ДЭНЕ́Б, α-Лебедзя,

зорка 1-й зорнай велічыні (1,3 візуальнай зорнай велічыні). Свяцільнасць у 51 тыс. разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 500 пс. З Альтаірам і Вегай утварае т. зв. вял. летні трохвугольнік, добра бачны на летнім небе.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СФЕРЫ́ЧНАЯ ТРЫГАНАМЕ́ТРЫЯ,

раздзел трыганаметрыі, дзе вывучаюць залежнасці паміж старанамі і вугламі сферычных трохвугольнікаў; матэм. апарат сферычнай астраноміі.

Вуглы A, B, C і процілеглыя ім стораны a, b, c сферычнага трохвугольніка звязаны асн. суадносінамі: sin ( a / r ) sin A = sin ( b / r ) sin B = sin ( c / r ) sin C ; cos(c/r) = cos(a/r)∙cos(b/r) + sin(a/r)∙sin(b/r)∙cosC; sin(a/r)∙cosB = cos(b/r)∙sin(c/r) − sin(b/r)∙cos(c/r)∙cosA, дзе r — радыус сферы. Гэтыя формулы дазваляюць па любых 3 зададзеных элементах трохвугольніка вызначыць З астатнія (рашыць трохвугольнік). Калі даўжыні старон малыя ў параўнанні з радыусам сферы, то іх знаходзяць па формулах плоскай трыганаметрыі, якія атрымліваюцца з дадзеных лімітнымі пераходамі.

Да арт. Сферычная трыганаметрыя: O — цэнтр сферы; ABC — сферычны трохвугольнік са старанамі abc.

т. 15, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ГА,

α Ліры, зорка нулявой зорнай велічыні (0,0 візуальнай зорнай велічыні). Адна з самых яркіх зорак Паўн. паўшар’я неба. Свяцільнасць у 50 разоў большая за сонечную. Адлегласць ад Сонца 8 пс. З Альтаірам і Дэнебам утварае т.зв. вял. летні трохвугольнік, добра бачны на летнім небе.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГО́РАВЫ ЛІ́КІ,

тройкі такіх натуральных лікаў, што трохвугольнік, даўжыні старон якога прапарцыянальныя (ці роўныя) гэтым лікам, з’яўляецца прамавугольным. Па тэарэме, адваротнай Піфагора тэарэме, для гэтага дастаткова, каб яны задавальнялі дыяфантава ўраўненне x​2 + y​2 = z​2; напр., лікі x=3, y=4, z=5 і x=5, y=12, z=13.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МІ́ХЕЛЬ»

(«Michel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партыз. атрадаў імя Шчорса, імя Дзімітрова, імя Варашылава і мясц. насельніцтва ў Косаўскім, Бярозаўскім, Ружанскім, Пружанскім р-нах Брэсцкай вобл. 30.8—4.9.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 2 батальёнаў 11-га і 15-га паліцэйскіх палкоў, 2 матарызаваных узводаў жандармерыі, узвода процітанк. гармат. Партызаны нанеслі ўдары па варожых флангах і тыле, потым без страт адышлі ў суседнія лясы. 4.9.1942 карнікі атрымалі загад на правядзенне новай аперацыі «Трохвугольнік».

т. 10, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́Н Генрых Сурэнавіч (30.9.1925—1988),

армянскі рэжысёр. Нар. арт. Арменіі (1977). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1951), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (1953). З 1954 працаваў на кінастудыі «Арменфільм». Паставіў фільмы «Хлопцы музкаманды» (1960, з Г.​Маркаранам), «Трохвугольнік» (1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Наапет» (1978, аўтар сцэнарыя), «Аплявуха» (1981, сааўт. сцэнарыя), «Кропля мёду» (1983, аўтар сцэнарыя). У Дзярж. т-ры Арменіі імя Р.​Сундукяна паставіў п’есу «Вінаградны сад» У.​Сараяна (1971).

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГО́РА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма элементарнай геаметрыі, што вызначае сувязь паміж даўжынямі старон прамавугольнага трохвугольніка: квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў. Правільная і тэарэма, адваротнай П.т.: калі квадрат стараны трохвугольніка роўны суме квадратаў дзвюх інш. яго старон, тады гэты трохвугольнік прамавугольны.

Мяркуюць, што П.т. была вядома да Піфагора, але яму прыпісваюць доказ гэтай тэарэмы ў агульным выглядае. У першапачатковай форме вызначала суадносіны паміж адпаведнымі плошчамі: квадрат, пабудаваны на гіпатэнузе, роўнавялікі суме квадратаў пабудаваных на катэтах. У матэм. запісе: c​2 = a​2 + b​2.

Да арт. Піфагора тэарэма.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯ́НЦЫ ў астраноміі,

2 групы малых планет, якія абарачаюцца вакол Сонца па арбітах, амаль ідэнтычных арбіце Юпітэра; вуглавыя адлегласці ад яго ± 60°.

Вядомы 1084 Т. (2002; названы імёнамі герояў Траянскай вайны). Тых з Т., што апярэджваюць Юпітэр, часам наз. Грэкамі. Найб. з Т. — астэроід Патрокл (дыяметр 272 км; адкрыты ў 1906); самыя яркія — Гектар. Агамемнан, Адысей. Т. канцэнтруюцца паблізу 2 пунктаў, кожны з якіх утварае разам з Юпітэрам і Сонцам роўнастаронні трохвугольнік. Рух кожнага з Т. прыблізна адпавядае частковаму выпадку трох цел задачы (т.зв. выпадак Лагранжа).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 15, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МКРТЧАН Мгер (Фрунзе) Мушэгавіч (4.7.1930, г. Гюмры, Арменія—1993),

армянскі акцёр. Нар. арт. Арменіі (1971). Нар. арт. Грузіі (1980). Нар. арт. СССР (1984). Скончыў Ерэванскі тэатр. ін-т (1956). У 1946—53 працаваў у Ленінаканскім,драм. т-ры імя А.​Мравяна. З 1956 у т-ры імя Г.​Сундукяна ў Ерэване. Мастацтву акцёра ўласцівы лірызм, спалучэнне камедыйнай імправізацыйнасці з пранікненнем у характары герояў. Здымаўся ў кіно: «Каўказская палонніца», «Трохвугольнік» (абодва 1967), «Мы і нашы горы» (1970), «Хатабала» (1971), «Айрык» (1972), «Наапет» (1977), «Міміно» (1978), «Аплявуха» (1980), «Песня мінулых дзён» (1982), «Адзінокім прадастаўляецца інтэрнат» (1984). Дзярж. прэмія Арменіі 1967. Дзярж. прэмія СССР 1978.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВОСЬ БЕРЛІ́Н—РЫМ»,

ваенна-палітычны саюз фашысцкіх Германіі і Італіі, які склаўся ў 1936. Аформлены 25.10.1936 падпісаным у Берліне італагерм. пратаколам аб супрацоўніцтве. Бакі дамовіліся аб размежаванні сфер эканам. экспансіі на Балканах і ў Дунайскім басейне і скаардынавалі свае дзеянні ў вайне супраць Ісп. рэспублікі; Германія афіцыйна прызнала захоп Італіяй Эфіопіі. Збліжэнню абедзвюх фаш. дзяржаў папярэднічалі прыхільная пазіцыя Германіі ў час італьян. агрэсіі супраць Эфіопіі (гл. Італа-эфіопская вайна 1935—36) і сумесная германа-італьян. інтэрвенцыя ў Іспаніі (гл. ў арт. Іспанская рэвалюцыя 1931—39). У выніку пагадненняў «Вось Берлін—Рым» і «Антыкамінтэрнаўскі пакт» напярэдадні 2-й сусв. вайны аформіўся блок агрэсіўных дзяржаў (гл. «Трохвугольнік Берлін—Рым—Токіо»).

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)