ЛАЦІ́НСКАЯ АМЕ́РЫКА (ісп. América Latina, англ. Latin America),

агульная назва краін, якія займаюць паўд. ч. Паўн. Амерыкі (на Пд ад р. Рыо-Бравадэль-Нортэ, уключае Цэнтральную Амерыку і Вест-Індыю) і ўсю Паўд. Амерыку, тэрыторыя якіх у 15—16 ст. была заваявана і каланізавана Іспаніяй і Партугаліяй. На працягу 19 і 20 ст. на гэтай тэрыторыі ўтварыліся самаст. дзяржавы. Л.А на пач. 1999 уключае дзяржавы: Антыгуа і Барбуду, Аргенціну, Багамскія Астравы, Балівію, Барбадас, Беліз, Бразілію, Венесуэлу, Гаіці, Гандурас, Гаяну, Гватэмалу, Грэнаду, Дамініканскую Рэспубліку, Дамініку, Калумбію, Коста-Рыку, Кубу, Мексіку, Нікарагуа, Панаму, Парагвай, Перу, Сальвадор, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсію, Сурынам, Трынідад і Табага, Уругвай, Чылі, Эквадор, Ямайку (гл. пра кожную адпаведны артыкул), а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў і ЗША Пл. Л.А. 22,8 млн. км2. Нас. каля 500 млн. чал. (1998). Нац. склад (нашчадкі еўрап. перасяленцаў, індзейцы, метысы, негры, мулаты і інш.) сфарміраваўся ў выніку складаных этн. і гіст. працэсаў. З 33 палітычна самаст. дзяржаў Л.А. ў 18 (каля ​2/3 насельніцтва) афіц. або дзярж. мовай з’яўляецца іспанская, у адной (Бразілія) — партугальская, у 14 невял. дзяржавах — французская (Гаіці), англійская (Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Беліз, Гаяна, Грэнада, Дамініка, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Трынідад і Табага, Ямайка) і галандская (Сурынам). Больш за 10% насельніцтва размаўляюць на розных індзейскіх мовах. Назва Л.А. ўзнікла ад лац. асновы раманскіх моў, на якіх размаўляе б.ч. насельніцтва гэтай часткі кантынента; упершыню такая назва выкарыстана ў Францыі каля 1860.

т. 9, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВЕ́ТРАНЫЯ АСТРАВЫ́ (англ. Windward Islands, ісп. Islas Barlovento),

Карыбскія астравы, група каралавых і вулканічных астравоў у Карыбскім м.; усх. ч. архіпелага Малыя Антыльскія астравы, паміж Віргінскімі а-вамі і востравам Трынідад. Найб. а-вы: Гвадэлупа, Дамініка, Марцініка, Грэнада, Сент-Вінсент, Антыгуа і інш. На Н.а. размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Грэнада, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Люсія, а таксама ўладанні Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў. Агульная пл. каля 6 тыс. км2. Нас. 1,3 млн. ж. (1990). Рэльеф пераважна горны (выш. да 1447 м, на в-ве Дамініка). Дзеючыя вулканы. Клімат трапічны пасатны, вільготны. Трапічнае земляробства. Плантацыі цукр. трыснягу, цытрусавых, кавы, какавы, бананаў. Важнейшыя гарады: Фор-дэ-Франс (в-аў Марцініка), Пуэнт-а-Пітр і Бас-Тэр (в-аў Гвадэлупа), Кастры (в-аў Сент-Люсія). Назва «Н.а.» тлумачыцца наветраным становішчам астравоў у адносінах да паўн.-ўсх. пасату.

т. 11, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)