ПЕДА́НТ (франц. pedant ад італьян. pedante літар. настаўнік, педагог),
той, хто залішне строга прытрымліваецца дробязных, фармальных патрабаванняў у чым.-н.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАДСЕ́ЧКА»,
бел. нар. гульня. На прасторнай пляцоўцы збіраюцца 8—15 чал. і выбіраюць вядучага — «рыбака», які прысядае і кладзе перад сабой мячык. Астатнія становяцца паўкругам каля мяча. «Рыбак» гаворыць некалькі разоў: «Клюе...» — і нечакана называе імя аднаго з гульцоў. Усе уцякаюць, а той, каго ён назваў, павінен схапіць мяч і кінуць у каго-небудзь з гульцоў, калі пападзе («падсячэ»), той выбывае з гульні, а калі не — выбывае з гульні сам. Апошні гулец падкідае мяч уверх і ўцякае. «Рыбак» імкнецца злавіць мяч і пацэліць ім у гульца, які ўцякае. Калі пападзе, то «рыбаком» становіцца апошні «непадсечаны» гулец.
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКА»,
бел. нар. гульня. Для яе неабходна мець адну «П.» (невял. прадмет). Гульцы (10 і болей чал.) выбіраюць вядучага — «раздатчыка», становяцца ў круг плячо ў плячо, спінай унутр круга, і трымаюць за спінай складзеныя кубачкам далоні. «Раздатчык» ходзіць у крузе, непрыкметна ўкладвае каму-небудзь у далоні «П.», становіцца ў цэнтры і гаворыць: «Дзверцы адчынены!» Той, у каго знаходзіцца «П.», бяжыць да «раздатчыка» і аддае яму «П.» (дакранаецца). Гульцы, што стаяць побач, павінны затрымаць яго. Хто першы яго схопіць, становіцца «раздатчыкам», калі не атрымаецца, то «раздатчыкам» становіцца той, хто аддаў «П.».
Я.Р.Вількін.
т. 13, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЫ́ШКА»,
бел. нар. гульня. У гульні могуць удзельнічаць ад 5 да 15 чалавек, якія па дамоўленасці выбіраюць «маці» і «ката». «Кот» адыходзіць убок, а дзеці садзяцца і на калені кладуць рукі далонямі адна да адной. «Маці», заціснуўшы «М.» (манету, гузік, каменьчык) таксама паміж далонямі, абходзіць гуляючых і праводзіць сваімі рукамі паміж далонямі кожнага гульца, пакідаючы «М.» ў аднаго з іх, а потым кліча «ката», які павінен адгадаць, у каго «М.». Калі адгадае, той становіцца «катом», калі не, тады «кот» вяртаецца на сваё месца і пасля 3 спроб выбывае з гульні, а яго месца займае той, у каго апошняга была «М.».
Я.Р.Вількін.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПТУ́ШКІ ЛЯЦЯ́ЦЬ»,
бел. нар. гульня. Кожны гулец павінен мець невял. прадмет — «зерне». Гульцы (8—20 чал.) выбіраюць вядучага — «старасту», кладуць зярняты ў адну лінію і на адлегласці 2—3 крокаў ад яе выстройваюцца ў шарэнгу спінай да «зярнят». «Стараста» праходзіць над «зярнятамі», непрыкметна забірае некалькі «зярнят», некат. перакладвае на інш. месца, адыходзіць у бок і гаворыць: «П.л.». Усе хутка паварочваюцца, скачуць на адной назе да «зярнят» і хапаюць па аднаму. Выбывае з гульні той, каму не хапае «зярняці». Пасля гэтага астатнія гульцы змыкаюць шарэнгу, кладуць «зярняты» на месца, і гульня працягваецца. Перамагае той, хто схопіць апошняе «зерне».
Я.Р.Вількін.
т. 13, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКІЯ ШЫРО́ТЫ,
умоўная назва зоны на паверхні зямнога шара, размешчанай паміж 40° паўн. ш. і той жа шыратой Паўд. паўшар’я; агульная назва трапічных і субтрапічных шырот.
т. 11, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАМАРФІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. morphē форма, выгляд),
працэс утварэння горных парод з адной і той жа магмы пры розных умовах з розным мінералагічным, але аднолькавым хім. саставам.
т. 5, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЦЬБА́ «НА КРЫЖЫ́»,
бел. народная старт. гульня. Нагадвае грэка-рымскую барацьбу. Праціўнікі абхопліваюць адзін аднаго, і той, хто паваліць саперніка на зямлю, — пераможца. Падножкі, штуршкі не дазваляюцца.
т. 2, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭТЭНДЭ́НТ [ад лац. praetendens (praetendentis)],
той, хто прэтэндуе на атрыманне якой-н. пасады, звання, узнагароды і да т.п., мае падставы на валоданне чым-н., атрыманне чаго-небудзь.
т. 13, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКТЫЛАЛО́ГІЯ (ад дактыла... + ...логія),
спосаб зносін глухіх людзей з дапамогай ручной азбукі. Шырока выкарыстоўваецца ў першапачатковы перыяд абучэння глухіх дзяцей (у дзіцячым садку і школе) як вядучы сродак фарміравання мовы і зносін, таксама адзіны сродак зносін сярод слепаглуханямых. У ручной азбуцы столькі ж знакаў, колькі літар у алфавіце. Паводле абрысу многія дактыльныя знакі нагадваюць літары і звычайна паказваюцца пальцамі адной рукі. Той, хто гаворыць, мяняе фігуры з пальцаў, а той, хто ўспрымае, складае з іх словы. Мовы з рознымі алфавітамі маюць кожная сваю дактылалагічную сістэму. На Беларусі пашырана рус. Д. Законам Рэспублікі Беларусь аб сац. ахове інвалідаў (1991) мова жэстаў прызнаецца ў якасці сродку міжасобасных зносін, навучання і прадастаўлення паслуг перакладу.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)