КАЛЕО́ПТЫЛЬ (ад грэч. koleos ножны, футарал + ptilon пяро),
калеоптыле, похвенны ліст першы ліст злакаў. Мае выгляд замкнёнай трубкі, дзе змешчаны малады праростак, ліставыя зачаткі (першы — пёрка) і конус нарастання, якія ён ахоўвае ад пашкоджання; не мае ліставой пласцінкі. Пры прарастанні зярняўкі К. прабівае глебу цвёрдай верхавінкай, разрываецца і праз прарыў выходзіць першы зялёны ліст (развіваецца з пёрка), потым К. засыхае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),
1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.
2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл.Меніскавыя сістэмы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕЙДАСКО́П (ад грэч. kalos прыгожы + eidos выгляд + ...скоп),
трубка з аднолькавымі люстранымі пласцінкамі, замацаванымі пад вуглом 60°, і кавалачкамі каляровага шкла. Пры вярчэнні трубкі кавалачкі перакочваюцца і ўтвараюць каляровыя фігуры, адбіццё якіх у люстэрках стварае каляровы ўзор з трохпрамянёвай сіметрыяй, які паўтараецца яшчэ 3 разы па краях поля зроку. Вынайдзены Д.Брустэрам у 1817; пазней стаў цацкай. У пераносным сэнсе — хуткая змена падзей, асоб і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗЕНХІ́МА [ад мез(а)... + грэч. enchyma налітае, тут тканка],
зародкавая злучальная тканка большасці шматклетачных жывёл і чалавека. На ранніх стадыях зародкавага развіцця М. складаецца з сукупнасці рыхла размешчаных, адросткавых, сеткападобна звязаных клетак, якія высяляюцца з трох зародкавых лісткоў, пераважна з мезадэрмы. Дае пачатак клеткам злучальнай, касцявой, храстковай, гладкай мышачнай, пігментнай тканак. Галаўная М. ўтвараецца міграцыяй клетак нерв.трубкі і гангліёзнай пласцінкі, латэральных ч. перадхардальнай пласцінкі. Пазазародкавая ўваходзіць у пазазародкавыя органы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДФА, мадфа,
адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі, выкарыстоўвалася арабамі ў 12—13 ст. Складалася з кароткага метал. ствала (трубкі) з дном, які прымацоўваўся да доўгага дрэўка (для зручнасці ўтрымання зброі ў руках). Страляла з сошкі круглым метал. снарадам (мех. сумесь салетры, серы і вугалю). Запальванне зарада адбывалася з дула або праз запальную адтуліну з дапамогай распаленага жал. прута ці тлеючага кнота. Паводле прынцыпу М. пазней зроблены першыя артыл. гарматы — бамбарды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААГА́МІЯ (ад аа... + ...гамія),
тып палавога працэсу (спосаб палавога размнажэння), пры якім зліваюцца розныя па памерах, форме і паводзінах палавыя клеткі (гаметы) і ўтвараецца зігота. Жаночая гамета — буйная, нерухомая (без жгуцікаў) яйцаклетка (яйцо). Мужчынская гамета (сперматазоід) — значна драбнейшая, звычайна рухомая (з 1 або некалькімі жгуцікамі), радзей без жгуцікаў (у некаторых ніжэйшых раслін і некаторых вышэйшых ракаў) або прадстаўлена толькі генератыўным ядром унутры пылковай трубкі (у многіх голанасенных і ўсіх пакрытанасенных). Аагамія ўласціва шматклетачным жывёлам, вышэйшым раслінам і многім ніжэйшым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІ́Т (ад назвы гары Дун у Новай Зеландыі),
інтрузіўная ультраасноўная поўнакрышт. горная парода, якая складаецца амаль цалкам (на 85—100%) з алівіну; мае таксама акцэсарны хромшпінелід; у рознай ступені серпентызаваная. Колер светла-зялёны, цёмна-зялёны да чорнага. Шчыльн. 3280 кг/м³. Д. вельмі пашыраны, звычайна ўтварае паралельныя лінзы, сілы, сякучыя трубкі (напр., паясы Д. на Урале). З Д. звязаны буйнейшыя радовішчы хромавых руд і плаціноідаў. Выкарыстоўваецца для вытв-сці вогнетрывалых матэрыялаў, дунітавыя пяскі — у ліцейнай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРШАСНАТРАХЕ́ЙНЫЯ (Protracheata),
адзіны клас беспазваночных жывёл тыпу аніхафор. 2 сям., 70 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічнай і ўмеранай зонах Паўд. паўшар’я. Жывуць у вільготных мясцінах, у лясным подсціле. Начныя жывёлы.
Даўж. да 15 см. Цела з 13—44 сегментаў, вусенепадобнае, укрыта мяккай хіцінавай кутыкулай. Па ўсёй даўж. цела кароткія ножкі. На галаве 3 пары прыдаткаў (1-я пара — доўгія вусікі). Органы дыхання — трахеі, выдзялення — цэламадукты. Сэрца ў выглядзе трубкі з адтулінай, крывяносных сасудаў няма. Кормяцца насякомымі. Раздзельнаполыя. Пераважна жывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАФЕКО́Н (ад графа... + грэч. eikōn відарыс),
тып запамінальнай электронна-прамянёвай трубкі з 2 электроннымі пучкамі (запісвальным і счытвальным). Відарыс запісваецца ў выглядзе патэнцыяльнага рэльефу на дыэлектрычнай мішэні, нанесенай на эл.-праводную падкладку (сігнальную пласціну). Запіс і счытванне інфармацыі могуць адбывацца адначасова і незалежна. Колькасць цыклаў счытвання дасягае некалькіх тысяч (пры аднаразовым запісе); раздзяляльная здольнасць — да 1200 радкоў. Запіс (без счытвання) на мішэні можа захоўвацца на працягу некалькіх сутак і больш. Выкарыстоўваецца для ўзаемнага пераўтварэння відарысаў: радыёлакацыйнага ў тэлевізійны, з аднаго тэлевізійнага стандарта ў другі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАРА́МАгарматная,
візірная вугламерная аптычная прылада прыцэлаў гармат. Выкарыстоўваюць у наземнай і марской артылерыі, рэактыўных устаноўках залпавага агню для кругавога агляду мясцовасці, навядзення і фіксацыі становішча гарматы. Складаецца з верт. корпуса, паваротнай галоўкі і акулярнай трубкі; замацоўваецца ў кошыку прыцэла. Асн. аптычныя даныя П.: 4-кратнае павелічэнне, поле зроку 10°, перыскапічнасць 180 мм. На караблях П. выкарыстоўваюцца пры стральбе па нябачных цэлях і пры адсутнасці прылад цэнтр. разведкі.