род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны 5 відаў і 1 форма. Д. круглалісты (C. orbiculata) рэкамендаваны для зялёнага буд-ва.
Дрэвавыя густагалінастыя ліяны з доўгімі цыліндрычнымі парасткамі. Лісце простае, эліпсападобнае, бліскучае, цёмна-зялёнае, увосень ярка-жоўтае. Кветкі дробныя, непрыкметныя, зеленаватыя, у пазушных мяцёлках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна. Выкарыстоўваюць для верт. азелянення. Нельга высаджваць каля дрэў і кустоў (парасткі Д. сціскаюць ствол і расліна-апора гіне, адсюль назва роду).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́НЬ ВЫСАКАРО́ДНЫ (Cervus elaphus),
млекакормячае з сям. аленяў атр. парнакапытных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы і Амерыцы. Мае шмат падвідаў, якія адрозніваюцца памерамі, рагамі і афарбоўкай (марал, ізюбр, вапіці і інш.). На Беларусі жыве ў мяшаных лясах з развітым падлескам паблізу вадаёмаў і лугоў Белавежскай і Налібоцкай пушчаў, Бярэзінскага запаведніка.
Даўж. цела да 2,6 м, выш. да 1,5 м, маса да 340 кг. Хвост кароткі. Рогі толькі ў самцоў (кожнай вясной скідаюць). Корміцца лісцем і парасткамі раслін, зімой — карой, пупышкамі і парасткамі. Палавая спеласць у 2 гады. Гон увосень. Цяжарнасць 8,5 мес. Ацёл у чэрв.—ліпень. Нараджае штогод 1, зрэдку 2 цяляці. Аб’ект промыслу і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́МЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
аднагадовыя расліны, якім для нармальнага развіцця неабходна працяглае ўздзеянне нізкай тэмпературы на раннім перыядзе росту. Сеюць увосень, ураджай збіраюць у наступным годзе. Маюць перыяды актыўнай вегетацыі: асенні (45—50 сут), у час якога расліны фарміруюць каранёвую сістэму і надземныя вегет. органы, і вяснова-летні (75—100 сут), калі развіваюцца генератыўныя органы. Выспяваюць раней і даюць больш стабільны ўраджай, чым яравыя культуры, лепш паглынаюць веснавую вільгаць з глебы; добрыя папярэднікі для інш. палявых культур. Да азімых культур належаць азімыя жыта, пшаніца, ячмень, рапс, свірэпіца, рыжык, віка. У сусв. земляробстве найб. пашырана азімая пшаніца — гал. збожжавая расліна Еўропы і ЗША. На Беларусі вырошчваюць азімыя жыта, пшаніцу, віку, рапс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),
род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).
Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́ГІ (Spongillidae),
сямейства прэснаводных каланіяльных губак. У сусв. фауне 16 родаў. Пашыраны ўсюды. У вадаёмах Беларусі не вывучаліся. Найб. вядомыя 2 віды: бадзяга азёрная (Spongilla lacustris), якая жыве ў стаячых вадаёмах, і бадзяга рачная (Ephydatia fluviatilis) — у праточных.
Памеры калоніі да 1 м. Цела шурпатае з непрыемным пахам, шэрае, жаўтаватае, брудна-зялёнае. Шкілет крамянёвы. Размнажаюцца палавым і бясполым (пачкаваннем) спосабамі. Маюць вял. здольнасць да аднаўлення: з дробнага кавалачка вырастае самастойная асобіна. Кормяцца аднаклетачнымі арганізмамі і арган. рэшткамі. Увосень утвараюць унутр. пупышкі — гемулы, якія вясной даюць пачатак новай калоніі. Засмечваюць гідратэхн. збудаванні. Ачышчаюць вадаёмы ад арган. рэчываў. Высушаныя — нар.лек. сродак ад рэўматычных і інш. боляў. У медыцыне выкарыстоўваюцца мазі з бадзягамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНЬ,
светлая частка сутак паміж усходам і захадам верхняга краю Сонца. Працягласць (даўжыня) Д. залежыць ад геагр. шыраты месца і схілення Сонца. На зямным экватары даўжыня Д. прыблізна пастаянная і роўная 12 гадз, у Паўн. паўшар’і Зямлі — больш за 12 гадз пры дадатным схіленні Сонца (вясной і летам) і менш за 12 гадз пры адмоўным схіленні (увосень і зімой).
Найб. даўжыня Д. ў Паўн. паўшар’і бывае ў Дз. летняга сонцастаяння (21—22 чэрв.), найменшая — у Дз. зімовага сонцастаяння (21—22 снеж.). За палярным кругам даўжыня Д. летам можа перавышаць 24 гадз (палярны Дз.), на полюсах — Дз. цягнецца паўгода. Самы доўгі Дз. у Мінску складае 17 гадз 11 мін, самы кароткі — 7 гадз 21 мін. Часта Д. называюць суткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЛІТВЫ́ І ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЛіЗБ),
партыйная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1918—19 на акупіраванай герм. войскамі тэр. Літвы і Зах. Беларусі. З’яўлялася часткай РКП(б) і працавала пад яе кіраўніцтвам. Створана ў кастр. 1918 на сваім 1-м з’ездзе, які прызнаў асн. задачай партыі выгнанне герм. акупантаў, звяржэнне ўлады буржуазіі і ўстанаўленне сав. улады, прыняў статут, выбраў ЦК. 1-ы з’езд КПЛіЗБ назваў партыю Кампартыяй Літвы і Беларусі 1-й акупацыі (да 1-й акупацыі адносілася тэр., захопленая Германіяй увосень 1915 па лініі Дзвінск—Нарач—Крэва—Навагрудак—Баранавічы—Пінск, г. зн. да наступлення немцаў у лют. 1918). 2-я канферэнцыя КПЛіЗБ (2—4.2.1919) выказалася за аб’яднанне Літ. ССР і Бел. ССР у адну Літ.-Бел. ССР (Літбел). Пасля ўтварэння Літбела КПЛіЗБ аб’ядналася з Кампартыяй Беларусі ў адзіную Камуністычную партыю (бальшавікоў) Літвы і Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПАЎСТА́НЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ 1863,
арганізацыя па падрыхтоўцы і кіраўніцтву паўстаннем 1863—64 у Мінску і Мінскай губ. На першым этапе гал. ролю ў ёй адыгрывалі «чырвоныя»: А.Трусаў, І.Козел, К.Марцінкевіч і інш.; у Навагрудскім пав. — У.Борзабагаты і В.Клімовіч, у Барысаўскім — М.Цюндзявіцкі. Арг-цыя паступова набыла характар сістэмы губ., гар. і пав. органаў з падзелам на цывільныя і ваенныя. Вясной 1863, з далучэннем да паўстання партыі «белых», многія важныя пасады апынуліся ў руках памяркоўных элементаў, звязаных з памешчыкамі. Асн.ваен. сілу ў арг-цыі складалі «чырвоныя», што дазволіла паўстанцкім атрадам у крас. 1863 арганізавана выступіць супраць царызму. З лета 1863 паўстанцкім губ. камісарам стаў доктар М.Аскерка. Увосень 1863 К.Каліноўскі паслаў у Мінск свайго памочніка І.Яманта, які разам з Аскеркам і К.Пялікшам (губ. цывільны начальнік) рэарганізаваў арг-цыю. Разгромлена царскімі ўладамі ў пач. 1864.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НКГА (Ginkgo),
манатыпны род голанасенных раслін сям. гінкгавых. Вядомы 1 від — гінкга двухлопасцевы (G. biloda). Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі (радзіма Усх. Кітай, Японія), утварае лясы з інш. дрэвамі. Стараж. рэлікт цеплалюбнай даледавіковай флоры (геал. ўзрост віду каля 50 млн. гадоў). На Беларусі рэдка вырошчваецца (з 1900) як дэкар. расліна ў садах, парках і ў аранжарэях.
Двухдомнае лістападнае дрэва выш. да 40 м і дыям. ствала каля 3 м. Кара шэрая, шурпатая. Крона светлая, пірамідальная або раскідзістая. Лісце чаранковае, простае, арыгінальнай веерападобнай формы, светла-зялёнае, увосень — залаціста-жоўтае, сядзіць пучкамі на пакарочаных парастках. Спарафілы моцна рэдукаваныя, сабраны ў аднаполыя стробілы. Сперматазоіды рухомыя, са шматлікімі жгуцікамі (архаічная прыкмета). Семя (да 2—3 см) абкружана тоўстай вонкавай абалонкай, ядомае. Лек. і дэкар. расліна. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Святлалюбны, устойлівы да засухі, задымлення паветра, грыбковых і вірусных захворванняў, рэдка пашкоджваецца насякомымі. Даўгавечны (да 1000 і больш гадоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВО́ДКА,
параўнальна кароткачасовае і неперыядычнае рэзкае падняцце ўзроўняў і сцёку ракі ад вял. дажджоў, раставання снегу і ледавікоў. У адрозненне ад разводдзя П. можа быць у кожную пару года і не звязана з сезонам. Вял. П. выклікаюць навадненні, менш значныя таксама прычыняюць шкоду сельскай гаспадарцы. На рэках Беларусі найб. вышыню і працягласць маюць П. ў канцы лета і восенню, калі ідуць зацяжныя дажджы. У асобныя гады на некаторых рэках узроўні П. часам перавышаюць веснавое разводдзе на 1—1,5 м. Працягласць летне-асенніх П. звычайна 20—30 сутак. Яны здараюцца 1—2 разы за лета і восень, у бас.р. Нёман да 5—6 разоў. Найбольшыя дажджавыя П. былі ў 1962, катастрафічныя, якія здараюцца прыблізна раз у 100 гадоў, — увосень 1974 у бас. рэк Зах. Буг і Прыпяць. Зімовыя П. часцей бываюць на З і ПдЗ Беларусі. За зімовы перыяд адбываюцца 1—2 падняцці ўзроўняў, у асобныя гады — 3.