ПАЯСНЫ́Я ЦЭ́НЫ цэны, дыферэнцыраваныя па паясах, кожны з якіх уключае некалькі адм.-тэр. адзінак, мясцовасцей з падобнымі прыродна-эканам. ўмовамі вытв-сці, рэалізацыі і спажывання асобных відаў прадукцыі; цэны аднаго і таго ж тавару, характэрныя для шэрагу рэгіёнаў.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

...МЕТР (ад грэч. metron мера, metreō вымяраю), другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае прыладу, прыбор для вымярэння таго, што паказана ў першай частцы слова (напр., барометр, тэрмометр), а таксама долевую ці кратную адзінку даўжыні ў метрычнай сістэме (напр., кіламетр, мікраметр).

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ АДЗІ́НКА (European Currency Unit; ЭКЮ). валютная адзінка, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай валютнай сістэме. Уведзена ў 1979. Суадносіны (парытэт) ЭКЮ з валютамі інш. краін вызначаюцца зыходзячы з таго, што ЭКЮ з’яўляецца прадстаўніком усяго «кошыка валют» краін, якія ўваходзяць у еўрап. валютную сістэму.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГЕ́ЗІЯ (ад лац. cohaesus звязаны, счэплены),

счапленне (прыцягненне) часцей аднаго і таго ж аднароднага фіз. цела. Абумоўлена хімічнай сувяззю паміж часціцамі (атамамі, іонамі), што састаўляюць цела, і міжмалекулярным узаемадзеяннем. Сілы К. рэзка памяншаюцца з адлегласцю, яны найб. значныя ў цвёрдых целах і вадкасцях. Гл. таксама Адгезія.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АГІТПЛАКА́Т»,

перыядычнае выданне Саюза мастакоў БССР. Выдаваўся ў 1966—90 Мінскім маст.-вытворчым камбінатам (72 плакаты на год). Плакаты адлюстроўвалі актуальныя для таго часу падзеі жыцця Беларусі. Выконваліся спосабам шоўкатрафарэтнага друку. У «Агітплакаце» працавалі мастакі М.​Гурло, Р.​Данчанка, У.​Жук, У.​Крукоўскі, А.​Чуркін, В.​Шматаў і інш.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАВА́ЛАВА ЗАКО́НЫ,

2 законы, якія вызначаюць сувязь паміж саставам аднароднай вадкай сумесі двух лятучых кампанентаў і саставам і ціскам насычанай пары, што знаходзіцца ў раўнавазе з вадкасцю. Тэарэтычна абгрунтаваны і эксперыментальна пацверджаны Дз.П.Канавалавым у 1881—84.

Першы К.з.: пры пастаяннай т-ры ціск насычанай пары раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі ў ім таго кампанента, колькасць якога ў пары большая (меншая), чым у растворы; пры пастаянным ціску т-ра кіпення раствору ўзрастае (памяншаецца) пры павелічэнні канцэнтрацыі таго кампанента, колькасць якога ў пары меншая (большая), чым у растворы. Другі К.з.: у пункце экстрэмуму на крывой залежнасці ціску ад саставу раствору (пары) пры пастаяннай т-ры (на крывой канцэнтрацыйнай залежнасці т-ры кіпення пры пастаянным ціску) саставы вадкасці і пары, што суіснуюць у раўнавазе, аднолькавыя. К.з. з’яўляюцца асновай пры распрацоўцы метадаў рэктыфікацыйнага раздзялення рэчываў.

т. 7, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАФІ́Т (ад грэч. neophytos той, хто нядаўна прыняў веравызнанне),

1) першапачаткова ў хрысціянстве: толькі што ахрышчаны паслядоўнік вучэння Хрыста; пасвячоны ў сан святара; манах, які прыняў пострыг. Н. наз. таксама таго, хто нядаўна прыняў якую-н. рэлігію.

2) Новы прыхільнік якога-н. вучэння або грамадскага руху; навічок у чым-небудзь.

т. 11, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́С»,

клуб рабочых-беларусаў у Маскве ў 1919. Адкрыты 23 лют. культ.-асветным аддзелам Беларускага нацыянальнага камісарыята і Маскоўскай бел. секцыяй РКП(б). Асн. мэты: правядзенне паліт. і культ.-асв. работы сярод беларусаў, падрыхтоўка кадраў для работы на Беларусі. Меў бібліятэку з чытальняй. У снеж. таго ж года пераўтвораны ў літоўска-бел. клуб, які дзейнічаў у 1920.

т. 2, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЭГО́Н ((Obregón) Альвара) (19.2.1880, Сікісіва, штат Санора, Мексіка — 17.7.1928),

мексіканскі дзярж. і ваен. дзеяч. У час рэвалюцыі 1910—17 узначаліў войска, якое скінула дыктатуру Уэрты (1914). У 1920—24 прэзідэнт Мексікі. Урад Абрэгона правёў шэраг дэмакр. рэформаў, імкнуўся да незалежнага знешнепаліт. курсу. У 1928 зноў выбраны прэзідэнтам, але забіты рэліг. фанатыкам да таго, як заступіў на пасаду.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕБ,

у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.

т. 5, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)