 20—40-мм зенітнымі аўтаматамі (да 10), тарпеднымі апаратамі, рэактыўнымі процілодачнымі бамбамётамі, процілодачнымі ракетамі (могуць несці таксама ракетныя комплексы і процілодачныя верталёты), аснашчаны радыёлакацыйнай і гідраакустычнай апаратурай, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, сувязі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫ́ЙСКАЕ НАРО́ДНАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857—59,
антыкаланіяльнае паўстанне пераважна на Пн і ў цэнтры Індыі. Выклікана ўзмацненнем калан. прыгнёту з боку брыт. Ост-Індскай кампаніі, рэзкім павелічэннем падаткаў і інш.Асн. масу паўстанцаў складалі сяляне, ударную сілу — палкі сіпаяў, незадаволеных сваім непаўнапраўным становішчам (у т. л. прыніжэннем рэліг. пачуццяў) у англ.калан. арміі. Пачалося ў маі 1857 з узбр. выступлення бенгальскай арміі (135 тыс. сіпаяў) і яго падтрымкі гарнізонам і насельніцтвам Дэлі. Паўстанцы занялі Дэлі, прымусілі фармальнага магольскага імператара Бахадур-шаха II абвясціць сябе правіцелем Індыі і падпісаць адозву да насельніцтва з заклікам да паўстання, якое хутка ахапіла тэр. ад Пенджаба да Бенгаліі і інш. раёны. Мусульм. духавенства абвясціла свяшчэнную вайну (газават) супраць англічан. Паўстанцы знішчалі англ.ваен. і цывільных чыноўнікаў (часта разам з сем’ямі), здраднікаў, авалодалі некалькімі крэпасцямі. У асн. цэнтрах паўстання (гарады Дэлі, Канпур, Лакхнаў) утварыліся самаст.мясц. ўрады. Раз’яднанасць паўстанцаў (сярод іх кіраўнікоў была княгіня Лакшмі-Баі) аблегчыла задушэнне паўстання англічанамі, якія былі лепш узброены і арганізаваны.
Літ.:
Юрлова Т.Ф. Народное восстание 1857—1859 гг. в Индии и английское общество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРАЛІТЭ́Т (ням. Neutralitāt ад лац. neuter ні той, ні іншы) у міжнародным праве, палітыка няўдзелу ў вайне, у мірны час — адмаўленне ад удзелу ў ваен. блоках. Нейтральная дзяржава мае правы на недатыкальнасць яе тэрыторыі, грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у ваен. дзеяннях тых бакоў, якія ваююць, і маёмасці, якая не аднесена да ваен. кантрабанды. Нейтральная дзяржава можа абараняць свой Н. з дапамогай зброі (Н. узброены).
Н. у час вайны — прававое становішча дзяржавы, пры якім яна не ўдзельнічае ў вайне і не аказвае непасрэднай дапамогі тым, хто ваюе. Краіна можа зрабіць спец. заяву аб Н., хоць гэта неабавязкова. Правы і абавязкі нейтральных дзяржаў у час вайны, а таксама бакоў, якія ваююць, адносна нейтральных дзяржаў, а таксама фіз. асоб як нейтральных, так і тых дзяржаў, што ваююць, рэгламентуюцца Гаагскімі канвенцыямі 1907 аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў на выпадак сухапутнай і марской войнаў. У гэтых дакументах забараняюцца любыя ваен. дзеянні, якія б маглі разглядацца як садзейнічанне бакам, што ваююць. Н. пастаянны — прававое становішча дзяржавы, паводле якога яна абавязана ўстрымлівацца ад вайны (апрача выпадкаў самаабароны), у мірны час — праводзіць міралюбівую знешнюю палітыку, не ўдзельнічаць у ваен. саюзах і кааліцыях, не заключаць пагадненняў, накіраваных на ўцягванне яе ў вайну. Пастаянна нейтральнымі дзяржавамі з’яўляюцца Швейцарыя (з 1815), Аўстрыя (з 1955), Мальта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,
узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.Дэвісам, у крас.—чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн.чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн.чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс.чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс.чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.
Літ.:
Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;
Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;
Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.
У.Я.Калаткоў.
Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.Да арт.Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАБЕ́ЛЬ ВАЕ́ННЫ,
баявы або спец. прызначэння карабель, які ўваходзіць у склад ваенна-марскога флоту. Мае ўзбраенне, інш.тэхн. сродкі для рашэння баявых і забяспечвальных задач, ваен. экіпаж і нясе ваенна-марскі флаг.
Першыя К.в. з’явіліся ў стараж. Егіпце, Фінікіі, Грэцыі, Рыме: яны былі драўляныя, рухаліся з дапамогай вёслаў. У 5 ст. да н.э. пачалі будаваць К.в. з некалькімі радамі вёслаў (напр., з трыма — трырэмы). Зброяй на іх былі тараны, кідальныя машыны, экіпаж да некалькіх соцень чалавек. У 7 ст. ў Венецыі створана галера, якая акрамя вёслаў мела ветразі. У 16—17 ст. набыў пашырэнне галеас. Пераход ад грабнога да ветразевага флоту адбываўся да 17—18 ст., гал. зброяй К.в. стала артылерыя. У 17 ст. К.в. пачалі дзяліць на 6 разрадаў (рангаў); караблі 1—3-га рангаў прызначаліся для вядзення артыл. бою і наз.лінейнымі караблямі (лінкоры), 4—5-га рангаў — для вядзення разведкі (фрэгаты), 6-га рангу — пасыльныя. З 2-й пал. 18 ст. для дзеянняў у прыбярэжных водах і на мелкаводдзі сталі выкарыстоўвацца кананерскія лодкі. На працягу стагоддзяў у ваен. мэтах выкарыстоўваліся таксама брандэры, брыгі, брыганціны, карветы, кліперы, шхуны і інш. У 1807 пабудаваны першы параход (Р.Фултан, ЗША); пачаўся пераход ад ветразевых суднаў да паравых — напачатку колавых, а з вынаходствам у 1840-я г.грабнога вінта — да грабных з парасілавымі ўстаноўкамі. У 19 ст. з’явіліся мінная зброя (міны), тарпеды, а з канца 19 ст.асн. ударнай сілай флоту сталі браняносцы. Для іх баявога забеспячэння створаны крэйсеры і мінаносцы. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі будаваць мінныя загараджальнікі, падводныя лодкі, эскадраныя мінаносцы (эсмінцы), дрэдноўты. З 1910-х г. распачата буд-ватральшчыкаў. У 1-ю сусв. вайну з’явіліся авіяносцы, вартавыя караблі, тарпедныя катэры. У 2-ю сусв. вайну лінкоры страцілі ранейшае значэнне і разам з крэйсерамі сталі сіламі забеспячэння авіяносцаў. Вырасла роля падводных лодак, пашырыліся процілодачныя караблі. З 1950—70-х г. К.в. аснашчаюць ядзернымі сілавымі ўстаноўкамі, ракетна-ядзернай зброяй, найноўшымі радыёэлектроннымі сістэмамі, сродкамі навігацыі і сувязі; будуюцца судны на паветранай падушцы і судны на падводных крылах. На тэр. Беларусі ў 1-й пал. 20 ст. ў складзе рачных ваен. флатылій (Дняпроўскай, Заходнядзвінскай, Прыпяцкай, польскай і сав. Пінскіх) былі вартавыя караблі, кананерскія лодкі, маніторы, мінныя загараджальнікі, тральшчыкі, бранякатэры, катэры-тральшчыкі і інш.
Сучасныя К.в. падзяляюцца на надводныя і падводныя, на атамныя і са звычайнай энергет. устаноўкай. Аснашчаюць іх ракетнай, тарпеднай, артыл., бомбакідальнай, процілодачнай, мінна-тральнай зброяй, сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. На караблях устанаўліваецца звычайна некалькі відаў зброі: галоўны — для рашэння асн. задач і дапаможныя — для выканання дадатковых задач і самаабароны. Некаторыя К.в. з’яўляюцца авіянясучымі — маюць самалёты і верталёты як асн. від зброі. У залежнасці ад прызначэння, узбраення, водазмяшчэння і інш. тактыка-тэхн. даных К.в. падзяляюцца на класы, падкласы, тыпы (праекты) і рангі (1—4-ы). Да асн. класаў адносяцца: ракетныя, тарпедныя і ракетна-тарпедныя падводныя лодкі; караблі авіянясучыя (мнагамэтавыя, ударныя і процілодачныя авіяносцы, процілодачныя крэйсеры, дэсантныя і процілодачныя верталётаносцы); ракетна-артыл. (ракетныя крэйсеры, вял. і малыя ракетныя караблі, эсмінцы, ракетныя катэры і інш.); процілодачныя (процілодачныя крэйсеры-верталётаносцы, вял. і малыя процілодачныя і вартавыя караблі); мінна-тральныя (мінныя і сеткавыя загараджальнікі і тральшчыкі); дэсантныя (спец. пабудовы, з апарэлямі; узброеныракетнымі комплексамі і артыл. гарматамі для агнявой падтрымкі дэсанта і самаабароны); спец. прызначэння (караблі кіравання, радыёлакацыйнага дазору, разведвальныя, рэтранслятары сігналаў сувязі, навучальныя, караблі сачэння, спец. забеспячэння — плывучыя базы і інш.). Да 1-га (вышэйшага) рангу адносяцца атамныя падводныя лодкі і буйныя падводныя караблі (крэйсеры, авіяносцы і інш.), да 4-га — катэры, базавыя і рэйдавыя тральшчыкі. Класіфікацыі К.в. у розных краінах звычайна адрозніваюцца. К.в. з’яўляюцца ўласнасцю дзяржавы, падпарадкоўваюцца яе законам і ў замежных водах валодаюць правам экстэрытарыяльнасці.
Літ.:
Шершов А.П. История военного кораблестроения с древнейших времен и до наших дней. СПб., 1994.
В.І.Вараб’ёў, А.А.Калмакоў.
Некаторыя тыпы караблёў ваенных (ад старажытнасці да 19 ст.): 1 — баявы карабель Егіпта (1200-я г. да н. э.); 2 — асірыйска-фінікійскі (1000—1500-я г. да н. э.); 3 — рымская пентэра (пентэкатэра, з 5 радамі вёслаў; 3 ст. да н. э.); 4 — паўночнаеўрапейскі драмон (6—12 ст.; мелі назвы холк, нейв, неф, буза, кілс); 5 — дракар вікінгаў (8—10 ст.; паказаны дракар Вільгельма Заваёўніка); 6 — карака (14—16 ст.; паказана невялікая 4-мачтавая карака, пабудаваная ў Францыі ў 1535); 7 — галіён (16—17 ст.; паказаны 3-мачтавы іспанскі галіён, 1567).Некаторыя тыпы караблёў ваенных 20 ст.: 1 — кананерская лодка «Карэец», якая разам з крэйсерам «Вараг» удзельнічала ў баі з японскай эскадрай у 1904, 2 — першы лёгкі крэйсер, пабудаваны ў СССР (1938); 3 — ракетны катэр на падводных крылах (ЗША, 1975); 4 — эскадраны мінаносец (СССР, 1980-я г.).