ПІВАВА́РАЎ Зяма Раманавіч (Залман Рувімавіч; 5.6.1910, г. Касцюковічы Магілёўскай вобл. — 29.10.1937),

бел. паэт. Скончыў Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). З 1929 працаваў у Ленінградзе. З 1934 у газ. «Чырвоная змена». У 1936 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958. Друкаваўся з 1925. Аўтар зб. вершаў «Лірыка двух нараджэнняў» (1934), у якім услаўленне працоўнага гераізму народа. Выступаў як тэатральны рэцэнзент. Перакладаў на бел. мову паасобныя творы А.​Пушкіна, З.​Аксельрода і інш.

т. 12, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУШКО́ Тамара Кірылаўна (11.12.1918, в. Любашава Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.3.1981),

бел. тэатральны крытык. Скончыла БДУ (1946). Працавала ў газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Работніца і сялянка». Аўтар рэцэнзій на спектаклі, артыкулаў пра Бел. т-р імя Я.​Купалы («Першы тэатр», «Час і вобразы», «Жамчужына беларускага мастацтва»), праблемных артыкулаў па пытаннях драматургіі і т-ра, творчых партрэтаў і нарысаў пра майстроў бел. сцэны. Лепшыя тэатразнаўчыя работы сабраны ў кн. «Святло незабыўных імгненняў» (1985).

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБАЎ Уладзімір Ільіч (7.11.1908, г. Віцебск — 12.1.1948),

тэатральны крытык, балетазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1947). Скончыў Ленінградскі ін-т інжынераў шляхоў зносін (1931). З 1945 адказны сакратар час. «Тэатр», у 1945—47 выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва. Аўтар сцэнарыя балета «Міліца» Б.​Асаф’ева (1947, з А.​Басехесам). Адзін з першых сярод рас. балетазнаўцаў выступіў супраць падмены харэагр. малюнка сюжэтам, збяднення танц. мовы і навязвання балету неўласцівых яму нормаў, за вывучэнне прынцыпаў класічнай харэаграфіі як самаст. мастацтва. Аўтар кн. «Танец Галіны Уланавай» і інш.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ ДРУЖЫ́НА,

тэатральны калектыў пры Беларускім клубе ў Вільні. Існавала ў 1916—18. Кіраўнік Ф.Аляхновіч. Наладжвала муз.-вак. вечары, паказы тыпу кабарэ, дзе выконвалі куплеты, песні, эстрадны жарт «Пятрук і Петрунэла». Пастаўлены драм. спектаклі: «На Антокалі», «На вёсцы», «Дзед і баба» (з муз. С.​Манюшкі) Аляхновіча, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.​Ажэшкі, сцэнічная фантазія «У купальскую ноч» і інш. Спектаклі адбываліся 1—2 разы на тыдзень. Калектыў садзейнічаў станаўленню і развіццю бел. тэатр. мастацтва.

А.​В.​Сабалеўскі.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,

грамадска-паліт. газета, орган Мінскага аблвыканкома і абл. Савета дэпутатаў. Выдаецца з 1.11.1950 у Мінску; спачатку на бел., з 1990 — на бел. і рус. мовах 3—5 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Мінска і Мінскай вобласці. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Ідэя, пошук, прадпрымальніцтва», «Спажывецкі рынак», «Галерэя», «Спадчына», «Тэатральны бінокль», «Анонс» і інш. З публіцыстычнымі артыкуламі выступаюць вядомыя дзеячы культуры, мастакі, крытыкі, друкуюцца новыя творы майстроў слова, творы маладых аўтараў.

А.​У.​Клімовіч.

т. 10, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАСЕ́ЛЬСКІ Канстанты (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),

бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.​Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.​Враніцкага, «Ладаіска» Л.​Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.​Стэфані).

Г.​І.​Барышаў.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ Святлана Міхайлаўна (н. 26.8.1935, Мінск),

бел. пісьменніца, драматург. Дачка М.Клімковіча. Скончыла БДУ (1958). Працавала ў перыяд. друку, на Бел. тэлебачанні, у 1977—90 адказны рэдактар бюлетэня «Тэатральны Мінск», з 1994 у час. «Пачатковая школа». Друкуецца з 1958. Піша казкі-п’есы пераважна для дзяцей і юнацтва «Балада пра белую вішню» (паст. 1984), «Вясновая песня» (паст. 1993), «Мілавіца» (1997) і інш. Аўтар лібрэта оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле аповесці У.​Караткевіча (паст. 1989). Піша таксама казкі, апавяданні, нарысы, інсцэніроўкі.

Тв.:

Лалі-Лаль: Казка. Мн., 1974;

Сказка о царе Юрике и кузнеце Рымше. М., 1981.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ВЕЛЬ Міхаіл Аляксандравіч (н. 5.8.1949, в. Вільянава Пружанскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. тэатральны дзеяч. Засл. дз. культуры Беларусі (2000). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972). З 1974 у брэсцкіх абл. Доме нар. творчасці, упраўленні культуры, пам. нам. старшыні аблвыканкома. З 1980 дырэктар, з 1995 дырэктар-маст. кіраўнік Брэсцкага абл. т-ра лялек. Пры яго ўдзеле ў т-ры ўдала ўвасоблены на сцэне бел. драматург. творы Н.​Мацяш, У.​Ягоўдзіка, Г.​Васілеўскай, Н.​Тулупавай, У.​Граўцова, І.​Сідарука. З 1996 прэзідэнт Бел. цэнтра УНІМА. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў міжнар. фестывалю драм. і лялечных т-раў «Белая Вежа».

С.​Ф.​Юркевіч.

т. 17, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛО́НКІНА Вольга Мікалаеўна (н. 15.1.1956, г. Драгобыч, Украіна),

бел. тэатральны мастак. Пасля сканчэння Растоўскага маст. вучылішча (1981) мастак па касцюмах Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Створаныя ёй касцюмы вызначаюцца вынаходлівасцю, дасціпнасцю вырашэння, дакладнасцю характарыстыкі персанажаў. Найб. адметныя касцюмы да спектакляў «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані і «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна (1985), «Клоп» У.​Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1992), «Халопка» М.​Стрэльнікава (1994), «Капялюш Напалеона» О.​Штрауса (1996), «Цыганскі барон» І.​Штрауса (1997) у т-ры муз. камедыі, оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ (1990) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі.

Л.​І.​Дабравольская.

В.Жалонкіна. Эскізы касцюмаў да спектакля «Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна.

т. 6, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕДАРО́ЎСКІ Фёдар Фёдаравіч (26.12.1883, г. Чарнігаў, Украіна — 7.9.1955),

расійскі тэатральны мастак. Нар. маст. СССР (1951). Віцэ-прэзідэнт АМ СССР (1947—53). Скончыў Строганаўскае маст.-прамысл. вучылішча (1907). Працаваў у оперным т-ры С.​Зіміна, у антрэпрызе С.​Дзягілева (1913—14). У 1921—41, 1947—53 гал. мастак Вял. т-ра ў Маскве. Лепшыя работы да опер «Кармэн» Ж.​Бізэ (1922), «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага (1936), «Емяльян Пугачоў» М.​Коваля (1942), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1944), «Барыс Гадуноў» (1948) і «Хаваншчына» (1950) М.​Мусаргскага, «Садко» М.​Рымскага-Корсакава (1949). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1949, 1950, 1951.

Літ.:

Костина Е.М. Ф.​Ф.​Федоровский. М. 1960.

Ф.Федароўскі. Эскіз дэкарацыі да оперы «Кармэн» Ж.​Бізэ. 1922.

т. 16, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)