Прамянёвая тэрапія 6/42; 8/553, 554; 9/49, 263; 10/395
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТЫЯТРО́ПНАЯ ТЭРАПІ́Я, каўзальная тэрапія,
лячэнне, накіраванае на ўстараненне прычыны хваробы. Зводзіцца да выкарыстання антыбіётыкаў і хіміятэрапеўт. сродкаў для знішчэння ўзбуджальнікаў інфекц. і паразітарных хвароб, выдалення яду з арганізма, яго нейтралізацыі пры атручэннях, папярэджання кантактаў з алергенамі пры алергічных захворваннях, абмежавання спажывання кухоннай солі пры артэрыяльнай гіпертаніі і інш. Э.т. часта выкарыстоўваюць з інш. відамі тэрапіі (патагенетычнай, сімптаматычнай, замяшчальнай).
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 185
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ ТЭРАПІ́Я,
лячэнне хвароб з выкарыстаннем імпульсаў эл. току, ультрагуку, светлавых, механічных, эл.-магнітных і інш.). Віды І.т.: электрастымуляцыя нерв.-мышачнага апарату, кардыястымуляцыя (у т. л. з мэтай дэфібрыляцыі сэрца пры цяжкіх парушэннях рытму сардэчнай дзейнасці), ультрагукавая тэрапія, электрасон і інш. Таксама І.т. называюць выкарыстанне высокіх доз гармонаў, часцей глюкакартыкоідаў, з мэтай «тэрапіі адчаю», калі тэрмінова неабходна памяняць вострае, пагражальнае для жыцця цячэнне хваробы на непагражальнае. Ужываецца пры цяжкай форме астматычнага статусу, анафілактычнага шоку, дысемінаванай ваўчанкі і інш.
М.А.Скеп’ян.
т. 7, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАХВА́ЛЕВАЯ ТЭРАПІ́Я,
метад фізіятэрапіі, заснаваны на ўздзеянні ультракароткіх хваль на арганізм чалавека. Выкарыстоўваюць пры хваробах мышцаў, перыферычнай нерв. сістэмы, органаў апоры і руху, стрававання, як сродак процізапаленчага, абязбольваючага і спазмалітычнага ўплыву.
т. 10, с. 363
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННАЯ ТЭРАПІ́Я,
адзін з відаў прамянёвай тэрапіі, якая ажыццяўляецца з дапамогай нейтроннага выпрамянення. Пры Н.т. ўжываюць дыстанцыйнае (з дапамогай цыклатронаў), унутрыполасцевае і ўнутрытканкавае апрамяненне (крыніца змешанага нейтроннага і гама-выпрамянення каліфорній-252). Найб. выкарыстоўваецца для лячэння пухлінных захворванняў шыйкі маткі, языка і слізістых абалонак поласці рота.
т. 11, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я ТЭРАПІ́Я,
выкарыстанне ультрагуку з лек. мэтай.
У аснове У.т. — «мікрамасаж» тканак, расшырэнне крывяносных і лімфатычных сасудаў, узмацненне абменных працэсаў, стымуляцыя рэгенерацыі і інш. Мае абязбольвальны, процізапаленчы, проціалергічны і інш. эфекты. Выкарыстоўваецца пры спазмах бронхаў, кішэчніка, мачавога пузыра, рубцовых і спаечных працэсах, радыкулітах, неўралогіях, хваробах суставаў, скуры і інш.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦО́ЎНАЯ ТЭРАПІ́Я,
працоўная дзейнасць хворага чалавека з лек. мэтай або з мэтай рэабілітацыі.
Пашырана пры лячэнні псіхічна хворых, накіравана на развіццё або захаванне ў іх прафес. навыкаў; стымулюе жыццёвыя працэсы, умацоўвае інтэлектуальна-валявыя якасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі рэальнасці, вызваляе хворага ад адчування асабістай непаўнацэннасці. П.т. выкарыстоўваюць таксама ў траўматалогіі, артапедыі, неўралогіі, дзе яна накіравана на аднаўленне парушанай рухальнай функцыі і працоўных навыкаў (напр., пры паралічах, паркінсанізме, плексітах).
т. 13, с. 32
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМПТАМАТЫ́ЧНАЯ ТЭРАПІ́Я,
від лячэння, накіраваны на ўстараненне або аслабленне асобных сімптомаў хваробы. Напр., назначэнне гарачкапаніжальных сродкаў пры ліхаманцы, анальгетыкаў пры болях, процікашлевых сродкаў пры захворваннях органаў дыхання, сардэчных гліказідаў пры сардэчнай недастатковасці і інш. У многіх выпадках адыгрывае ролю патагенетычнай тэрапіі, якая ўздзейнічае на механізмы развіцця хваробы (напр., назначэнне анальгетыкаў пры інфаркце міякарда). Да С.т. адносяцца і некат. бязлекавыя прыёмы фізіятэрапіі (напр., выкарыстанне магнітных палёў для змяншэння боляў).
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСУ́ТАРГАВАЯ ТЭРАПІ́Я, электрашок,
лячэнне псіхічна хворых шляхам прапускання эл. імпульсаў праз галаўны мозг. Прапанавана італьян. псіхіятрамі У.Чэрлеці і Л.Біні (1938). Пры Э.т. выкарыстоўваецца пераменны сінусаідальны ток частатой 50 Гц і напружаннем ад 60 да 110 В або аднапаўперыядны выпрамлены ток 220 В. Лекавы эфект звязаны з нармалізацыяй нейрахім. працэсаў у мозгу. Курс лячэння ад 3 да 20 і больш сеансаў. Выкарыстоўваецца пры лячэнні шызафрэніі, працяглых дэпрэсіўных станах і інш. псіхічных хваробах.
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННАЯ ТЭРАПІ́Я,
апраменьванне ўчасткаў цела хворага патокам свабодных электронаў з энергіяй ад 1 да 45 МэВ; від прамянёвай тэрапіі. Ужываецца ў медыцыне з 1950-х г. У Э.т. выкарыстоўваюць лінейныя паскаральнікі, мікра- і бэтатроны. Паказанні: паверхнева размешчаныя злаякасныя новаўтварэнні (напр., рак скуры, слізістай абалонкі ротавай поласці), некат. неспецыфічныя запаленчыя захворванні. Методыка Э.т. залежыць ад лакалізацыі, памеру і гісталагічнай будовы пухліны. Выкарыстоўваюць самаст. і ў камбінацыі з хірург. і хіміятэрапеўт. метадамі лячэння.
І.М.Семяненя.
т. 18, кн. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)