РЫ́ЗА, фелонь,

парчовае, тканае золатам або серабром адзенне без рукавоў; верхняе царк. адзенне свяшчэннаслужыцеляў у праваслаўі і каталіцызме. У праваслаўі Р. называюць таксама метал. абклад абраза, які пакідае адкрытымі толькі твар і рукі выявы.

т. 13, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎД ((Raud) Март) (14.9.1903, Айду, Эстонія — 6.7.1980),

эстонскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Эстоніі (1972). Вучыўся ў Тартускім ун-це (1924—25). Друкаваўся з 1919. Першы зб. вершаў — «Міражы» (1924). У раманах «Сякера і месяц» (1935), «Кірмаш» (1937) крах рамант. свядомасці людзей мастацтва ў сутыкненні з прагматызмам тагачаснага грамадства. Аўтар зб-каў вершаў «Далёкі круг» (1935), «Новыя масты» (1945), «Усе дарогі» (1953), «Залатая восень» (1966), «Які адыходзіць» (1978), зб. навел «Твар у твар» (1959), вершаванай п’есы «Летняя ноч наяве» (паст. 1962), паэм, балад, баек і інш. На бел. мову яго асобныя навелы пераклаў А.​Кулакоўскі, вершы — А.​Разанаў, Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1957;

Каменистые борозды. М., 1970.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАДЖА́ЛЕ ((Caragiale) Іон Лука) (30.1.1852, с. Лука-Караджале, Румынія — 9.6.1912),

румынскі пісьменнік. Чл. Рум. АН (з 1949). Вучыўся ў Бухарэсцкіх кансерваторыі і ун-це. У 1888—89 дырэктар Нац. т-ра ў Бухарэсце. З 1904 у эміграцыі. Друкаваўся з 1873. У сатыр. камедыях «Бурная ноч» (1878), «Пан Леаніда твар у твар з рэакцыяй» (1879), «Згубленае пісьмо» (1884), псіхал. драме «Навала» (1890) выкрываў бездухоўнасць, мяшчанства і маральнае ўбоства, палітыканства і дэмагогію. Аўтар зб-каў апавяданняў, нарысаў і фельетонаў «Нататкі і апавяданні» (1892), «Апавяданні» (1897), «Моманты» (1901), «Моманты, замалёўкі, успаміны» (1908), памфлета «1907 год. Ад вясны да восені» (1907). Творы адметныя гратэскавасцю вобразаў і сітуацый, элементамі камічнага, афарыстычнасцю мовы.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1953;

Комедии, юморески, рассказы. М., 1963;

Потерянное письмо: Комедия;

Рассказы. М., 1974.

Літ.:

Константиновский И.Д. Караджале. М., 1970.

Е.​А.​Лявонава.

І.Л.Караджале.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУА́ЛЬ (ад франц. voile пакрывала, заслона),

1) лёгкая празрыстая баваўняная ці шаўковая тканіна. З вуалі шыюць сукенкі, вырабляюць шалі.

2) Тонкая празрыстая сетка на жаночых капелюшах, якая часам часткова закрывае твар.

3) Вуаль у фатаграфіі — пацямненне неэкспаніраваных участкаў праяўленага фатагр. матэрыялу. Назіраецца ў большай ступені ў высокаадчувальных фотаматэрыялах.

т. 4, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАЎНЕ́ННЕ,

даданы член сказа, які абазначае аб’ект і паясняе выказнік ці іншы член сказа. Падзяляюцца на прамыя [форма выражэння — вінавальны і родны (пры адмоўі і частковым ахопе прадмета дзеяння) склоны без прыназоўніка] і ўскосныя (інш. формы з прыназоўнікам і без яго). Напр.: «Паабедалі з бядою, спаражнілі місы. Абцёр бацька вус рукою, твар і лоб свой лысы» (Я.​Колас) і «Пасварыліся за мех, а ў мяху смех».

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПАСТА́СЬ (ад грэч. hipostasis твар, сутнасць),

тэрмін стараж.-грэч. філасофіі, субстанцыя, сутнасць. Уведзены Пасідоніем у 1 ст. да н.э. У хрысціянстве, пачынаючы з патрыстыкі, тэрмін І. вызначае кожную з трох асоб Тройцы (Бога-айца, Бога-сына, Бога-Духа святога) і іх адзінства (лічыцца недасягальным чалавечаму розуму і не паддаецца рацыянальнаму тлумачэнню, з’яўляецца аб’ектам веры).

т. 7, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАНДЖА́, фаранджы (араб.),

халатападобная накідка для вуліцы ў жанчын мусульманскіх народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі. Нашэнне П. абумоўлена патрабаваннямі ісламу максімальнага сакрыцця твару і фігуры жанчыны. Мае доўгія несапраўдныя рукавы, замацаваныя канцамі на спіне. Накідваецца на галаву і цалкам скрывае постаць жанчыны; спераду апранаецца чачван — чорная густая валасяная сетка, якая закрывае твар. У некат. інш. мусульм. народаў функцыі П. выконвае чадра.

т. 12, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́ТАВА (Раіса Салтамурадаўна) (н. 30.12.1928, г. Грозны),

чэчэнская паэтэса. Нар. паэтэса Чэчні (1977). Старшыня Вярх. Савета Чэчэна-Інгушскай АССР (1963—85). Піша на чэч. і рус. мовах. У зб. вершаў «Рэспубліка родная» (1958), «Бі мне, вецер, у твар» (1959), «Іду да цябе» (1960), «Ля крыніцы» (1969), «Дабрыня» (1973), «Чынара, якая спявае» (1976), «Сустрэча» (1978) і інш. піша пра Радзіму, апявае каханне, сям’ю, дружбу; стварыла вобраз сучаснай жанчыны-гаранкі.

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯСНУ́ШКІ,

змены спадчыннага характару ў скуры чалавека, якія праяўляюцца гіперпігментнымі плямкамі. Праяўленне вяснушак часта бывае сямейным. Ва ўзросце 3—5 гадоў на адкрытых участках скуры (твар, нос, лоб, шыя, кісці рук і інш.) з’яўляюцца дробныя, акруглыя светла-карычневага колеру плямкі, якія паступова пігментуюць і павялічваюцца ад 2—3 да 5—8 мм у дыяметры. Паверхня іх гладкая. Найчасцей бывае ў бландзінаў і рыжавалосых людзей. Лячэнне: кераталітычныя і адбельвальныя сродкі.

т. 4, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНАФІ́МА [ад грэч. rhis (rhinos) нос + phyma нараст, новаўтварэнне],

хранічнае захворванне скуры носа з яго гіпертрафіяй, павелічэннем і знявечаннем. Часцей назіраецца ў мужчын. Звычайна ўзнікае пры частым ужыванні алкаголю і пераахаладжэнні. Адрозніваюць фіброзную і залозістую (бугрыстую) формы Р. Пры фібрознай нос раўнамерна павялічваецца ў памерах, скура становіцца ярка-чырвонай. Пры залозістай форме ў вобласці верхавіны і крылаў носа ўтвараюцца 3 бугрыстыя вузлы, якія потым зліваюцца, твар знявечваецца. Лячэнне хірургічнае.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)