КАПІЛЯРАСКАПІ́Я (ад капіляры + ...скапія),

метад даследавання ў чалавека крывяносных капіляраў скурнай складкі ногцевага ложа, прасветленага спец. саставамі. Змены, бачныя пры К., не з’яўляюцца строга спецыфічнымі для паталаг. стану; яны ўзнікаюць як прыстасоўны механізм пры парушэнні агульнага крывацёку. Таму К. — дапаўняльны дыягнастычны метад у агульнаклінічных даследаваннях.

т. 8, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРА́МЕТР СТА́НУ ў тэрмадынаміцы, тэрмадынамічны параметр,

фізічная велічыня, якая служыць для характарыстыкі макраскапічнага стану сістэмы. Да П.с. належаць: ціск, тэмпература, аб’ём удзельны, унутраная энергія, энтрапія і інш. П.с. звязаны паміж сабой, таму раўнаважны стан сістэмы можна вызначыць праз абмежаваную колькасць параметраў (гл. Ураўненне стану).

т. 12, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ КАПІТА́Л,

у марксісцкай эканам. тэорыі — частка капіталу, якая прызначана для набыцця сродкаў вытв-сці, сыравіны, матэрыялаў і прадметаў працы. Вызначаецца як пастаянны таму, што не можа прыбавіць да вартасці прадукцыі большай велічыні, чым яго ўласная вартасць, якая вымяраецца колькасцю гадзін арэчаўленай грамадска неабходнай працы.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛО́НЫ (ад лац. nucleus ядро),

агульная назва для пратонаў і нейтронаў, з якіх складаецца атамнае ядро. У адносінах да ядзерных сіл пратоны і нейтроны маюць падобныя ўласцівасці, таму іх можна разглядаць як 2 розныя «зарадавыя» станы адной і той жа часціцы — Н. Гл. таксама Ізатапічная інварыянтнасць.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ДЫТ,

адна з двух частак (разам з дэбетам) рахункаў бухгалтарскага ўліку. Звесткі ў рахунках бухгалтарскага ўліку, якія характарызуюць стан сродкаў прадпрыемства, іх крыніц на пачатак і канец справаздачнага перыяду, наз. пачатковымі і канчатковымі астаткамі (сальда). Звычайна ў балансе прадпрыемства склад сродкаў паказваюць у левым баку (актыве), таму і астаткі сродкаў у актыўных рахунках адлюстроўваюць у гэтым баку (дэбеце). Актыўныя рахункі заўсёды маюць дэбетавы астатак, які характарызуе наяўнасць дадзенага віду сродкаў. Стан крыніц сродкаў у балансе паказваецца ў правым баку — пасіве, таму і астатак крыніц сродкаў у пасіўных рахунках адлюстроўваецца ў гэтым баку — К. Пасіўныя рахункі заўсёды маюць крэдытавы астатак, які паказвае наяўнасць дадзенай канкрэтнай крыніцы сродкаў (напр., статутнага, рэзервовага фонду, фонду спец. прызначэння, прыбытку і інш.). У актыўных рахунках дэбет большы за К. або роўны яму; у пасіўных — К. большы за дэбет або роўны яму.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБ РАГВАЛО́ДАВІЧ,

друцкі князь у канцы 12 ст., сын кн. Рагвалода Рагвалодавіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі ў саюзе са смаленскім кн. Давыдам Расціславічам аказаў супраціўленне аб’яднаным сілам палачан, чарнігаўцаў і наўгародцаў у іх паходзе на Друцк, але беспаспяхова, таму вымушаны быў пакінуць Друцк.

М.​І.​Ермаловіч.

т. 5, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАДО́ЛАРЫ (англ. Eurodollar),

грашовыя сродкі ў доларах ЗША, размешчаныя іх уладальнікамі за межамі ЗША, пераважна ў еўрап. банках. Банкаўскія рахункі ў доларах даюць магчымасць банкам, у якіх гэтыя рахункі адкрыты, выкарыстоўваць доларавыя грошы для аперацый на міжнар. рынку пазыкавых капіталаў, таму што долар прызнаны ў якасці сусв. валюты.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕ́НДЫ (лац. Calendae ад calare клікаць),

у старажытнарымскім календары першы дзень кожнага месяца. У адпаведнасці з традыцыяй гэты дзень абвяшчалі жрацы, якія склікалі (адсюль назва) народ. Лік дзён па К. вялі толькі рымляне, таму выраз «адкласці да грэч. К.» азначае адкласці назаўсёды. Ад слова «К.» ўзнік тэрмін Каляндар.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎКІ, наўкі,

ва ўсходнеславянскай міфалогіі злыя духі, якія часта прыносяць смерць, русалкі. Паводле ўкр. павер’яў, у М. ператвараюцца дзеці, што памерлі да хрышчэння. Імя М. (наўкі) утворана ад наў (увасабленне смерці). Паводле міфалагічных уяўленняў, М. спераду маюць чалавечае цела, а спіны ў іх няма і таму відаць усе вантробы.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРАФІ́ТЫ (ад грэч. sklēros цвёрды, шчыльны + ...фіт),

засухаўстойлівыя (ксерафільныя) расліны з шорсткімі парасткамі. Шорсткасць сцёблаў і лісця абумоўлена моцным развіццём мех. тканак, таму пры водным дэфіцыце ў раслін адсутнічаюць прыкметы завядання. З траў да С. адносяць дурнічнік калючы, сінегаловік палявы, кавылі; з кустовых раслін — ігліцу пантыйскую, саксаул і інш.

т. 14, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)