МАРЫЯНЕ́ТКА (ад франц. marionnette першапачаткова — назва фігурак, якія паказвалі дзеву Марыю ў сярэдневяковым лялечным тэатры),

1) тэатральная лялька, якой кіруе акцёр пры дапамозе спец. прыстасаванняў.

2) Чалавек, урад ці дзяржава, якія паслухмяна дзейнічаюць па ўказцы, па волі іншых.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ТЫКА (ад грэч. kritikē майстэрства разбіраць, судзіць),

1) абмеркаванне, разбор каго-н. ці чаго-н. з мэтай ацаніць вартасць, выявіць і выправіць недахопы. Напр., Літаратурная крытыка, Тэатральная крытыка.

2) Даследаванне, навук. праверка правільнасці, дакладнасці чаго-н. Напр., К. гіст. крыніц.

т. 8, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ УНІВЕРСІТЭ́Т КУЛЬТУ́РЫ.

Засн. ў 1975 як Мінскі ін-т культуры, з 1993 ун-т. У 1995/96 навуч. г. ф-ты: бібліятэчна-інфарм. сістэм, культуралогіі, маст. творчасці, падрыхтоўчае аддзяленне. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1990. З 1995 працуюць 2 саветы па абароне доктарскіх і канд. дысертацый. У складзе ун-та лінгва-гуманітарны каледж. Мае лабараторыі бел. танц. творчасці, нар. рамёстваў, псіхадыягностыкі і рэабілітацыі асобы сродкамі мастацтва, па аднаўленні і вырабе нар. інструментаў («Беларуская хатка»), размнажальнай тэхнікі; філіял ун-та ў Мазыры. Адзін з заснавальнікаў час. «Тэатральная творчасць».

Галоўны корпус Беларускага універсітэта культуры.

т. 2, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ФЛАНД ((Iffland) Аўгуст Вільгельм) (19.4.1759, г. Гановер, Германія — 22.9.1814),

нямецкі акцёр, драматург, рэжысёр. З 1777 акцёр т-ра ў Гоце, з 1779 Мангеймскага т-ра (з 1792 гал. рэжысёр), з 1796 у Берлінскім каралеўскім нац. т-ры. Сярод роляў: Філіп, Франц («Дон Карлас», «Разбойнікі» Ф.​Шылера), Шэйлак («Венецыянскі купец» У.​Шэкспіра), Натан («Натан Мудры» Г.​Лесінга). Лепшыя ролі выканаў ва ўласных п’есах і п’есах А. фон Кацэбу. Прадстаўнік жанру мяшчанскай драмы: п’есы «Злачынства з пыхлівасці» (1784), «Узнагароджанае пакаянне», «Паляўнічыя» (абедзве 1785), «Сярэдні шлях — дабрачыннасць» (1788) і інш. адлюстроўвалі ідэалогію бюргерства. Аўтар кн. «Мая тэатральная ніва» (1798).

т. 7, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРЫ́ЦКІ (Эдуард Барысавіч) (н. 9.2.1946, г. Красны Кут Саратаўскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас А.Багатырова). У 1973—82 загадваў муз. часткай Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. Працуе пераважна ў галіне інструментальнай музыкі (апіраецца на класічныя традыцыі), масавай і эстр. песні, тэатр. і кінамузыкі. Сярод твораў: сімфонія (1970), сюіта (1980), канцэрціна «Пастараль» (1977) для сімф. арк.; канцэрты для габоя (1973) і валторны (1974) і камернага арк.; Капрычыо для фп. з камерным арк. (1978), сюіта на тэмы бел. нар. песень для нар. арк. (1976); камерна-інстр. музыка; сюіты з музыкі да спектакляў «Дванаццатая ноч», «Снежная каралева», «Тэатральная сюіта».

т. 6, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,

аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел. тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.​Красінскі, А.​Канчэўскі, А.​Міхалевіч, Л.​Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.​Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.​Караленкі, «Апошняе спатканне» У.​Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.

Літ.:

Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.

А.​А.​Лабовіч.

Праграма Беларускай драматычнай майстроўні.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРО́ВІЧ (Сяргей Астапавіч) (12.4.1931, г. Капыль Мінскай вобл. —6.10.1981),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1962). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). У 1955—57 акцёр Бел. рэсп. т-ра юнага гледача. У 1960—73 і 1977—81 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, у 1973—77 нам. міністра культуры Беларусі. Даследаваў дзейнасць Е.​Міровіча, тэатр. спадчыну Я.​Коласа, развіццё тэатр. маст. самадзейнасці Беларусі. Адзін з. аўтараў «Гісторыі беларускага тэатра» (т. 1—2, 1983—85).

Тв.:

Народныя тэатры Беларусі. Мн., 1966;

Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. Мн., 1972;

Капыль. Мн., 1974 (разам з Б.​К.​Багдановіч);

Якуб Колас і беларускі тэатр. Мн., 1975;

Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978;

Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Мн., 1983.

А.​А.​Лабовіч.

т. 13, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ВІЧ (Улас Міхайлавіч) (17.1.1865, Масква — 22.2.1922),

рускі журналіст, публіцыст, тэатр. крытык. Друкавацца пачаў ананімна з 1881 у газ. «Московский листок» (гумарыстычныя сцэнкі, рэпарцёрскія нататкі). З 1893 супрацоўнік газ. «Одесский листок». У 1902—18 рэдагаваў газ. «Русское слово». Майстар вострых, папулярных фельетонаў («кароль фельетона»), у якіх выкрываў царскіх міністраў, суд. сістэму, правінцыяльныя норавы. Аўтар рэаліст. нарысаў пра сахалінскую катаргу («Сахалін», ч. 1—2, 1903), тэатр. нарысаў і рэцэнзій пра артыстаў Ф.​Шаляпіна, М.​Ярмолаву, М.​Савіну і інш. (кн. «Старая тэатральная Масква», 1923), нарысаў мемуарнага і літ.-крытычнага характару пра А.​Чэхава, Л.​Талстога, М.​Горкага, У.​Караленку, В.​Верасаева і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1905—07;

Золотая лихорадка. М., 1982;

Сказки и легенды. Мн., 1983;

Рассказы и очерки. М., 1986.

Літ.:

Букчин С.В. Судьба фельетониста. Мн., 1975.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя А.​Венгеркі.

Створаны ў 1945 у Беластоку. Захоўвае традыцыі польск. т-ра пач. 18 ст. З 1987 дырэктар, маст. кіраўнік і гал. рэжысёр А.​Якімец. У рэпертуары п’есы Ф.​Шылера, У.​Шэкспіра, Мальера, К.​Гальдоні, Ю.​Тувіма, В.​Багуслаўскага, А.​Міцкевіча, С.​Выспянскага, С.​Мрожака, Б.​Шэфера, Т.​Ружэвіча, В.​Гамбровіча. Тэатр гастраліруе і за мяжой. У 1991 і 1992 браў удзел у Міжнар. фестывалі «Балтыйская тэатральная вясна» ў Гродне, у ліст. 1992 у «Фестывалі сяброў» у Мінску, дзе паказаны спектаклі «Тэрмінатар» П.​Хандке, «Эмігранты» С.​Мрожака (гал. ролі ў абодвух выканаў акцёр Нац. т-ра імя Я.​Купалы У.​Кін-Камінскі), «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» С.​Пясецкага, «З нагоды мокрага снегу» паводле «Запісак з падполля» Ф.​Дастаеўскага (рэж.маст. кіраўнік т-ра імя Я.​Купалы В.​Раеўскі, сцэнаграфія нар. мастака Беларусі Б.​Герлавана). У 1993 Раеўскі паставіў у т-ры спектакль «Рэвізор» М.​Гогаля, дзе разам з польскімі ігралі акцёры т-ра імя Я.​Купалы Ю.​Авяр’янаў і Кін-Камінскі.

М.​А.​Бартніцкая.

т. 3, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.​Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, С.​Ясеніна, М.​Забалоцкага, А.​Міцкевіча, Р.​Кіплінга, Э.​Хемінгуэя і інш.

І.​У.​Саламевіч.

Я.В.Міклашэўскі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)