ЗРОК,

успрыманне арганізмам навакольнага свету праз улоўліванне зроку органамі святла, якое адлюстроўваецца ці выпраменьваецца аб’ектамі святла. У працэсе эвалюцыі З. удасканальваўся: ад здольнасці адрозніваць толькі святло ад цемры (напр., дажджавыя чэрві) да разнастайнага аналізу адлюстравання. Вока чалавека ўспрымае святло з даўж. хвалі 380—760 нм.

На органы З. ўсе прадметы ўздзейнічаюць адбітымі або прамымі светлавымі прамянямі. Пад уздзеяннем энергіі святла ў палачках і колбачках сятчаткі вока адбываюцца фотахім. рэакцыі, узнікаюць эл. токі, якія выклікаюць нерв. імпульсы, што перадаюцца па праводных шляхах зрокавага аналізатара да цэнтр. коркавага аддзела мозга, дзе фарміруюцца зрокавыя адчуванні. Адрозніваюць З. цэнтр. і перыферычны. Характарызуецца З. вастрынёй. Нармальная вастрыня З. — здольнасць адрозніваць 2 кропкі прадмета з вуглом паміж імі ў 1. Да функцый З. адносяць і бінакулярны зрок.

Л.​М.​Марчанка.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЯНЁВАЕ ПАРАЖЭ́ННЕ,

вынік уздзеяння электрамагнітнага выпрамянення (квантаў), элементарных часціц на клеткі, тканкі, органы, сістэмы арганізма, што выклікае парушэнні іх нармальнай жыццядзейнасці. Крыніцы выпрамяненняў: іанізавальнае выпрамяненне, інфрачырвонае выпрамяненне, лазернае выпрамяненне, ультрафіялетавае выпрамяненне, сонечнае выпрамяненне бачнай ч. спектра (святло), а таксама касмічныя прамяні і інш. Біял. эфект П.п. залежыць ад прасторавага размеркавання выпрамянення, працягласці і рытму яго ўздзеяння, магутнасці дозы выпрамянення і фізіял. стану арганізма.

Найчасцей пад П.п. разумеюць парушэнні, абумоўленыя біялагічным дзеяннем іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйнае паражэнне), якія пры пэўных умовах могуць выклікаць развіццё прамянёвай хваробы. Інфрачырв выпрамяненне праяўляецца праз цеплавыя апёкі і пераграванне ч. цела або арганізма ў цэлым (сонечны ўдар, цеплавы ўдар і інш.). Ультрафіялетавае выпрамяненне аказвае пераважна хім. дзеянне. Магутныя светлавыя пучкі лазераў выклікаюць у асн. апёкі сятчаткі вока, скуры. Гл. таксама Апрамяненне арганізма, Прамянёвыя пашкоджанні.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗАРУ́КАСЦЬ, міяпія,

адзін з недахопаў рэфракцыі вока, пры якім чалавек дрэнна бачыць аддаленыя рэчы. Абумоўлена тым, што паралельныя прамяні, якія ідуць ад аддаленых рэчаў, сыходзяцца ў фокусе аптычнай сістэмы вока не на сятчатцы (як у нармальным воку), а перад ёю і даюць невыразнае адлюстраванне. Блізарукасць найчасцей узнікае ў школьным узросце, можа паступова павялічвацца да 18—20-гадовага ўзросту. Развіццю блізарукасці спрыяюць зрокавая работа на блізкай адлегласці, спадчынныя фактары. Адрозніваюць 3 ступені блізарукасці: слабую (да 3 дптр), сярэднюю (да 6 дптр) і высокую (6 дптр і вышэй). Блізарукія разглядаюць усё на блізкай адлегласці. Ад гэтага стамляюцца вочы, развіваецца мышачная і акамадацыйная астэнія, разыходная касавокасць, спазмы акамадацыі, пры цяжкай, злаякаснай блізарукасці ўзнікаюць змены ў сеткаватай і сасудзістай абалонках вока — расцяжэнні, дыстрафія, кровазліццё, разрывы і адслаенне сятчаткі. Лячэнне: карэкцыя блізарукасці акулярамі, ліквідацыя спазмаў акамадацыйнай мышцы. Пры блізарукасці высокай ступені хворым нельга фізічна і зрокава перанапружвацца. Пры блізарукасці, якая прагрэсіруе, робяць аперацыі — радыяльную керататамію, кератамілез, уздзейнічаюць эксімерным лазерным выпрамяненнем.

Л.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка),

біялагічная фізіка, навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.​П.​Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.​Ф.​Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.​М.​Пісарэўскі, В.​Т.​Андрыянаў, С.​М.​Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.​Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.​Г.​Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.​М.​Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.​А.​Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.​М.​Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.​Л.​Аксёнцаў і А.​А.​Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФТАЛЬМАЛО́ГІЯ (ад грэч. ophthalmos вока + ...логія),

галіна медыцыны, якая вывучае анатомію і фізіялогію органа зроку, хваробы вачэй, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.

Першыя звесткі пра хваробы вачэй ёсць у стараж.-егіп. пісьмовых помніках, у працах Гіпакрата, індыйскіх і кітайскіх медыкаў. Як самаст. навука афтальмалогія пачала фарміравацца ў 17 ст. з развіццём оптыкі. Яе развіццю спрыяла вынаходства ням. вучоным Г.​Гельмгольцам вочнага люстэрка (афтальмаскопа, 1851). Да сярэдзіны 19 ст. належаць і даследаванні ў галіне фізіял. оптыкі, стварэнне вучэнняў пра рэфракцыю і акамадацыю вока. У Расіі першая кафедра вочных хвароб заснавана ў 1818, вочныя лячэбніцы ў Пецярбургу і Маскве — у 1824—26. Уклад у афтальмалогію зрабілі рас. вучоныя А.​У.​Іваноў, А.​А.​Крукаў, А.​М.​Маклакоў, Л.​Г.​Белярмінаў, М.​І.​Авербах, В.​П.​Адзінцоў, У.​П.​Філатаў (першы ў свеце распрацаваў хірург. метад перасадкі рагавіцы). У наш час у практыку ўвайшлі лазерная хірургія, вочныя аперацыі пад мікраскопам (укаранёны М.​Л.​Красновым, А.​П.​Несцеравым і інш., распрацоўваюцца ў Міжгаліновым навук.-тэхн. комплексе «Мікрахірургія вока» пад кіраўніцтвам С.​М.​Фёдарава). Сярод работ замежных афтальмолагаў найбольш вядомы працы па пытаннях патагенезу, клініцы і лячэнні глаўкомы (С.​Дзьюк-Элдэр, Вялікабрытанія; Б.​Бекер, ЗША; Р.​Эцьен, Францыя), праблемах захворванняў сятчаткі вока (М.​Газ, ЗША), выкарыстанні крыяхірургіі ў афтальмалогіі (Т.​Крвавіч, Польшча).

На Беларусі даследаванні па афтальмалогіі пачаліся з 2-й пал. 19 ст. Сучасны этап развіцця афтальмалогіі звязаны з працамі Т.​В.​Бірыч і яе вучняў: Т.​А.​Бірыч, Г.​Р.​Васільева, Д.​В.​Кантар і інш. (распрацоўкі ў галіне крыяхірургіі вочных захворванняў, глаўкомы, апёкаў вачэй і інш.). Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел. НДІ экспертызы працы інвалідаў, на кафедрах вочных хвароб мед. ін-таў. Распрацоўваюцца пытанні лячэння і прафілактыкі траўмаў органа зроку, дыягностыкі і лячэння вочных хвароб (М.​С.​Завадская, М.​М.​Залатарова, А.​У.​Васілевіч, І.​І.​Катлярова, К.​І.​Клюцавая, І.​В.​Морхат, У.​Т.​Парамей, К.​І.​Чвялёва, Л.​К.​Яхніцкая). Асн. сучасныя кірункі даследаванняў: распрацоўка і ўкараненне мікрахірург. тэхнікі лячэння хвароб і траўмаў органа зроку, лазерная хірургія, дыягностыка і лячэнне вірусных захворванняў вачэй, пытанні прафілактыкі і лячэння блізарукасці, уздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку.

Літ.:

Бирич Т.В. Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984;

Золотарева М.М. Избранные разделы клинической офтальмологии. Мн., 1973;

Клюцевая Е.И. Хирургическое лечение прогрессирующей близорукости. Мн., 1984.

Л.​К.​Яхніцкая.

т. 2, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)