халінфасфатыды, складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавыхк-т, фосфарнай к-ты і халіну.
Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСАЕ́ДЫ (Trichodectidae),
сямейства насякомых атр. пухаедаў. Больш за 200 відаў. Пашыраны ўсюды. Многія — вонкавыя паразіты млекакормячых: буйн. раг. жывёлы — Bovicola bovis, коней — B. equi, козаў — B. caprae, сабак — Trichodectes canis, катоў — T. subrostratus.
Даўж. 0,5—11 мм. Цела плоскае, шчаціністае, без крылаў. Галава шырокая. Ротавыя органы грызучыя. Ногі хапальнага тыпу. Раздзельнаполыя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Самка адкладае яйцы каля асновы валасоў і прыклейвае сакрэтам матачных залоз. Кормяцца эпідэрмальнымі клеткамі, выдзяленнямі тлушчавых залоз, крывёй гаспадара. Выклікаюць хваробу трыхадэктыдоз. Некат. валасаеды — прамежкавыя гаспадары гельмінта (цэпня) — паразіта сабак, катоў, пераносчыкі інфекц. і інвазійных хвароб жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́ДЫ (ад грэч. lipos тлушч),
тлушчападобныя рэчывы, што ўваходзяць у састаў жывых клетак. Адыгрываюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці. Адзін з асн. кампанентаў біял. мембран. Уплываюць на пранікальнасць клетак і актыўнасць ферментаў, удзельнічаюць у перадачы нерв. імпульсу, мышачным скарачэнні, утварэнні міжклетачных кантактаў, імунахім. працэсах і інш. Большасць Л. — вытворныя вышэйшых тлушчавыхк-т, спіртоў ці альдэгідаў. Падзяляюцца на простыя і складаныя. Да Л. таксама адносяць стэрыны, тэрпены, убіхіноны. Л. — паверхнева-актыўныя рэчывы, маюць у малекулах палярныя групоўкі (-COOH, -OH, -NH2 і інш.) і непалярныя вуглевадародныя ланцугі; сярэдне растваральныя ў непалярных растваральніках (бензол, петралейны эфір і інш.) і вельмі мала — у вадзе. У арганізме Л. ферментатыўна гідралізуюцца ліпазамі.
Літ.:
Маркман А.Л. Химия липидов. Вып. 1—2. Ташкент, 1963—70;
Березов Т.Т., Коровкин Б.Ф. Биологическая химия. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСТА́ (ад грэч. kystis пузыр),
паталагічная поласць у органах і тканках арганізма з вадкім ці паўвадкім змесцівам, высланая злучальна-тканкавай абалонкай або эпітэліем. Паводле механізма ўтварэння адрозніваюць К. рэтэнцыйныя, рамаліцыйныя, дызонтагенетычныя, пухлінныя, траўматычныя, паразітарныя.
Рэтэнцыйныя К. (як правіла, набытыя) утвараюцца ў залозах (напр., слінных, тлушчавых, малочных) пры парушэнні адтоку сакрэту, што вядзе да расцяжэння залозы ці пратокі. Рамаліцыйныя К. ўзнікаюць у кампактнай тканцы пры яе размякчэнні (пры кровазліцці, запаленні, некрозе) на абмежаваным участку (напр., К. галаўнога мозга). Утварэнне дызонтагенетычных К. звязана з расшырэннем эмбрыянальных каналаў і шчылін ці з заганамі развіцця органа (напр., кістозныя ныркі). Пухлінныя К. развіваюцца найчасцей у жалезістых, сасудзістых ці касцявых пухлінах па розных прычынах (кістадэрма, лімфангіёма). Траўматычныя К. лакалізуюцца на кісцях рук, у радужнай абалонцы вока, іншы раз у падстраўнікавай залозе і касцявой тканцы пры траўматычным зрушэнні эпітэлію. Паразітарныя К. ўяўляюць сабой пузыраватыя лічынкавыя стадыі (фіны) стужкавых чарвей (эхінакок, цыстыцэрк). К. могуць мець рознае паходжанне, напр., эпідэрмоідныя К. бываюць рэтэнцыйнымі, траўматычнымі і дызонтагенетычнымі. Памеры, будова і знешнія праяўленні К. залежаць ад іх паходжання. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯВЫ́ МОЗГ,
цэнтральны орган кроваўтварэння, размешчаны ў губчатым рэчыве касцей і касцёвамазгавых поласцях пазваночных жывёл і чалавека. Выконвае таксама функцыі біял. аховы арганізма і косцеўтварэння. У чалавека К. м. паяўляецца на 2-м месяцы эмбрыянальнага развіцця ў закладцы ключыцы, на 3-м месяцы — у лапатках, рэбрах, грудзіне, пазванках і інш., на 5-м — функцыянуе як асн. кроваўтваральны орган. Маса К. м. ў дарослага чалавека да 3700 г (3,4—5,9% ад масы цела). Складаецца з рэтыкулярнай тканкі, крывятворных і тлушчавых клетак; забяспечаны нервамі і крывяноснымі сасудамі. Адрозніваюць чырвоны К. м. (захоўваецца ўсё жыццё, яму належыць гал. роля ў кроваўтварэнні, у чалавека складае каля 1,5% масы цела) і жоўты К. м. (пераважна ўдзельнічае ў тлушчавым абмене).
У касцях дзяцей да 7 гадоў пераважае чырвоны К. м. Ва ўзросце 18—20 гадоў у дыяфізах трубчастых касцей ён замяняецца жоўтым К. м. Спелыя клеткі крыві з К. м. праз сценку сінусоідных капіляраў паступаюць у крывяносную сістэму, няспелыя паяўляюцца пры парушэнні кроваўтварэння. К. м. выконвае ахоўную функцыю (рэтыкулярныя клеткі і клеткі эндатэлію сінусоідных капіляраў здольныя захопліваць іншародныя часцінкі з крыві і станавіцца макрафагамі). Функцыя косцеўтварэння праяўляецца пры загойванні пераломаў касцей. Даследаванне К. м. дае звесткі для дыягностыкі і лячэння хвароб крыві (асабліва лейкозаў), злаякасных утварэнняў, многіх паразітарных інфекцый, прамянёвай хваробы, злаякаснага малакроўя. З дапамогай клетак К. м., узятых ад донара, лечаць ад анеміі, прамянёвай хваробы, лейкозаў і інш.