Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫНО́КСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у межах Усходняй Венесуэлы, дзяржавы Трынідад і Табага (востраў Трынідад і яго атлантычны шэльф), акваторыі заліва Парыя. Плошча 223 тысяч км². Пошук нафты з 1866, распрацоўка з 1909.
Пачатковыя прамысловыя запасы 3049,3 млн.т нафты і 1675,2 млрд.м³ газу. Прадукцыйныя гарызонты на глыбіні ад 85 да 5100 м. Шчыльнасць нафтаў 766—1044 кг/м³. У паўночнай частцы басейна — газавыя і газакандэнсатныя радовішчы. Асноўныя цэнтры перапрацоўкі: Пуэрта-ла-Крус, Эль-Паліта (Венесуэла), Пуэнт-а-П’ер (Трынідад і Табага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.
міжнародная арг-цыя краін — вытворцаў какавы. Чл.-ўдзельнікі: Бразілія, Габон, Гана, Камерун, Кот-д’Івуар, Нігерыя, Сан-Таме і Прынсіпі, Тога, Трынідад і Табага, Эквадор. Створана ў 1962. Месца знаходжання — Лагас (Нігерыя). Мэты: спрыянне эканам. і сац. адносінам паміж краінамі — какававытворцамі, абмен навук. і тэхн. інфармацыяй, забеспячэнне эфектыўных паставак какавы па рэнтабельных цэнах, садзейнічанне пашырэнню какаваспажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДЫЯ (West Indies),
агульная назва астравоў Атлантычнага ак. паміж мацерыкамі Паўн. і Паўд. Амерыкі. Агульная пл. каля 240 тыс.км². Нас. больш як 35 млн.чал. (1993). Астравы выцягнуты дугой на 3500 км. Уваходзяць у склад Лацінскай Амерыкі. Вест-Індыя ўключае: Багамскія, Вялікія Антыльскія астравы, Малыя Антыльскія астравы, Трынідад, Табага і інш. а-вы; найб. — в-аў Куба. Рэльеф моцна расчлянёны, пераважна гарысты. Выш. да 3175 км (на в-ве Гаіці). Рэгіён моцна сейсмічны (акрамя раўніннай часткі Кубы), шмат дзеючых і патухлых вулканаў (Суфрыер, Мантань-Пеле і інш.). Радовішчы марганцавай і жал. руды, храмітаў, нафты, баксітаў, фасфарытаў і інш. Клімат трапічны пасатны. На раўнінах вырошчваюць цукр. трыснёг, трапічныя культуры, у гарах ёсць участкі вечназялёных і лістападных лясоў, другасныя саванны. На астравах Вест-Індыі размешчаны дзяржавы: Антыгуа і Барбуда, Багамскія Астравы, Барбадас, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідад і Табага, Ямайка, а таксама шэраг уладанняў Вялікабрытаніі, ЗША, Нідэрландаў і Францыі. Астравы адкрыты Х.Калумбам (1492—1502) і да пач. 16 ст. памылкова лічыліся часткай Азіі. Названы пазней у адрозненне ад Ост-Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЦІ, гарбатыя зайцы (Dasyprocta),
род млекакормячых атр. грызуноў. 20 відаў. Жывуць каля рэк у трапічных лясах і сухіх саваннах Паўд. і Цэнтр. Амерыкі, в-ва Трынідад і М.Антыльскіх а-воў на выш. да 2 км.
Даўж. цела 41—62 см, хваста 1—3,5 см, маса 1,3—4 кг. Афарбоўка ад ярка-залацістай (D. aguti) да цёмна-шэрай (D. fuliginosa). На доўгіх задніх нагах 3 пальцы. Добра плаваюць. Кормяцца лісцем, пладамі, арэхамі. Шкодзяць плантацыі цукр. трыснягу. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМ’Е́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1802.
Падпісаны паміж Францыяй і яе саюзнікамі (Іспаніяй і Батаўскай рэспублікай) з аднаго боку і Англіяй — з другога 27.3.1802 у г. Ам’ен (Францыя). Завяршыў распад 2-й антыфранц. кааліцыі. Паводле яго Англія абавязвалася вярнуць Францыі і яе саюзнікам захопленыя ў іх калоніі (акрамя а-воў Цэйлон і Трынідад) і ачысціць ад сваіх войскаў в-аў Мальта, Францыя — вывесці войскі з Рыма, Неапаля і в-ва Эльба. Егіпет быў вернуты Турцыі. 13.5.1802 да дагавора далучылася Турцыя. Ам’енскі мірны дагавор стаў кароткай перадышкай у англа-франц. барацьбе за сусв. панаванне. Разарваны з прычыны адмовы Англіі вызваліць в-аў Мальта. 22.5.1803 ваенныя дзеянні аднавіліся.