сукупнасць усіх вод (воды паверхневыя, падземныя і інш. водныя аб’екты), што знаходзяцца ў межах дзярж. граніц краіны. Паводле воднага заканадаўства Рэспублікі Беларусь усе воды ў краіне складаюць адзіны дзярж. водны фонд, іх выкарыстанне знаходзіцца пад прававым рэгуляваннем. У воднай гаспадарцы выкарыстоўваецца тая частка воднага фонду, якая складае водныя рэсурсы. Кантроль за водакарыстаннем і аховай водаў на тэр. Беларусі ўскладзены на Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго органы на месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuß) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАМЫ́ЙКАВЫ ВЕРШ,
14-складовы верш, кожны радок у якім разбіты пастаяннымі паўзамі на 3 групы (4 + 4 + 6). Радкі звязаны сумежнай рыфмоўкай. Трапляецца ў нар.укр. прыпеўках — каламыйках (адсюль назва), некаторых бел.нар. песнях. Пашыраны і ў пісьмовай паэзіі (Т.Шаўчэнка, С.Руданскі, Я.Купала, М.Багдановіч і інш.), дзе кожны вершарад запісваецца ў 2 радкі — цэзура становіцца міжрадковай паўзай: «Ночка цёмная глядзела // Ды цямнейшай стала, // Адна зорка мігацела — // І тая прапала» («Бандароўна» Я.Купалы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАВЫ́Я ПЕРАВО́ЗКІ,
перамяшчэнне грузаў рознымі сродкамі транспарту. Адрозніваюць унутрывытв. грузавыя перавозкі, якія тэхналагічна звязаны з вытв-сцю прадукцыі ў межах асобнага прадпрыемства, і нар.-гасп. — перавозкі прадукцыі ў сферы абарачэння ад вытворцаў да спажыўцоў або непасрэдна (транзітныя пастаўкі), або праз склады доўгатэрміновага захоўвання і гандл. сетку (паўторныя перавозкі). Аб’ём грузавых перавозак (вымяраецца ў тонах) абумоўлены аб’ёмам вытворчасці прадукцыі і імпарту і каэфіцыентам паўторнасці перавозак, г.зн. колькі разоў адна і тая ж тона прадукцыі перавозіцца ад прадпрыемства-вытворца да пунктаў спажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНЬКІ́»,
бел.нар. гульня. На прамавугольнай пляцоўцы каля кожнай бакавой лініі чэрцяць кругі — «ямы», дыяметрам 1—1,5 м. З гульцоў выбіраюць 2 «рыбакоў», астатнія (іх можа быць 15—40 чал.) — «рыбы». «Рыбакі», узяўшыся за рукі, ловяць «рыб», якія могуць выратоўвацца ў «ямах». Аднак знаходзіцца ў «яме» можа толькі адна «рыба», калі туды забяжыць другая, тады тая, што там знаходзілася, павінна пакінуць «яму». Злоўленыя «рыбы» дапамагаюць «рыбакам». Гульня заканчваецца, калі «рыбакі» пераловяць усіх «рыб». Пераможцамі становяцца 5 «рыб», якія выратаваліся ў «ямах», іх называюць «М.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІСТАЦЫЯНА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
працэс, скорасць распаўсюджвання якога ў абмежаванай сістэме настолькі вялікая, што за час τ распаўсюджвання яго па ўсёй сістэме яе стан не паспявае прыкметна змяніцца.
Пры К.п. змена станаў усіх частак сістэмы адбываецца па адным і тым жа часавым законе практычна без запазнення. Перыядычны працэс з перыядам Т будзе квазістацыянарным пры ўмове T ≫ τ. Гэтай умове адпавядае пераменны ток прамысл. частаты ў ЛЭП даўжынёй, намнога меншай за даўжыню эл.магн. хвалі ў лініі (г. зн. меншай за 6000 км). У такой ЛЭП у кожны момант часу сіла току ўсюды адна і тая ж (гэта квазістацыянарны ток, для якога з дастатковай дакладнасцю выконваюцца законы пастаяннага току).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́ЙНЯЯ НЕАБХО́ДНАСЦЬ (юрыд.),
становішча, пры якім асоба шляхам учынення грамадска небяспечных дзеянняў прадухіляе небяспеку, што пагражае інтарэсам дзяржавы, грамадства, грамадзянам або непасрэдна дадзенай асобе і яе правам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь не лічыцца злачынствам і выключае крымін. адказнасць пры ўмове, што небяспека не магла быць прадухілена інш. сродкамі, а нанесеная пры К.н. шкода менш значная, чым тая, якая была прадухілена. Аднак шкода, нанесеная пры К.н., падлягае кампенсацыі асобай, якая яе нанесла. Прымаючы пад увагу абставіны, пры якіх была нанесена шкода, суд можа ўскласці абавязак яе кампенсацыі на трэцюю асобу, у інтарэсах якой дзейнічаў той, хто яе нанёс, або вызваліць іх ад кампенсацыі шкоды поўнасцю ці часткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МАў інфарматыцы,
дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцей ЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.
П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ, Пакроўскі сабор, што на Рове,
помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.
Літ.:
Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;
Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПЕРАРЫ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,
функцыя, якая набывае бясконца малыя прырашчэнні пры бясконца малых зменах аргумента. Маюць важныя ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
Дыферэнцавальная функцыя заўсёды неперарыўная (існуюць недыферэнцавальныя Н.ф.); інтэграл ад Н.ф. на адрэзку заўсёды існуе; для ўсякай функцыі, неперарыўнай на адрэзку, можна знайсці мнагасклад, значэнні якога адрозніваюцца на гэтым адрэзку ад значэнняў функцыі менш, чым на адвольна малы папярэдне зададзены лік (тэарэма Веерштраса). На такіх мнагаскладах грунтуецца набліжэнне функцый (гл.Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый). Сума, рознасць і здабытак Н.ф. даюць у выніку таксама Н.ф. Дзель дзвюх такіх функцый будзе таксама Н.ф., акрамя пунктаў, дзе назоўнік дробу роўны нулю. Паняццю Н.ф. проціпастаўляецца паняцце разрыўнай функцыі. Адна і тая ж функцыя можа быць неперарыўнай пры адных значэннях аргумента і разрыўнай пры другіх. Напр., дробавая частка ліку x разрыўная пры цэлых значэннях аргумента і неперарыўная пры астатніх.